Цыганкоў: “Гэта ўжо ня першая сустрэча Сяргея Сідорскага з прэм’ер-міністрамі краінаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз. Нагадаем, кіраўнік латвійскага ўраду Іварс Годманіс таемна сустрэўся з Сідорскім 11 ліпеня ў будынку латвійскага памежнага атраду. Пра тую сустрэчу стала вядома толькі 4 жніўня. Пра што гэта гаворыць? Яшчэ нядаўна ўявіць такія спатканьні было немагчыма...”
Лялькоў: “У першую чаргу гэта сьведчыць пра тое, што Захад дэманструе беларускаму рэжыму, што цяпер у яго ёсьць так званае “вакно магчымасьцяў”. То бок ёсьць шанцы на кардынальнае паляпшэньне стасункаў з заходнімі партнэрамі. Яно адчынілася ад моманту вызваленьня палітзьняволеных, але ягонае сканчэньне можа наступіць пасьля прызнаньня Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
Пакуль гэтага прызнаньня няма, Захад дэманструе ўсімі даступнымі магчымасьцямі, што Беларусь можа палепшыць стасункі з Эўропай. І тут нашы суседзі, Літва і Латвія, выступаюць ганцамі, прадстаўнікамі, якія дэманструюць беларускаму рэжыму гэтую магчымасьць.”
Цыганкоў: “То бок уся гэтая “адліга” можа скончыцца пасьля прызнаньня Менскам гэтых двух рэспублік? Чаму Захад так радыкальна да гэтага можа паставіцца? Бо ж гандлёвыя і транзытныя інтарэсы тых жа суседніх краінаў застануцца.”
Лялькоў: “Інтарэсы Літвы, Латвіі, Польшчы застануцца, вядома. Але яны былі і на працягу апошніх 10 гадоў, калі адносіны Беларусі і Эўразьвязу былі ў замарожаным стане. Але ня думаю, што нашы суседзі надта самастойныя ў прыняцьці такіх рашэньняў. У справе Беларусі будзе агульнае рашэньне ўсяго Эўразьвязу, і залежаць яно будзе ад пазыцыі беларускага кіраўніцтва. Магчыма, пытаньне прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ня ёсьць кардынальнай праблемай у адносінах Менску і Захаду, але яно будзе сымбалем таго, наколькі Беларусь гатовая ісьці далёка ў жаданьні палепшыць стасункі з Захадам”.
Цыганкоў: “Тады ваш прагноз: ці прызнае Беларусь гэтыя рэспублікі?”
Лялькоў: “Яна прызнае іх дэ-факта. Але прызнаньня дэ-юрэ з усталяваньнем дыпляматычных адносінаў, з поўным комплексам такіх захадаў з боку Беларусі ня будзе. І, думаю, гэта будзе з разуменьнем прынятае Расеяй.”