Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь запатрабавала роспуску Міністэрства адукацыі


Некалькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” правялі акцыю салідарнасьці


Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” разгарнулі расьцяжку “Школа для ўсіх” на ганку Міністэрства адукацыі. Ахоўнік выбег з будынку і запатрабаваў, каб маладыя людзі перайшлі дарогу і сталі насупраць будынку. Маладафронтаўцы пагадзіліся, што гэта лепшы варыянт, бо тады пікет будзе відзён чыноўнікам з вокнаў.

Алена патлумачыла мэту акцыі і матывы свайго ўдзелу ў ёй:

“Прыехалі сюды на знак салідарнасьці з нашым салігорскім актывістам,
намесьнікам старшыні “Маладога фронту” Іванам Шылам, якога незаконна выключылі са школы. Таксама прынесьлі зварот з патрабаваньнем самароспуску Міністэрства адукацыі”.

Актывіст Маладога фронту Павал дадаў да слоў сяброўкі:

“Я абураны тым, што здарылася з Іванам Шылам. Лічу, што такім выкладчыкам ня месца ў сыстэме адукацыі”.

Юлія сама сёлета скончыла школу. Яна таксама прыйшла падтрымаць Івана Шылу.

“Вельмі прыкра, калі дарослыя жанчыны і мужчыны здрадзілі свайму вучню, якога яны павінны абараняць, вучыць і паказваць яму прыклад. Але ў дадзеным выпадку ня толькі са сваім вучнем, але й са сваімі паплечніцамі, настаўніцамі. Лічым, што ў гэтым вінаватае Міністэрства адукацыі, якое палітызавала сфэру адукацыі. Мы патрабуем, каб стварылі новае, якое б складалася з прафэсійных выкладчыкаў і людзей, якія б годна маглі звацца настаўнікамі”.

Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў актывістаў, што выклікаў міліцыю. Але маладафронтаўцы заявілі, што будуць стаяць столькі, колькі палічаць патрэбным.

Намесьнік кіраўніка міліцыі Маскоўскага раёну падышоў на месца правядзеньня акцыі толькі тады, калі маладафронтаўцы перадалі чыноўніку міністэрства заяву з патрабаваньнем самароспуску Міністэрства адукацыі.

У сваім звароце актывісты напісалі: “заяўляем аб духовай і структурнай дэградацыі Міністэрства адукацыі, якое ў руках дыктатарскага рэжыму пераўтварылася ў інструмэнт палітычнага ціску і прыгнёту юнакоў і дзяўчат, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі”. Маладафронтаўцы патрабуюць стварэньня новага міністэрства адукацыі на прынцыпах справядлівасьці і законнасьці, высокага прафэсіяналізму супрацоўнікаў.

Гэтым разам абышлося без затрыманьняў. Маладафронтаўцаў запэўнілі, што цягам двух тыдняў дашлюць адказ.

Любоў Лунёва, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG