Пра забарону на продаж сьпіртнога 16 ліпеня віцебскім пакупнікам паведамілі загадзя — у кожнай краме павесілі папераджальныя аб’явы, так што ахвотныя маглі зрабіць запасы загадзя.
Альтэрнатыву віна-гарэлачным аддзелам у гэты дзень складалі аптэкі і шапікі “Белсаюздруку” — кажуць, што там параскупілі ўвесь запас таннага адэкалёну і сьпіртовых настоек глогу.
Перад пачаткам канцэрту, які на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску арганізавалі супрацоўнікі міліцыі, кіраўнік абласной управы МУС Леанід Фармагей запэўніў прысутных, што да 17 гадзін 16 ліпеня ў выцьвярэзьніку не было ніводнага “кліента”. Словы спадара Фармагея і ягоны заклік трымацца “сухога закону” і надалей публіка ўспрыняла з доляй скепсісу, бо прагучалі яны са сцэны, задэкараванай тэнтам з рэклямай піва “Крыніца”.
Пакуль на сцэне ішоў канцэрт, БРСМаўцы зьбіралі подпісы за забарону рэклямы гэтага напою. Ахвотных падпісацца было ня дужа шмат.
Вынікі “Дня цьвярозасьці” найбольш красамоўна падсумавалі віцебскія дворнікі. Яны сказалі, што піўных бляшанак і пустых бутэлек давялося прыбраць не нашмат менш, як звычайна.
Канцэрт з удзелам віцебскіх міліцыянтаў — пад рэклямай “Крыніцы”
БРСМаўцы прапануюць падпісацца за забарону рэклямы піва
Ці адбіраць транспартны сродак у нецьвярозых кіроўцаў? Адкрытае галасаваньне жыхароў Віцебску