Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і за што караюць міліцыянтаў


Амаль штодня ў пракуратуры трапляюць скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Людзі скардзяцца на тое, што іх абражалі ці зьбівалі пры затрыманьні або ўжо ў аддзеле міліцыі. Некаторыя справы, пасьля таго як пра іх напісалі журналісты, выклікалі рэзананс у грамадзтве.


Напрыклад, справа Крамсаева, калі за катаваньні пакаралі некалькі міліцыянтаў, забойства начальніка зьмены гадзіньнікавага заводу супрацоўнікамі мэдвыцьвярэзьніка ды іншыя.

Апошні вядомы выпадак адбыўся зь сябрам ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай Янай Паляковай у Салігорску. Жанчына сабрала больш за дзьве тысячы подпісаў. Яна апавяла “Свабодзе”, што напрыканцы жніўня ёй пачалі тэлефанаваць і прасіць прыйсьці на размову ў КДБ, каб яна патлумачыла, чаму зьбірае подпісы за чалавека, які мае менскую прапіску.

Яна Палякова кажа, што 30 жніўня ў цэнтры Салігорску каля яе спынілася машына. Яе паклікаў участковы міліцыянт. Жанчына ўбачыла яшчэ двух мужчын у цывільным, якія настойліва прапанавалі ёй паехаць зь імі ў міліцыю. Там у кабінэце ёй загадалі падпісаць паперы, пакладзеныя перад ёй на стале.

“Я сказала, што, не чытаючы, нічога не падпісваю. Працягнула руку да папераў — і зь ягонага боку адчула моцны ўдар па руцэ. Гэта настолькі ўсё было раптоўна і нечакана... Боль была моцная і рэзкая... Не, не рукой ударыў. У яго было нешта ў руцэ заціснута, ён нешта трымаў...

Я падскочыла з гэтага крэсла і кінулася да дзьвярэй. Пасьля гэтага мне нанесьлі ўдары па нагах. Калі ўжо я выскачыла ў калідор, то схапілася за мабільнік і пачала выклікаць “хуткую”.

Мэдыкі адзначылі выцятыя месцы на руцэ і абедзвюх нагах.

Удзельнікі вулічных акцый неаднойчы зазнавалі катаваньні ад міліцыянтаў. Максіма Вінярскага першы раз затрымалі ў 1999 годзе пасьля разгону “Маршу Свабоды”.

“Амаль да 4 раніцы вазілі па горадзе. Падымалі па адным на ногі і шукалі, да чаго прычапіцца. Аднаго білі за доўгія валасы, іншых — за тое, што цёмны ці, наадварот, сьветлы... Пыталіся пра нацыянальнасьць. Калі чалавек падаў на падлогу, яны пачыналі зьбіваць наступнага. Так было амаль усю ноч.

Тым, хто ляжаў у праходзе, было яшчэ горш, бо на іх папросту станавіліся нагамі і казалі: “Ня дыхай! Ня дыхай!”... Частка амапаўцаў былі нецьвярозыя. Гэта было бачна”.

Паліну Кур’яновіч затрымалі 4 ліпеня, калі яна ішла па вуліцы зь сябрамі. Дзяўчына апавяла, што неаднойчы чула ў свой адрас з боку міліцыянтаў абразьлівыя выразы. Але таго, што ўбачыла ў дзяжурнай частцы, яна ня можа забыць дагэтуль.

“Прывялі да нас дзяўчыну, якая была на другім месяцы цяжарнасьці. Міліцыянт ударыў яе нагой у жывот, і ў яе пачаўся крывацёк. Ёй выклікалі “хуткую дапамогу”, але тая прыехала толькі хвілін праз 20. “Хуткая” тэрмінова забрала яе ў шпіталь.

Мы ўсе былі ў шоку, бо не было ніякай неабходнасьці біць дзяўчыну. Яна толькі пыталася, за што яе затрымалі, і пыталася, ці можна ёй каму-небудзь патэлефанаваць”.

Амаль усе зьбітыя падчас затрыманьня ў студзені за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў падалі адпаведныя заявы ў пракуратуру. Усе яны атрымалі адказ, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі былі правамерныя.

Салігорскі міліцыянт Віктар Пугачоў, якога Яна Палякова абвінавачвае ў катаваньні, упэўнены, што да адказнасьці прыцягнуць не яго, а саму Яну.

“На мяне калі й пісалі скаргі, то яны былі абгрунтаваныя, але й яны таксама не пацьвердзіліся. Заява ад мяне ў суд на гэтую грамадзянку адназначна пойдзе. У суд пойдзе за маральную шкоду. Вялікую. Колькі я выстаўлю, столькі й будзе. Таму што ёсьць падставы, калі вы хочаце ведаць”.

Беларускае МУС не вядзе статыстыкі, колькі супрацоўнікаў міліцыі пакаралі за злоўжываньне службовым становішчам. Няма таксама афіцыйных зьвестак, колькі скаргаў грамадзянаў на супрацоўнікаў міліцыі пацягнулі за сабой крымінальныя справы. Але толькі цягам апошніх шасьці месяцаў па некалькіх дзясятках заяваў апазыцыянэраў аб тым, што іх зьбілі міліцыянты, супрацоўнікі пракуратуры адмовіліся распачаць крымінальныя справы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG