Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія дачыненьні: перазагрузка


Цана на газ для Беларусі, удзел расейскага капіталу ў беларускай прыватызацыі, немагчымасьць разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі – вось толькі некаторыя тэмы, якія закрануў учора падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

Газ у 2009 годзе – па 200 даляраў?

Хіба ня самай значнай з заяваў расейскага пасла было паведамленьне, што з наступнага году Беларусі давядзецца плаціць каля 200 даляраў за тысячу кубамэтраў расейскага газу, а ў 2011 годзе – ня менш за 400 даляраў. Пры гэтым беларускі ўрад зыходзіць у прагнозе бюджэту на наступны год з цаны 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Адкуль зьявілася лічба 200 даляраў, наколькі яна абгрунтаваная?

Гледзячы па ўсім, пасол грунтаваўся на доўгатэрміновым пагадненьні, падпісаным “Газпромам” і ўрадам Беларусі ў апошні дзень 2006 году. Афіцыйныя паведамленьні пра гэтую дамову сьведчаць, што ў 2008 годзе цана на газ павінна скласьці 67% ад цаны на эўрапейскім рынку, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе — 90%, у 2011 годзе – выйсьці на ўзровень сярэднеэўрапейскай цаны. Сёлета сярэднеэўрапейская цана складае прыкладна 300 даляраў, менавіта столькі плаціць суседняя Польшча, адсюль вынікае, што Беларусь мелася б плаціць 200 даляраў за тысячу кубамэтраў ужо сёлета. Насамрэч цана ў першым квартале складала 119 даляраў, а цяпер і да канца году – 128 даляраў.

Чаму? Збольшага таму, што цану на расейскі газ для Беларусі вызначаюць ня столькі фармальныя ўгоды, колькі нефармальныя палітычныя дамоўленасьці. Пры іх дапамозе Менск здолеў запаволіць рост цэнаў, прадугледжаных дамовай, аднак пасол Расеі нагадаў, што і фармальныя памеры маюць значэньне, гэтак жа як і рост усясьветных цэнаў на газ, і палітыка ў рэгіёне – “Газпром” падвышае і да гэтага немалую цану на газ для Ўкраіны. Паводле ацэнак беларускіх экспэртаў з прычыны росту ўсясьветнай цаны на газ цяпер разрыў паміж ёй і “палітычнай” цаной для Беларусі – нават большы, чым быў у блаславёныя 2002-2005 гады. Расейцы маюць намер з наступнага году крыху скараціць гэты разрыў.

Цана таннага газу

Чым жа Беларусь расплачваецца за гэтыя даброты? Размовы пра палітычнае аб’яднаньне ў практычнай плашчыні, здаецца, ня ідуць ужо даўно. Дык тады чым?

Ну па-першае, усё ж “Белтрансгазам”. Дарэчы, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі спадар пасол папікаў беларускі бок за дадатковыя адлічэньні зь “Белтрансгазу” ў беларускі бюджэт. Спадар Сурыкаў клапоціцца пра маёмасьць, якая ўжо часткова расейская. Ён, праўда, прызнаў, што пратэсты расейскіх акцыянэраў, якія маюць чвэрць галасоў пакуль проста ігнаруюцца беларускім бокам, але ў 2010 годзе “Газпром” атрымае палову акцый і ігнараваць ягоныя пажаданьні будзе немагчыма.

А другое, што можа быць платай за танны газ – гэта беларуская прыватызацыя. Тут спадар пасол быў не па-дыплямацку шчырым, даючы беларусам парады аб’яднаць МАЗ з РусАЎТА і КаМАЗам, беларускім цукравытворцам - зь іх расейскімі калегамі, “Белтрансгазу” – шчыльней супрацоўнічаць з “Газпромам”.

Аб’яднаньне вытворцаў цукру расейскі пасол падаў як умову шырокага доступу беларускіх вытворцаў на расейскі рынак, цяпер квота абмяжоўваецца сотняй тысяч тон, а патрэбу ў аб’яднаньні аўтазаводаў патлумачыў неабходнасьцю канкураваць з заходнімі аўтамабілебудаўнікамі. Пра варыянт, што Беларусі можа быць выгадней супрацоўнічаць як раз з апошнімі, пасол не казаў нічога.

Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ў Расеі правільна зразумелі зьмены прыватызацыйнага заканадаўства, якія адбыліся і адбываюцца ў Беларусі, і рух расейскага капіталу ў суседнюю краіну стаў больш шырокім з плянамі пашырыцца яшчэ больш. Пры гэтым пасол нават заўважыў, што разумее перасьцярогі беларускага кіраўніцтва, як бы пры такой прыватызацыйнай актыўнасьці расейскага капіталу ня страціць самастойнасьць.

Перазагрузка

Ужо сёньня расейскае міністэрства гандлю і эканамічнага разьвіцьця накіравала беларускаму боку ноту, ў якой Беларусь абвінавачваецца ва ўвядзеньні абмежаваньняў на доступ на свой рынак расейскіх тавараў. Так выглядае, што і ўчорашнія заявы пасла, і сёньняшні дэмарш расейскага міністэрства сьведчаць пра тое, што новае кіраўніцтва Расеі (усё ж новае, хаця вельмі падобнае на старое) выпрацоўвае новы падыход да дачыненьняў зь Беларусьсю па ўсім спэктры праблемаў, у гэты “пакет” уваходзяць і прэтэнзіі, і прапановы, і пагрозы. Ускосна пра тое ж сьведчыць і дзіўнаватая заява пасла, што ні Лукашэнка, ні Мядзьведзеў не праявілі зацікаўленасьці ў асабістай сустрэчы падчас саміту СНД у Санкт-Пецярургу. Гэта можа зразумець так, што Масква рыхтуе грунтоўную размову зь беларускім кіраўніком пазьней, паводле Сурыкава напрыканцы лета, бо гутарка ідзе менавіта пра новыя падыходы. А пакуль Лукашэнку трымаюць на адлегласьці, пасол зрабіў выгляд, што не зразумеў сымбалічнага значэньня таго, што новы прэзыдэнт Расеі не сустрэўся на саміце СНД толькі з бліжэйшым саюзьнікам сваёй краіны.

Бомба ня вернецца ў Беларусь

Ну і нарэшце, апошняе, хаця паводле значэньня можа і першае. На сваёй прэсавай канфэрэнцыі спадар Сурыкаў заявіў, што Расея ня будзе разьмяшчаць у Беларусі сваю ядзерную зброю, бо гэта супярэчыць міжнародным пагадненьням. Летась той самы Сурыкаў туманна намякаў як раз на магчымасьць такога сцэнару, тады гэта спарадзіла гучны скандал, заяву дыплямата абвяргаў шэф расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, ды і сам пасол потым тлумачыўся, што яго ня так зразумелі. Цяпер спадар Сурыкаў двухсэнсоўных заяваў не рабіў, але падкрэсьліў, што супрацьракетныя сыстэмы “такога самага ўзроўню” разьмясьціць у Беларусі можна”.

Гэтая заява – у пэўнай ступені пасланьне Вашынгтону, што Масква, хаця і незадаволеная пабудовай амэрыканскага антыракетнага “шчыта” ў Эўропе, але рэагаваць на гэта будзе стрымана: на ваш шчыт будзе ў Беларусі ў горшым выпадку наш “шчыт”, і ня болей за тое. Магчыма, размова ідзе пра ўзбраеньне беларускага войска найноўшымі ракетамі “Іскандэр”, пра што ўжо ішла гаворка.

Так выглядае, што Масква цяпер, напярэдадні вялікай размовы з Менскам аб новых дачыненьнях, зьніжае ўзровень сваіх нават гіпатэтычных ваенных плянаў у Беларусі, каб ня даць беларускаму боку вытаргаваць за кошт гэтых плянаў нешта ў эканоміцы. Дарэчы, гаворачы пра вайсковае супрацоўніцтва, пасол падкрэсьліў, што размова пра той жа супрацьракетны “шчыт” у Беларусі залежыць ад узроўню інтэграцыі: “Калі мы гэта робім у межах саюзнай дзяржавы, гэта адзін узровень размовы, калі гэта розныя дзяржавы – зусім іншы” – сказаў Сурыкаў.

Фармальна кажучы, саюзная дзяржава – гэта саюз розных дзяржаваў. Але, відаць, у Маскве мяркуюць, што гэта нешта крыху большае і ня выключана, што такую дылему: дзьве розныя дзяржавы ці саюзная дзяржава, Масква паставіць перад Менскам і пазьней, калі пачнуцца перамовы аб карэкціроўцы ўсёй сыстэмы двухбаковых дачыненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG