Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго выхоўваюць у сёньняшняй беларускай школе?


Чаму ў выніку пераходу школы на 11-гадовае навучаньне пацярпелі найперш гуманітарныя прадметы – мова, гісторыя, культура? Чаму аб’ёмы беларускамоўнага навучаньня ў краіне памяншаюцца штогод? Каго выхоўваюць у беларускай школе? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы Экспэртыза Свабоды старшыня праўленьня Грамадзкага аб’яднаньня “Адукацыйны цэнтар” Дзьмітры Карпіевіч і дырэктар Гуманітарнага ліцэю Уладзімер Колас.

Цыганкоў: “Сёньня, у Дзень ведаў, беларускія школьнікі пачынаюць вучыцца ва ўмовах новай (ці можна сказаць, старой) 11-гадовай школьнай сыстэмы. Многія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі разгубленыя і расчараваныя чарговай школьнай рэформай. У сувязі з тэрміновым пераходам агульнаадукацыйнай школы на 11-гадовае навучаньне ў праграмах скарачаецца выкладаньне беларускай літаратуры, скасаваны прадмет “Сусьветная мастацкая культура”, замест “Гісторыі Беларусі” і “Сусьветнай гісторыі” будзе выкладацца адзіны інтэграваны курс “Гісторыя”. Чаму пераход на новую сыстэму справакаваў скарачэньне менавіта гэтых дысцыплінаў?”

“Гуманітарная сфэра традыцыйна ў загоне”


Колас: “Відаць таму, што гэта рабілі людзі не з гуманітарнай адукацыяй – і людзі, якія адпаведна ставяцца да гуманітарнай адукацыі. Увогуле, гуманітарная сфэра ў нас знаходзіцца ў такім загоне, і гэта традыцыйна. Бо яшчэ ў савецкі час яна выконвала функцыю кампаставаньня мазгоў, выхаваньня ў канфармісцкім, таталітарным духу. Галоўнае было – дакладныя дысцыпліны, бо рыхтаваліся кадры найперш для ваенна-прамысловага комплексу”.

Карпіевіч: “Тое, што ня будзе курсу “Сусьветная мастацкая культура” – гэта значны момант таго, што адбываецца. Але прадметы – гэта другасна, найважнейшае – зьмест адукацыі. Ня тое, колькі гадзінаў ідзе, напрыклад, на гісторыю, я як яна выкладаецца і якія мэты ставяцца ўвогуле перад навучаньнем. Тое, што цяпер адбываецца, сьведчыць, што сыстэма адукацыі не адказвае на тыя праблемы, што ставяцца сёньня перад краінай і грамадзтвам”.

Цыганкоў: “Увесь час за пэрыяд кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў школе зьмяншалася колькасьць навучаньня на беларускай мове. Але апошнія гады быў прыняты афіцыйны лёзунг “За Беларусь”, часам адбываюцца даволі рэзкія канфлікты з Расеяй. Чаму ўлада не мяняе стаўленьня да беларускай мовы? Здавалася б, калі ўлады разьвіваюць “новабеларускі” патрыятызм, чаму б не пашырыць беларускую мову ў школах?”

“Бутафорскаму патрыятызму беларуская мова не патрэбна”

Колас: “Гэты патрыятызм выглядае бутафорскім, фальшывым, несапраўдным. Бо крывадушнасьць, якая зьяўляецца сутнасьцю савецкай школы, калі навука падмянялася ідэалёгіяй і прапагандай – яна і выхавала менавіта такую мэнтальнасьць і такі “патрыятызм”. Калі людзі пазбаўлены ведаў пра гісторыю, калі яны не шануюць тое, што складае аснову нацыянальнай тоеснасьці – мову, як яны могуць лічыцца патрыётамі?

Чакаць сапраўдных крокаў па рэфармаваньню школы, па павароту яе на шлях выкананьня праграмы беларусізацыі, якая была прынятая і мусіла выконвацца, як закон – цяжка гэтага чакаць”.

Цыганкоў: “Увесь час ідуць дыскусіі – ці павінна школа толькі вучыць нейкім прадметам ці яна мусіць яшчэ і выхоўваць? Калі выхоўваць, то як і каго?”

Карпіевіч: “Напрыклад, у Нямеччыне школа доўгі час была пазбаўленая функцыі выхаваньня. І толькі цягам апошніх гадоў былі праведзеныя дасьледаваньні, якія засьведчылі, што грамадзянская пазыцыя школьнікаў, маладых грамадзянаў Нямеччыны, вельмі дзіўная. Таму настаўнікі пачалі рэалізоўваць розныя праекты, якія былі накіраваныя на разьвіцьцё грамадзянскай сьвядомасьці, грамадзянскай кампэтэнцыі. Там гэта робіцца зусім іншымі сродкамі і падыходамі, чым у нас.

Безумоўна, за школай застанецца функцыя выхаваньня. Але мы павінны разумець, што мы выхоўваем. Калі мы гадуем грамадзяніна, то трэба разьвіваць мысьленьне, здольнасьць да камунікацыяў – тады мэтады і формы мусяць быць іншымі. А ў нас, на жаль, адбываецца ўсё наадварот. Тое, што цяпер ідзе ў школе, гэта цяжка назваць рэформай, якая заклікана вырашаць нейкія праблемы, якая мусіць весьці наперад”.

Цыганкоў: “Дык каго выхоўвае сёньняшняя школа?”

Карпіевіч: “Калі паглядзець праграмы курсаў гісторыі і грамадазнаўства, то там пастаўленыя тыя самыя мэты, якія былі пастаўленыя 15 гадоў раней – разьвіцьцё грамадзяніна, каб чалавек мог арыентавацца ў гістарычных падзеях, каб меў свой пункт гледжаньня і гэтак далей. Іншая справа, што мы бачым, што цяпер у гэта ўкладаецца зусім іншы зьмест. Але ў тых межах, якія былі да сёлетніх пераменаў, у настаўнікаў было нашмат больш магчымасьці выхоўваць грамадзяніна са сваім пунктам гледжаньня”

Колас: “Паколькі школа ў цэлым не выконвае сваёй асноўнай функцыі – як выхаваўчай, гэтак і нават адукацыйнай – то ня трэба гэты працэс замыкаць на школе. Сапраўднае выхаваньне і ў савецкі час вялося ў сям’і і там, дзе была моцная беларуская сям’я – там і дзеці вырасталі нармальнымі, сьвядомымі беларусамі. Трэба не забываць пра гэтую традыцыю і гэтым займацца. Таксама я зьвяртаюся да выкладчыкаў. Ёсьць урок, ёсьць кляса, але ёсьць і Настаўнік. І заўсёды ў беларускай школе былі сапраўдныя настаўнікі, дзякуючы якім беларусы не згубілі яшчэ сябе, свой твар і краіну”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG