Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты шукаюць прытулку ў Эстоніі і Літве


Усё больш беларусаў падаюць просьбы аб палітычным прытулку ў суседніх зь Беларусьсю краінах ЭЗ.

Колькасьць просьбаў аб палітычным прытулку ад беларусаў у некаторых заходніх краінах зьмяншаецца, у тым часе як у суседніх зь Беларусьсю краінах Эўразьвязу – павялічваецца. Усё больш моладзевых актывістаў, якія там вучацца, з прычынаў перасьледу за сваю грамадзкую дзейнасьць ня могуць вярнуцца на радзіму. Пытаньні аб палітычным прытулку беларускай моладзі ў Літве і Эстоніі вырашаюцца цягам некалькіх месяцаў.

Паводле дадзеных Вярхоўнага камісарыяту па справах палітычных уцекачоў ААН на 2006-2007 гады, колькасьць просьбаў ад беларусаў аб палітычным прытулку ў краінах Эўразьвязу ў мінулым годзе зьменшылася на дзьве траціны ў параўнаньні з папярэднім.

Яшчэ некалькі гадоў таму беларусы падавалі дзясяткі, а то і сотні просьбаў аб прытулку ў такія краіны, Нямеччына, Бэльгія, Швайцарыя, - але цяпер там Беларусь ужо не уваходзіць у лік першай дзесяткі краінаў, зь якіх прыяжджае найбольш палітуцекачоў.

Іншая сытуацыя ў краінах – новых сябрах Эўразьвязу, бліжэйшых да Беларусі.

Прытулак дае Літва і Эстонія

У балтыйскіх краінах, найперш у Літве і Эстоніі, цягам апошніх двух гадоў вырасла колькасьць просьбаў аб палітычным прытулку ад моладзевых актывістаў зь Беларусі.

Паводле дадзеных Вярхоўнага камісарыята ААН па справах уцекачоў, цягам апошніх двух гадоў – 2006 і 2007, у Эстоніі і Літве Беларусь увайшла ў дзесятку краінаў, зь якой найбольш было пададзена прозьбаў аб палітычным прытулку. У Эстоніі такіх прозьбаў ад беларусаў было пададзена 5, у Літве – 14.

У Літве міграцыйны дэпартамэнт адхіліў 4 заявы аб прытулку ад беларусаў – найчасьцейшая прычына адмовы – калі Літва была не першай замежнай краінай, у якую прыехаў заяўнік. Цягам некалькіх месяцаў станоўча былі вырашаныя справы некалькіх студэнтаў ЭГУ, у тым ліку каардынатаркі Бунту Тацяны Ялавой, грамадзкага актывіста з Новаполацку Ігара Сухарукава, а таксама маладафронтаўца са Жлобіну Кірылы Атаманчка. Яны ўжо маюць досьвед затрыманьняў, штрафаў, усім ім на радзіме пагражае турма.

“На радзіме пагражае да двух гадоў турмы”


Кірыл Атаманчык ня быў на радзіме больш за 10 месяцаў, зь мінулага верасьня:

“На жаль, у Беларусі заведзеная на мяне крымінальная справа ў Беларусі па артыкуле 193, частка 1, – “дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, па якому мне пагражае да двух гадоў турмы”.

Кірыл Атаманчык вучыцца па бакалаўрскай праграме беларусыстыкі ў ЭГУ ў Вільні і тут актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Ён – адзін з ініцыятараў і лідэр студэнцкай беларускай арганізацыі Студальянс, колькасьць грамадзкіх акцыяў якой цягам некалькіх першых месяцаў існаваньня ідзе ужо, бадай, на дзясяткі.

“Пэўна, арганізацыя – яшчэ занадта гучна сказана, мы – студэнцкая ініцыятыва для грамадзка-палітычнай дзейнасьці на Віленшчыне, у Літве, і я тут афіцыйны прадстаўнік “Маладога фронту”. У Літве будзе неўзабаве зарэгістраваная літоўская філія Маладога фронту”.

“Мяне папярэдзілі, што мне пагражае зьняволеньне”

Грамадзкі актывіст з Новаполацку, дэлегат Кангрэсу дэмсілаў 2007 году Ігар Сухарукаў атрымаў палітычны прытулак праз 4 месяцы пасьля сваёй заявы, якую ён падаў калі прыехаў на сэсію сёлета ў лютым. У Беларусі Ігару пагражаў крымінальны перасьлед.

“Тут шмат чыньнікаў, адзін з асноўных – што я меўся ісьці кандыдатам на цяперашніх парлямэнцкіх выбарах. Вядомы сакрэтны указ Навумава з мэтай не дапусьціць нібыта палітычнай дэстабілізацыі ў краіне, калі вырашыліі найбольш актыўных 50 прадрыймальнікаў, актывістаў пасадзіць, ну і мяне папярэдзіў адзін чалавек, што мне пагражае крымінальны перасьлед, зьняволеньне, – назваць я гэтага чалавека, вядома, не магу, але гэта надзейная крыніца”.

“Хачу вярнуцца дахаты, у Менск”

У Эстоніі Андрэй Абозаў першым зь беларусаў атрымаў палітычны прытулак. Андрэй – адзін з тых, супраць каго пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце сатырычных флэш-мультфільмаў палітычнага і сацыяльнага зьместу яшчэ ў жніўні 2005-га была распачатая крымінальная справа, якая і дасюль не закрытая. Андрэй цяпер жыве ў Таліне зь сям'ёй, ён актывіст грамадзкай арганізацыі “Трэці шлях”.

Фінансавай дапамогі статус палітычнага уцякача ў Эстоніі не дае. Пытаюся ў Андрэя, ці ўвогуле ёсьць нейкі прагматычны сэнс у яго атрыманьні?

“Галоўнае, што ён дае – гэта міжнародная абарона. Я цяпер пад абаронай канвэнцыі ААН, і мне не пагражае экстрадыцыя ў Беларусь”.

Як і ўсе палітычныя уцекачы, Андрэй Абозаў ня можа езьдзіць на радзіму, – і як і многія палітуцекачы з розных краінаў Эўропы, зь якімі мне даводзілася размаўляць, ён не зьбіраецца адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, хаця цяпер мае магчымасцьць атрымаць грамадзянства адной з краінаў Эўразьвязу.

“Празь нейкі час я маю права тут на грамадзянства, але навошта яно мне...”

Карэспандэнтка: “Вы не плянуеце адмаўляцца ад беларускага грамадзянства?”

“Не, не пляную. Я хачу вярнуцца дахаты, у Менск, жыць дома”.

Карэспандэнтка: “А што вы робіце цяпер ў Эстоніі?”

“Зараз вось толькі нядаўна атрымаў статус, шукаю працу, займаюся палітычнай дзейнасьцю, працую ў “Трэцім шляху” – раблю, што магу, каб дахаты вярнуцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG