Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апанэнтам слова не даваць!


Напярэдадні значных палітычных падзеяў у Беларусі традыцыйна ўзмацняецца прапагандысцкі ціск на электарат. . Як нараджалася форма “палітычнага вадэвілю” у сучаснай Беларусі і якія яна перасьледуе мэты?



Хросны бацька палітычнага вадэвіля


Новы рух у галіне палітычнай кінадакумэнталістыкі пасьля выбараў 1994 году запачаткаваў малавядомы на той час рэжысэр Юрый Азаронак. Неўзабаве пасьля прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады Азаронак дэбютаваў на Беларускім тэлебачаньні са стужкай “Нянавісьць. Дзеці ілжы”, скіраванай супраць Беларускага Народнага фронту і старшыні БНФ Зянона Пазьняка.

Палітык Мікола Статкевіч адрэагаваў на выхад “Нянавісьці” па-свойму — ударыў аўтара па твары. Кажа, што зрабіў гэта дзеля свайго бацькі. Дзеда Міколы забілі паліцыі за сувязь з партызанамі, а бацька, тады яшчэ падлетак, цудам уратаваўся ад такой жа долі. Калі ў стужцы Азаронак пачаў маляваць Статкевіча паплечнікам паліцаяў, то ягоны бацька быў шакаваны... Статкевіч разьлічваў, што ў выпадку з Азаронкам будзе прыватная размова двух мужчынаў. Прынамсі ня думаў, што рэжысэр пойдзе ў суд і дасьць гісторыі розгалас.

Што да цяперашняй актывізацыі кінадакумэнталістаў, то яе Мікола Статкевіч тлумачыць набліжэньнем чарговай выбарчай кампаніі:


“Гэта ўсё рыхтуецца пад выбары. Нашая ўлада — вялікая панікёрка, перастрахоўшчыца. На выбарах — звышперастрахоўкі, падрабляюць нават пратаколы. Але ім здаецца і гэтага мала, заганяюць людзей на папярэдняе галасаваньне, фальсыфікуючы бюлетэні. Так і тут: чыноўнікі вельмі перастрахоўваюцца, машына прапагандысцкая працуе. І хоць на вынік гэта практычна ніяк не ўплывае, яны робяць чарговы раз з апазыцыі здраднікаў, шпіёнаў, прадажных, нікчэмных людзей. Прычым гэтая машына ў нейкай ступені нават на самазаводцы працуе. Псыхалёгія чыноўніка — як бы чаго ня выйшла, заўсёды трэба перастрахоўвацца, каб далажыць пра прэвэнтыўныя захады. Нехта недзе ініцыятыву праявіў, астатнія даведаліся (іншы раз нават з апазыцыйных мас-мэдыяў) і зрабілі выснову: дык і мы ж павінны, а то раптам начальства падумае, што не стараемся, а іншыя ўжо зрабілі...”

Кінаэстафэту Юрыя Азаронка падхапілі іншыя дакумэнталісты, а вытворчыя плошчы пашырыліся са стварэньнем каналу ОНТ і “Сталічнага тэлебачаньня”. У стварэньні прапагандысцкай прадукцыі ўдзельнічалі цяперашні старшыня тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, ягоны колішні напарнік на аналітычных праграмах Ігар Грышан, былы праваабаронца Яўген Новікаў, Юрый Казіятка ды іншыя.


Дыскусіі з кінаапанэнтамі для БТ нямэтазгодныя

“Антыдзяржаўнай сутнасьці” беларускай апазыцыі былі прысьвечаныя такія прапагандысцкія фільмы, як “Закуліса” (1996 год) — пра “таемныя мэханізмы беларускай апазыцыі”. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году дзяржаўнае тэлебачаньне паказала сэрыял “Таемныя спружыны палітыкі”.

У 2005-м, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, калі загадам Аляксандра Лукашэнкі Юрый Азаронак быў прызначаны намесьнікам старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, на экранах зьяўляецца чарговы твор Азаронка “Кансьпіралёгія”, які прынёс аўтару прэмію “За духоўнае адраджэньне”. Аднабаковым у поглядах на палітычныя рэаліі, на думку апазыцыйных палітыкаў, стаў створаны групай ОНТ шматсэрыйны дакумэнтальны цыкль “Наайноўшая гісторыя”. За яго калектыў аўтараў на чале з Казіяткам уганараваны прэміяй “Тэлевяршыня”.

Чаму на беларускіх экранах адсутнічае парытэт у палітычных меркаваньнях? Ці зьявіцца ў гледачоў калі-небудзь магчымасьць рабіць уласныя, а не навязаныя высновы з убачанага? На адной з прэсавых канфэрэнцый старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі распавёў, што прынамсі ў сярэдзіне 1990-х такая магчымасьць існавала, а да паказу на БТ разглядаўся нават нашумелы фільм рэжысэра Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт”. Аднак тады было прынятае рашэньне не ўступаць у дыскусію з аўтарам. Ад таго часу гэтая традыцыя не парушаецца:


“Гэты фільм ніколі ня быў забаронены да шырокага паказу. Ён выйшаў у 1996 годзе, вакол яго былі вельмі ажыўленыя дыскусіі — праўда, тады я не займаў кіраўнічых пазыцый на Беларускім тэлебачаньні. Але магу сказаць, што 10 гадоў таму гэты фільм разглядаў да паказу на БТ”, — заявіў А.Зімоўскі. — “І разглядаўся ён з пункту гледжаньня — як годна адказаць аўтару. На той момант прыйшлі да думкі: палемізаваць з кожным кадрам гэтага фільму — гэта не тэхналягічна (тады яшчэ не было самога панятку “паліттэхналёгіі”). І ён проста ня быў прыняты да паказу. Але гэта не азначае, што ён забаронены ў Беларусі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG