Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па што беларусы едуць за мяжу?


Беларуская прысутнасьць за межамі краіны апошнім часам павялічваецца коштам ня толькі працоўных мігрантаў, але і палітычных уцекачоў, студэнтаў, якія з розных прычынаў вымушаныя працягваць навучаньне ў замежных ВНУ альбо ня хочуць вяртацца на радзіму пасьля вакацыяў.

Як лічаць адмыслоўцы, відавочная тэндэнцыя на “вымываньне” маладой эліты, якая ня хоча жыць ў беларускіх умовах.

Днямі аглядальніца тыднёвіка “Белорусы и рынок” Вольга Бірукова папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікай Брытаніі. Цяпер журналістка знаходзіцца ў Лёндане і чакае вэрдыкту міграцыйных службаў, адказных за працэдуру легалізацыі мігрантаў. Перад ад'ездам Вольга паведаміла сябрам, што на такі радыкальны крок яе штурхнула палітычная сытуацыя ў Беларусі. Паводле яе словаў, у Менску ўзьнікла небясьпека для яе жыцьця. Прычынай — прафэсійная дзейнасьць.

Пакуль Вольга адмаўляецца ад падрабязных камэнтароў наконт сваёй будучыні, бо штосьці прагназаваць у цяперашняй сытуацыі заўчасна:

“Магчымасьць адаптавацца тут выдатная, але пра гэта трэба думаць крыху пазьней. Але я ўжо сказала ўсё, што магла сказаць, і, на жаль, на гэты момант папросту няма чаго дадаць”.

Карэспандэнт: “І пра прычыны, якія прымусілі вас зьехаць, падрабязьней нічога не раскажаце?”

“Я сказала ўсё, што магла сказаць, і пакуль што нічога ня маю да гэтага дадаць. Прабачце”.

Пасьля падзеяў вясны 2006 году, калі ў выніку палітычнага перасьледу сотні людзей пазбавіліся магчымасьці вучыцца і працаваць у Беларусі, пры падтрымцы польскага ўраду пачала дзейнічаць адукацыйная праграма імя Кастуся Каліноўскага. У ВНУ Польшчы па гэтай праграме навучаюцца каля 300 беларускіх студэнтаў. Сёлета плянуецца трэці набор. Ён значна меншы за папярэднія, але гэта па-ранейшаму адлічаныя студэнты, асьпіранты і магістранты. Якая верагоднасьць таго, што гэтыя людзі вернуцца на Радзіму?

У Беларусі праграмай імя Каліноўскага апякуецца Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Старшыня камітэту Іна Кулей лічыць, што кожны чалавек арыентаваны па-свойму:

“Той, хто зьехаў вымушана, марыць вярнуцца. А хто плянаваў гэта адразу, то ён шукае розныя і прычыны, і магчымасьці — і замуж выйсьці, і проста застацца, паехаўшы як студэнт... Я лічу, што самай сур’ёзнай падставай ёсьць адсутнасьць будучыні ў маладых людзей у Беларусі, немагчымасьць паказаць сябе крэатыўна, творча. Таму малады чалавек ня можа адчуваць пэрспэктыву, ня ведае, што зь ім будзе заўтра, і шукае выйсьця ў іншай краіне”.

Карэспандэнт: “Людзі, якія навучаюцца па праграме Каліноўскага, ад пачатку арыентаваныя на вяртаньне? Як вы лічыце?”

“Большасьць — абсалютна. Канечне, кагосьці лёс зьвядзе з краінай-суседкай альбо зь іншай краінай. Але мы ўвесь час падтрымліваем зь імі кантакт і бачым, што яны вяртаюцца і на акцыі пратэстаў, і каб падтрымаць каля судоў сваіх паплечнікаў. І ўвогуле мараць пра тое, што зробяць для Беларусі, і працы пішуць, маючы на ўвазе будучую Беларусь”.

Як лічыць колішні кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч, у Беларусі некаторыя студэнты лічаць, што паступаць у ВНУ варта толькі дзеля таго, каб па адукацыйнай праграме зьехаць за мяжу з квітком у адзін канец. Іншымі словамі, сама па сабе адукацыя ня мае для многіх ніякага значэньня, бо ў навуцы сябе бачаць толькі лічаныя адзінкі:

“Аб'ектыўна кажучы, ня думаю, што выпадкаў ад'езду стала больш, чым было раней. І, пэўна ня варта аддаваць увагу нейкаму аднаму асобнаму выпадку. Найбольшае «вымываньне» прыпадае на пачатак 1990-х, цяпер яно не такое вялікае, але моладзь у навуку ідзе вельмі і вельмі туга. У мінулы навучальны год на першым курсе фізфаку БДУ сэсію здалі толькі 30% студэнтаў. Разумееце, якія паказьнікі? Бо цяпер калі ідуць на фізыку, то ідуць дрэнна падрыхтаваныя. Там нізкі праходны бал, конкурсу наогул не бывае. А далей нават і гэтыя слабыя кадры ня хочуць ісьці ў навуку. Такога раней не было. Вось у гэтым асноўная бяда — тут, унутры. А ня ў тым, што нехта паехаў за мяжу і не вярнуўся. Галоўнае, што трэба стварыць умовы ўнутры краіны, тады і ўцякаць зь яе людзі не захочуць”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што адмысловай статыстыкі беларусаў, якія застаюцца за мяжой, не існуе. Аднак тэндэнцыі прасочваюцца відавочныя: беларуская эміграцыя — перадусім палітычная і эканамічная:

“Даволі значную частку складае эканамічная эміграцыя. Але вельмі часта людзі, якія зьяжджаюць з эканамічных прычынаў, матывуюць сваё жаданьне застацца на Захадзе менавіта палітычнымі ўмовамі, хоць такіх матываў насамрэч няма. Дэпартамэнты міграцыі шэрагу краінаў часам робяць запыты, у тым ліку да нас, каб мы падалі інфармацыю адносна перасьледу гэтых асобаў. Мяркуючы па гэтых зваротах, можна казаць, што сапраўды ёсьць грамадзяне Беларусі, якія шукаюць прытулку на Захадзе, прыкрываючыся палітычнымі матывамі, хоць яны аніякім грамадзкім і палітычным жыцьцём тут не займаліся і ніякага перасьледу з боку ўлады адносна іх не было”.

Як кажа Валянцін Стэфановіч, ёсьць прэцэдэнты, калі жыхары Расеі і Ўкраіны “прыкідваюцца” беларусамі, каб заявіць, што пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі, спадзеючыся атрымаць прытулак “па-за чаргой”.

Колькі беларусаў зьбіраюцца зьяжджаць ці ўжо зьехалі за мяжу? Лічбавыя паказьнікі наконт гэтага розьняцца ў дзясяткі разоў. Паводле Нацыянальнай праграмы разьвіцьця Беларусі да 2010 году, ад пачатку тысячагодзьдзя з краіны штогод паводле афіцыйных дамоваў зьяжджала 1,5% працаздольнага насельніцтва — 80 тысяч легальных мігрантаў кожны год. Аднак толькі расейскія аналітыкі ацэньваюць беларускую долю на сваім рынку ня менш як у 300 тысяч чалавек. Самая вялікая лічба, агучаная на афіцыйным узроўні, паходзіла ад міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі. На пасяджэньні Савету міністраў ён заявіў: мігрантамі зьяўляюцца 600 тысяч беларусаў.

Цяпер беларуская дыяспара за мяжой, паводле розных ацэнак, налічвае ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек. Ці будзе яна расьці і надалей — шмат у чым залежыць ад палітыкі беларускай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG