Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рана рабіць заявы, што ў нас няма палітзьняволеных”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 22 жніўня, пятніца


Вызваленьне Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма прывіталі краіны Эўразьвязу, ЗША, беларуская дэмакратычная супольнасьць. Гэтая тэма ў выказваньнях слухачоў:

Спадар Міхась, в. Карпілаўка: “Лукашэнка знайшоў мужнасьць і выпусьціў палітзьняволеных. А цяпер няхай знойдзе мужнасьць і паведаміць, дзе знаходзяцца і пахаваныя Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі і іншыя. І толькі так можна зь ім весьці дыялёг”.

Спадар Ільля Копыл, Менск: “Я так думаю, што спадар Ляўковіч добра ведаў, што вязень нумар адзін, экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, старшыня БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін хутка выйдзе на волю. Таму на зьезьдзе партыі нечакана для большасьці дэлегатаў узьнікла пытаньне аб перавыбарах кіраўніцтва партыі. Калі ў Ляўковіча ёсьць пачуцьцё прыстойнасьці, ён павінен добраахвотна пакінуць пасаду старшыні партыі”.

Спадар Антон Сахаруша: “Шаноўная “Свабода”, я думаю, яшчэ рана рабіць заявы, што ў нас няма палітзьняволеных. Не забывайце, што ў нас за кратамі Антон Кішкурна. Чамусьці пра яго мы ўвесь час маўчым. За што сядзіць гэты хлопец? Адкажыце, калі ласка, на маё пытаньне”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Насамрэч, Антон Кішкурна зьняволены на вялікі тэрмін паводле крымінальнага артыкулу. Мы лічым, што з-за палітычнай актыўнасьці ягонага бацькі, які шмат гадоў зьяўляецца актывістам партыі БНФ. У яго дома знаходзілася памнажальная тэхніка, і падчас аднаго з налётаў на кватэру Кішкурнаў, калі дома быў Антон, супрацоўнікі міліцыі нібыта знайшлі наркотыкі. Хоць невядома, ці былі там нейкія наркотыкі. І насамрэч нам шкада, калі сёньня заяўляюць: “палітычных зьняволеных у Беларусі няма”.

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Калі слухаеш Радыё Свабода, чытаеш газэты “Народная Воля” і “Товарищ”, то даведваесься, як яны фальсыфікуюць выбары, падменьваюць урны з патрэбнымі бюлетэнямі. Гэта проста жах! Але што рабіць далей? Як мы будзем далей жыць? Якія захады будуць рабіцца?”

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня, адзін з кандыдатаў на ўдзел у выбарах Яраслаў Берніковіч:

“Калі народ перастане чакаць, што нехта нешта за яго вырашыць і зробіць, калі ён гэта зразумее, тады будуць зьмены. А пакуль людзі гэтага не зразумеюць, ніякіх зьменаў ня будзе: будуць фальсыфікаваць, будуць падманваць, будуць дурыць”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Рэжым зноўку прадэманстраваў адсутнасьць гарантыі права на маёмасьць і правоў чалавека. Як і ў выпадку з дамамі па вуліцы Карла Маркса, жыхары двух дамоў па Кастрычніцкай, 6 і Кастрычніцкай, 8 папярэджаныя пра тое, што яны, верагодна, падлягаюць прымусоваму высяленьню ў сувязі з будаўніцтвам аб’ектаў грамадзкага значэньня”.

Спадар: “У Расеі палітыка, як тхор, на два бакі. Як прызнаць Косава незалежным, дык крычыць: не, нельга парушаць цэльнасьць асноўнай краіны! А як прызнаць незалежнымі Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю, то крычыць: згодна. Не дзяржава, а нейкі хамэлеон”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG