Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вызваленьне палітвязьняў паўплывае на палітычныя працэсы?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 21-га жніўня.

У сераду былі вызваленыя датэрмінова апошнія палітвязьні Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. У чым прычына такой зьявы? Якую ролю адыгралі вонкавыя чыньнікі? Якія ўнутрыпалітычныя наступствы будуць мець гэтыя крокі?

Удзельнікі: віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі і былы палітвязень, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец.

Чаму іх вызвалілі?

Валер Карбалевіч: “У Беларусі наступіла дзіўная, рэдкая, нязвыклая палітычная сытуацыя: у краіне няма палітвязьняў. Усьлед за Аляксандрам Казуліным учора былі вызваленыя Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Больш ня трэба выходзіць з партрэтамі, патрабаваць іх вызваленьня. У чым прычына такой зьявы? Беларускія ўлады раптам сталі гуманнымі, пачалі паважаць правы чалавека? Ці справа ў нейкіх вонкавых, міжнародных чыньніках?”

Алесь Бяляцкі
: “Сапраўды, сытуацыя ўнікальная. Бадай што з 2001 году не было ніводнага дня, каб нехта не сядзеў у зьняволеньні за свае палітычныя перакананьні і дзеяньні.

Як доўга працягнецца такая сытуацыя, залежыць ад міжнароднай супольнасьці, ад таго, ці ўдасца наладзіць дачыненьні з Захадам. Бо для беларускіх уладаў правы чалавека не зьяўляюцца каштоўнасьцю. Палітзьняволеныя зьяўляюцца разьменнай манэтай, сродкам для дасягненьня пэўных мэтаў, найперш — эканамічных. А галоўнае — гэта ўтрыманьне ўлады”.

Павал Севярынец
: “Вызваленьне палітвязьняў — эфэкт зьнешняга ціску, патрабаваньняў Захаду. Таксама вызваленьне Казуліна, Кіма, Парсюкевіча — гэта крок у гульні Ўсход — Захад. Лукашэнка шантажуе Захад, што пойдзе на збліжэньне з Расеяй. І адпаведна шантажуе Расею, што будзе шукаць падтрымкі на Захадзе. І ў гэтай гульні наступае пэўнае вакно магчымасьцяў.

Прырода рэжыму не мяняецца. Гэта спроба абдурыць, па магчымасьці, і Захад, і Ўсход, узяць інвэстыцыі ці танныя энэргарэсурсы, не аддаючы ўзамен нічога.

Вызваленьне Казуліна адбылося адразу пасьля безвыніковых перамоваў Сідорскага і Пуціна. Затым Лукашэнка сустракаецца зь Мядзьведзевым у Сочы, яны не дамаўляюцца па цэнах на энэрганосьбіты — і беларускія ўлады выпускаюць Кіма і Парсюкевіча.

Напярэдадні выбараў у Менск павінны прыехаць заходнія палітыкі. Зноў ідзе гульня, разьменнай манэтай у якой выступаюць людзі”.

Расейскі чыньнік

Карбалевіч: “Сапраўды, палітвязьні сталі закладнікамі ў перамовах Беларусі з Захадам. Зімой рэалізаваць такі абмен — вызваленьне палітзьняволеных на паляпшэньне дачыненьняў з Захадам — не ўдалося. А цяпер вось атрымалася. Але вось сп. Севярынец лічыць, што, магчыма, вызваленьне палітвязьняў — гэта гульня ня толькі з Захадам, але і з Расеяй”.

Бяляцкі: “Лічу, што ўплыў расейскага чыньніку на гэтыя падзеі мінімальны. Праблема ў тым, што працэдура прыняцьця такіх рашэньняў тайная. Мы можам толькі здагадвацца. Але думаю, што галоўнай была пазыцыя заходніх краін. Бо менавіта яны вылучалі цьвёрдае патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў як неабходнай умовы паляпшэньня эканамічных дачыненьняў.

Але праблема ў тым, што іншае патрабаваньне Захаду — правядзеньне дэмакратычных выбараў, — падаецца, будзе непераадольным бар’ерам для беларускіх уладаў. Баюся, што назіральнікі АБСЭ прызнаюць гэтыя выбары неадпаведнымі дэмакратычным стандартам. У выніку гэтага рэпрэсіі могуць зноў узмацніцца, і магчымае зноў зьяўленьне палітвязьняў”.

Вызваленьне палітвязьняў і ўнутрыпалітычныя працэсы

Карбалевіч: “Як вызваленьне палітвязьняў паўплывае на ўнутрыпалітычныя працэсы? Магчыма, гэта дадасьць сьмеласьці апазыцыйным палітыкам? Можа, і дзяржаўныя органы ўбачаць для сябе нейкі сыгнал? Магчыма, яны прачытаюць яго ў тым сэнсе, што Лукашэнка не такі моцны, таму да рэпрэсіяў супраць апанэнтаў трэба ставіцца больш асьцярожна, бо сытуацыя можа зьмяніцца?”

Севярынец: “Пэўны сыгнал тут ёсьць для ўсіх. Але асноўным адрасатам выступае Расея. Бо ключавое пытаньне для Лукашэнкі — гэта кошты энэрганосьбітаў.

Сапраўды, намэнклятура ў гэтым сэнсе мае шанцы зрабіцца больш чуйнай. Бо цэнтар цяжару прыняцьця рашэньня аб рэпрэсіях апусьціўся даволі нізка. І разьвярнуць усю рэпрэсіўную машыну будзе складана. Пакуль ніякіх знакаў руху ў гэтым кірунку няма”.

Бяляцкі: “Гэта добры сыгнал ва ўсіх адносінах. Адсутнасьць палітвязьняў паспрыяе паляпшэньню псыхалягічнай сытуацыі ў дэмакратычным асяродку. Пачуцьцё асьцярогі і страху, асабліва падчас вулічных акцыяў, будзе прыгасаць. Атмасфэра працы дэмакратычных актывістаў стане больш вольнай”.

Ці могуць зьявіцца новыя палітвязьні?

Карбалевіч: “Наколькі трывалыя гэтыя зьмены? Ці могуць зьявіцца новыя палітвязьні? Пры якіх умовах?”

Севярынец: “Крытычны момант — гэта прызнаньне альбо непрызнаньне Захадам выбараў. Цяпер выглядае на тое, што выбары будуць прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пра гэта сьведчаць мінімальнае ўключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, ціск на выбаршчыкаў з мэтай адмовіцца ад подпісаў, каб скасаваць рэгістрацыю кандыдатаў. Гэта азначае, што рыхтуецца звыклы сцэнар, які мы бачылі падчас мінулых выбарчых кампаній.

Таму, магчыма, ужо ў кастрычніку вакно магчымасьцяў зачыніцца. Каб такога не было, трэба мяняць прыроду рэжыму і змагацца са страхам у грамадзтве”.

Карбалевіч: “Але ці так лёгка зачыніць гэтае вакно магчымасьцяў? Вось у Беларусь прыляцеў намесьнік памочніка сакратара дзярждэпартамэнту ЗША Д.Мэркель. Мусіць, будуць дамаўляцца пра зьмякчэньне эканамічных санкцый. І ў выпадку ўзмацненьня рэпрэсіяў пагроза аднаўленьня санкцый будзе вісець над галавой”.

Бяляцкі: “Хацелася б верыць. Гэта будзе складаны выбар для беларускіх уладаў. Невядома, што пераважыць: страх страціць уладу ці эканамічны разьлік. Беларускія праваабаронцы будуць прыкладаць усе намаганьні, каб гэтая адліга цягнулася як мага даўжэй”.

Карбалевіч: “Падаецца, ацэнка выбараў назіральнікамі АБСЭ ня будзе такой чорна-белай: адпавядаюць выбары дэмакратычным стандартам ці не. Магчыма, ацэнка будзе больш гнуткая, размытая. Яны адзначаць, што, з аднаго боку, назіраецца пэўны прагрэс, а зь іншага боку, было шмат парушэньняў. Таму і рэакцыя беларускіх уладаў таксама будзе не такая адназначная”.

Севярынец: “Магчыма, і будзе часовая лібэралізацыя. Але мяжой гэтаму працэсу будзе рашэньне Масквы пра цану на энэрганосьбіты. Калі кошты будуць танныя, то пытаньне аб паляпшэньні стасункаў з Эўропай будзе адкладзена на некалькі месяцаў. І адпаведна ўнутры краіны наступяць замаразкі. На жаль, мой прагноз пэсымістычны”.

Карбалевіч: “Такім чынам, вызваленьне палітвязьняў стала сымптомам пэўных зьменаў ці імкненьняў да зьменаў у дачыненьнях беларускага кіраўніцтва зь іншымі краінамі. Але пакуль, як адзначылі мае суразмоўцы, гэта не азначае, што зьмянілася палітычная атмасфэра ўнутры краіны. Таму ў любы момант, калі беларускія ўлады не патрапяць дасягнуць сваіх мэтаў у замежнай палітыцы, могуць зьявіцца новыя палітзьняволеныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG