Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кнігі Быкава мусяць быць у кнігарнях заўжды”


У выдавецкай сэрыі “Кнігарня Наша Ніва” выйшла кніга Васіля Быкава “Пахаджане”.


Гэта ўжо другое выданьне прыпавесьцяў народнага пісьменьніка. Першае было яшчэ пры жыцьці аўтара – у 1999 годзе.

“Вуціны статак”, “Хутаранцы”, “Маленькая чырвоная кветачка” ды іншыя прыпавесьці, Васіль Быкаў напісаў у апошнія гады свайго жыцьця, якія супалі з часам змушанага ад’езду за мяжу. Выдадзеныя ў 1999 годзе асобнай кнігай пад назовам “Пахаджане”, яны выклікалі шырокае чытацкае зацікаўленьне ды літаратуразнаўчыя спрэчкі. Кніга даўно ўжо стала бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Чаго на радзіме пісьменьніка быць не павінна, - перакананы галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэй Скурко.

“Быкаў – гэта такі пісьменьнік, які мусіць пастаянна прысутнічаць у кнігарнях. І калі дзяржаўныя выдавецтвы ня рупяцца пра тое, каб яго кнігі, якія банальна скончыліся ў продажы, зьяўляліся своечасова ў перавыданьнях, то гэта робіць незалежнае грамадзтва”.

Другое выданьне “Пахаджанаў” цалкам паўтарае першае. А між тым, за час ад першага на старонках часопіса “Дзеяслоў” былі надрукаваныя новыя прыпавесьці Быкава. На пытаньне, чаму выдаўцы не дапоўнілі імі другое выданьне, спадар Скурко адказаў:

“Так мы пастанавілі”.

Спадар Скурко паведаміў, што неўзабаве пасьля “Пахаджанаў” будзе первыдадзеная і кніга Васіля Быкава “Сьцяна”. Ці трапяць новыя выданьні твораў народнага пісьменьніка, якія выходзяць пад маркай незалежнага выдавецтва, у дзяржаўныя кнігарні, пытаньне, па словах Андрэя Скурка, пакуль што адкрытае.

“Мы зрабілі ўсё для таго, каб яны ў кнігарні трапілі. Але тут усё залежыць толькі ад добрай волі дырэкцыі гэтых кнігарняў і кнігагандлёвых установаў”.

Выдаўцы запэўніваюць, што маюць сваю сетку распаўсюду, празь якую новыя выданьні твораў Васіля Быкава будуць даступныя ўсім ахвотным іх мець і чытаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG