Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Завадзкага заўсёды ўзнаўлялі перад выбарамі


Восем гадоў таму, 7 ліпеня 2000 года, па дарозе ў аэрапорт “Менск-2” пры загадкавых абставінах зьнік апэратар тэлеканала ОРТ Зміцер Завадзкі.

За выкраданьне Зьмітра Завадзкага ў 2002 годзе былі асуджаныя былыя афіцэры спэцпадразьдзяленьня МУС "Алмаз" Валерый Ігнатовіч і Максім Малік, былы курсант Акадэміі міліцыі Аляксей Гуз і Сяргей Савушкін. Але пераканаўчых доказаў дачыненьня асуджаных да выкраданьня Завадзкага прадстаўлена не было, ніхто віны не прызнаў. Цела зьніклага апэратара ня знойдзена.

Патрабаваньне раскрыць праўду пра выкраданьне Зьмітра Завадзкага, іншых зьніклых утрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН правоў чалавека, Парлямэнцкіх Асамблей Рады Эўропы і АБСЭ. Дзейсным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня ў дачыненьні да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага.
Калі справа прыпыненая, то і ў нас, у пацярпелых, рукі зьвязаныя

Крымінальную справу па факце зьнікненьня Зьмітра Завадзскага, як і справы іншых зьніклых, не адзін раз то прыпынялі, то аднаўлялі. Апошнім разам справу прыпынілі ў красавіку 2006-га. Больш за два гады – поўная цішыня, кажа ўдава зьніклага тэлеапэратара Сьвятлана Завадзкая:

“Калі справа прыпыненая, то і ў нас, у пацярпелых, рукі зьвязаныя. Таму што мы ня маем права падаваць ніякіх хадайніцтваў, вось чаму гэта вельмі дрэнна. Мы ж тады падавалі абскарджаньні гэтага прыпыненьня, але ўсё так і засталося”.

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна ўжо ня верыць, што будуць нейкія зрухі ў справе сына:

“Надзей у мяне няма. На працягу ўсіх гэтых гадоў пракуратура не дае разгорнутага адказу на ўсе пытаньні. Адны адпіскі, у якіх гаворыцца, што праводзяцца нейкія сьледчыя мерапрыемствы, справа не закрываецца, а прыпыняецца. Нам ні разу не далі адказу, якія ж мерапрыемствы праводзіліся, і да якіх вынікаў яны прывялі”.

Сьвятлана Завадзкая заўважыла наступную акалічнасьць:
Справа заўсёды ўзнаўлялася перад нейкімі такімі падзеямі: прэзыдэнцкія выбары, ці парлямэнцкія выбары

“Справа заўсёды ўзнаўлялася перад нейкімі такімі падзеямі: прэзыдэнцкія выбары, ці парлямэнцкія выбары, таму ў мяне нейкая маленькая надзея ёсьць, што можа быць... Але надзея зусім маленькая, бо ўлады сябе паводзяць так: ня хочуць займацца гэтымі справамі”.

Наперадзе парлямэнцкія выбары, таму магчымы чарговы ўсплёск цікавасьці да спраў зьніклых. Між тым, Менгарвыканкам не дазволіў Сьвятлане Завадзкай 7 ліпеня з 19-й да 20-й гадзіны правесьці пікет каля будынку Менскай гарадзкой ратушы:

“У пікеце адмовілі на падставе таго, што гэта, маўляў, будзе перашкаджаць руху пешаходаў у гэтым месцы і транспарту. Гэта адпіска. Я, канечне, разумею, што ўладам хацелася б, каб мы пайшлі за кальцавую дарогу ці ў лес, каб у горадзе з партрэтамі зьніклых не стаялі, але я кажу: не дачакаюцца. Бо артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам краіны свабоду мірных сходаў”.

Сьвятлана Завадзкая мае намер абскардзіць адмову Менгарвыканкаму ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG