“Калі ўзяць увесь набор захадаў у адказ, якія праектуе Расея, гэтыя захады найбольш верагодныя, найбольш танныя і ніяк не супярэчаць міжнароднаму праву і міжнародным абавязкам як Беларусі, так і Расеі. Таму ўжываньне такіх захадаў можа быць нават папераджальным. Я тут з Сурыкавым ня згодны. Як псыхалягічны захад дзеля ціску гэта можа быць нават да заканчэньня перамоваў ЗША і Польшчы.
Аэрадром Мачулішчы ад савецкіх часоў прыдатны для разьмяшчэньня стратэгічных бамбавікоў. І можа прыняць іх хоць сёньня. Як казалі расейскія лётчыкі, якія ў часе вучэньняў прылятаюць, няма ніякай складанасьці пераляцець з гораду Энгельс, дзе яны базуюцца, і знаходзіцца тут, аказваючы псыхалягічны ціск. Гэта можа быць піяраўскі крок, каб паўплываць на грамадзкую думку.
Калі казаць пра “Іскандэры”, гаворка ідзе пра перабазаваньне комплексаў “Іскандэр-М”. Яны маюць далечыню дзеяньня 500 кілямэтраў. Комплекс “Іскандэр-Э”, якім Расея зьбіраецца гандляваць на міжнародным рынку, мае далечыню дзеяньня 280 кілямэтраў. Гэты комплекс неэфэктыўны. Значыць, гаворка можа ісьці толькі пра “Іскандэр-М”. Але такіх комплексаў у Расеі на ўзбраеньні ў патрэбнай колькасьці пакуль няма. Таму, калі пра іх і казаць, то з пэрспэктывай 2—3 гады. Таму першым крокам можа быць менавіта перабазаваньне бамбавікоў.
Калі на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца нейкі новы аб’ект, які патэнцыйна накіраваны супраць НАТО, супраць ЗША, гэта ўлічыць супрацьлеглы бок. Месцы базаваньня будуць уключаныя як дадатковыя цэлі ваенна-паветраных сілаў і, магчыма, стратэгічных сілаў.
Але і зараз расейскія аб’екты — станцыя папярэджаньня пра ракетны напад пад Ганцавічамі і цэнтар сувязі флёту пад Вялейкай, я мяркую, таксама зьяўляюцца цэлямі. Прычым паводле важнасьці — не апошнімі."