Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня хоча пакідаць Грузіі


Расейскія войскі не сьпяшаюцца пакідаць Грузіі, хоць Масква паабяцала гэта на мінулым тыдні ў пагадненьні аб спыненьні агню.


Сёньня ўжо вядома, што расейскія рэгулярныя часткі не пакінуць ня толькі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, але застануцца на нэакрэсьлены час і ў гэтак званых „буфэрных зонах” вакол гэтых сэпаратысцкіх рэгіёнаў.

Генэрал-палкоўнік Анатолій Нагавіцын, намесьнік начальніка Генэральнага штабу Расеі, сказаў сёньня журналістам у Маскве, што існаваньне „буфэрных зонаў” было абумоўленае расейска-грузінскім пагадненьнем аб перамір’і, якое абодва бакі заключылі пры дапамозе Францыі:

“Гэтая буфэрная зона — яна прадбачаная дамовай [наконт] прасоўваньня міратворчых войскаў Расеі ў выпадку канфліктных сытуацый”.

Падобна да таго, што ў расейскай буфэрнай зоне могуць апынуцца некаторыя грузінскія гарады па-за адміністрацыйнымі межамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Масква хоча абаснаваць у буфэрнай зоне дзьве лініі вайсковых “пастоў”. Наконт таго, як доўга гэтыя пасты будуць заставацца на грузінскай тэрыторыі, Нагавіцын адказаў:

„Час пакажа. [Гэта залежыць ад таго,] як пойдзе палітычны працэс”.

А палітычнаму працэсу, здаецца, не да сьпеху. Учора разгарэлася гарачая дыскусія ў Радзе бясьпекі ААН у Нью-Ёрку, дзе Масква заблякавала прыняцьцё рэзалюцыі, якая заклікала Расею вывесьці свае войскі з Грузіі на пазыцыі, якія яны займалі перад выбухам канфлікту 7 жніўня.

У прыватнасьці, Масква мела засьцярогі і да фармулёўкі ў праекце рэзалюцыі аб непарушнасьці тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Паводле Масквы, такая фармулёўка выходзіць па-за ўзгоднены плян перамір’я.

Таксама ўчора прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў прэзыдэнту Францыі Нікаля Сарказі, што да 22 жніўня Расея мяркуе вывесьці каля 500 сваіх жаўнераў з Грузіі.

А сёньня прэсавы прадстаўнік прэм’ер-міністра Абхазіі Мадзіна Бганба сказала Радыё Свабода, што заўтра ў Сухумі адбудзецца “сход народу Абхазіі” ў справе незалежнасьці гэтага рэгіёну:

„Заўтра плянуецца сход народу Абхазіі па пытаньні прызнаньня незалежнасьці. Ён адбудзецца на Пляцы Свабоды. Сход — гэта прынятая форма волевыяўленьня народу. У нас у Абхазіі так прынята. У сувязі з апошнімі падзеямі, як вы ведаеце, у Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, народ Абхазіі яшчэ раз паспрабуе выказаць сваю думку”.

Паколькі Абхазія выказвалася за незалежнасьць ужо і раней, можна не сумнявацца, што заўтрашні сход таксама папросіць Маскву аб прызнаньні абхаскай незалежнасьці.

Рада Фэдэрацыі, верхняя палата расейскага парлямэнту, прызначыла на 25 жніўня надзвычайнае паседжаньне, на якім будуць разглядацца пытаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Аднак аналітык нашага Радыё Ліз Фулер мяркуе, што Масква ня будзе сьпяшацца і прызнае незалежнасьць гэтых двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў крыху пазьней, калі вакол расейска-грузінскага канфлікту перастануць палаць такія жарсьці на міжнароднай арэне.

Тым часам намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Мэт’ю Брыза, які днямі вярнуўся з Тбілісі, сказаў учора журналістам у Вашынгтоне, што Расея мусіць заплаціць сваю “цану” за вайсковую інтэрвэнцыю ў Грузіі. Але Брыза не ўдакладніў, што маецца на ўвазе. Адказваючы на дапушчэньне, што ЗША і Захад плянуюць выключыць Расею з гэтак званай “вялікай васьмёркі” і не дапусьціць членства Расеі ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, Брыза даў зразумець, што адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша гэтага ня хоча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG