Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле дэпутатаў, “новы закон – добры"


Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі”.

За гэты дакумэнт прагаласавалі 93 дэпутаты, супраць – 1. Што думаюць пра новы законапраект дэпутаты Палаты?

Толькі два дэпутаты выступілі ў спрэчках. Валеры Лектараў заявіў, што ня можа зразумець беларускую апазыцыю. І спасылаўся на сваю паездку ў Швэцыю, куды яго і яшчэ некалькі калегаў з Палаты папярэдняга складу запрасілі разам з прадстаўнікамі апазыцыі:

“І калі мы прысутнічалі там, нам здавалася, што ў законе былі нейкія праблемы. А сёньня кожны дэпутат атрымаў ліст ад старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў зь нейкімі прэтэнзіямі. У Стакгольме апазыцыя казала, што закон, які прынялі ў 1995 годзе, дрэнны. А сёньня яны адзначаюць, што той закон добры і яго як бы непатрэбна чапаць. Я ўважліва, як гэта заўсёды раблю, прачытаў новы закон і хачу сказаць: закон – добры, нармальны”.

Дэпутат Анатоль Красуцкі таксама атрымаў ліст з БАЖу. Ён казаў, што шэраг заўвагаў экспэртаў БАЖ не адпавядае рэчаіснасьці:

“Прывяду канкрэтныя прыклады. У першым сказе, дзе папракаюць, што гэта вельмі дрэнны закон, ёсьць такое патрабаваньне – нельга праводзіць перарэгістрацыю СМІ пры зьмене адрасу рэдакцыі. Я думаю, што любому з нас абсалютна ясна – пры зьмене юрыдычнага адрасу любога суб’екту гаспадараньня, уключаючы грамадзкія арганізацыі, патрэбна ўносіць зьмены ў статутныя дакумэнты і праводзіць перарэгістрацыю. І мне, як кіраўніку некалькіх грамадзкіх арганізацыяў, не зразумела, чаму мэдыі павінны знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы?

Далей – у новым законе быццам бы не раскрытыя падставы для вынясеньня папярэджаньняў, пасьля якіх СМІ можна зьліквідаваць. Але давайце паглядзім артыкул 49. Я вельмі ўважліва прачытаў гэты артыкул. Усё дакладна прапісана. І атрымліваецца, што ўкідаецца інфармацыя, якая, на першы погляд, падаецца аб’ектыўнай. А калі пачынаеш яе аналізаваць, бачыш, што ня ўсё ў ёй так гладка”.

Дэпутатка Марыя Худая ўнесла свой дадатак да законапраекту – аб маральнай адказнасьці СМІ. Юры Кулакоўскі, старшыня парлямэнцкай камісіі, якая займаецца правамі чалавека, нацыянальнымі дачыненьнямі і мэдыямі, так пракамэнтаваў з трыбуны яе прапанову:

“І бываюць нормы грамадзкай маралі вышэйшыя за прававы статус законаў. Вось я як настаўнік быў у свой час у Нямеччыне. Там настаўнік можа павесьці дзяцей са старэйшых клясаў купацца на рэчку. Яны там распрануцца голыя і купаюцца. І гэта будзе норма маралі нармальная. А што было б з нашым настаўнікам, калі б у яго дзеці так распрануліся ды купаліся?!”

Новы законапраект прадугледжвае абавязковую перарэгістрацыю ўсіх СМІ. Дэпутат Генадзь Давыдзька засумняваўся ў такой неабходнасьці. Але першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч не пакінула ніякіх спадзяваньняў:

“Новыя правілы гульні, калі закон пачне дзейнічаць, будуць абавязковымі для ўсіх. І пачнём з чыстага аркушу — перарэгіструемся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG