Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі затрыманых — за незалежнае сьледзтва і байкот выбараў


На прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ сваякі затрыманых у сувязі з выбухам актывістаў заявілі пра недавер сьледзтву і запатрабавалі далучыць да расьсьледаваньня незалежную міжнародную камісію.

Пакуль сваякі затрыманых сустракаліся з журналістамі, прыйшлі зьвесткі пра новых затрыманых. “Хто наступны?” — пыталася Ніна Шыдлоўская, мужа якой, Міраслава Лазоўскага, затрымалі 8 ліпеня пасьля ператрусу, праведзенага са службовым сабакам.
“Асабліва абурае тое, што ў нашай краіне падпасьці пад падазрэньне ў тэрарызьме можна паводле самых неверагодных прыкметаў. Аўтааматар ці хатняя гаспадыня, у якіх знайшлі цьвікі і гайкі, гумовыя гаспадарчыя пальчаткі, фольгу для запяканьня харчоў і гэтак далей. Гэтак у нас ня менш як 7 мільёнаў грамадзян можна лічыць патэнцыйнымі тэрарыстамі!”
Ніна Шыдлоўская заўважыла, што сьледзтва вядзе міліцыя, а ўсе затрыманьні праводзіў КДБ, дзе адразу заявілі, што шукаюць “прыналежнасьць да дэструктыўных арганізацый”. Падставаў, каб лічыць такой арганізацыяй “Белы легіён”, Ніна Шыдлоўская ня бачыць. Паводле яе, “Белы легіён” у сярэдзіне 1990-х гадоў займаўся нацыянальна-патрыятычным і фізычным выхаваньнем моладзі. “Чаму тады не апытваюць сябраў БРСМ, якія таксама фізычна мацнеюць у летніках?” — пыталася Ніна Шыдлоўская. Яна мяркуе, што спэцслужбы ня могуць знайсьці рэальных тэрарыстаў, а апазыцыянэраў хапаюць дзеля “справаздачы”.
Паводле Галіны Чыславай, маці затрыманага лідэра “Белага легіёну” Сяржука Чыслава, улады не ўпершыню помсьцяць яе сыну за незалежніцкую палітычную дзейнасьць. Жанчына згадала, як у 1996 годзе пасьля 5 сутак арышту за ўдзел у Чарнобыльскім шляху спэцслужбоўцы вывезьлі яе сына ў лес і зьбілі гэтак, што ён патрапіў у рэанімацыю.
“Ён ляжаў у рэанімацыі тры дні ў непрытомнасьці. Пасьля таго зьбіцьця ў яго на галаве засталося 6 швоў, пачаліся праблемы з ныркамі і пячонкай”.
Сястра арыштаванага актывіста Паўла Кур’яновіча Паліна заявіла пра недавер да сьледчых, паколькі тыя “вызначаюць падазроных у справе выбуху паводле палітычных прыкмет”.
“Мы патрабуем удзелу ў сьледзтве незалежнай міжнароднай камісіі, якая будзе шукаць сапраўдных злачынцаў, а не чыніць гэты фарс. На мой погляд, апазыцыйныя партыі павінны спыніць падтрымку ўлады праз удзел у выбарах. Які будзе сэнс мець некалькі апазыцыянэраў у выбарчых камісіях, калі ўсю моладзь пасадзяць?”
Віцэ-прэзыдэнт міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі заявіў пра рэзкае абвастрэньне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ў сувязі з выбухам.
“Мне падаецца, міліцыя выбрала найбольш прымітыўную вэрсію, якая ператвараецца ў перасьлед палітычных апанэнтаў і набірае рысы грамадзкага тэрору”.
Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, спасылкі прадстаўнікоў КДБ на “затрыманьні дзеля праверкі” не вытрымліваюць юрыдычнай экспэртызы. “Затрымаць можна толькі на падставе падазрэньняў у злачынстве, але праўду пра такія пастановы людзям ня кажуць”, — мяркуе Валянцін Стэфановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG