Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе будуць плаціць 12% падатку?


Міністэрства фінансаў Беларусі прапануе ўвесьці адзіную стаўку падаходнага падатку - 12%. Незалежныя экспэрты называюць гэта пачаткам рэформы падатковай сыстэмы. І спадзяюцца, што гэта дапаможа скараціць ценевую эканоміку.


Дагэтуль у Беларусі дзейнічае пяціўзроўневая шкала — ад 9 да 30%. Цяпер усім прапануюць плаціць аднолькава — 12%. Чаму менавіта такая плянка, патлумачыў у размове з карэспандэнтам “Свабоды” намесьнік міністра фінансаў Іван Шунько:

“Сярэдняя атрымалася такая стаўка падаходнага падатку — 12%. Рэальная. Калі падзяліць падатак у цэлым на сярэдні заробак у цэлым. Там жа прапануецца ня толькі памяняць стаўку, а наагул прапануецца зьмяніць падыходы да падаходнага падатку.

Прапануецца ня толькі ўвесьці стаўку 12%, але і прыняць у якасьці велічыні, якая падаткам не абкладаецца, бюджэт пражытковага мінімуму. А гэта па бедных слаях ня б’е, а наадварот”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў, што адзіная стаўка будзе найлепшым спосабам для пачатку рэформы падатковай сыстэмы. Аднак для таго, каб гэта спрацавала, трэба ўводзіць 10%.

“Практычна гэта азначае пераход да плоскай сыстэмы падаткаабкладаньня. Адзінае, што па-дурному мы робім — трэба рабіць не 12, а 10%. Гэта было б значна выгадней. Пасьля ўсталяваньня плоскай шкалы падаходнага падатку трэба скасаваць ПДВ і падатак на прыбытак”.


Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч згадвае, што фракцыя “Грамадзянскае дзеяньне” ў Вярхоўным Савеце 13 скліканьня выказвала ідэю не спаганяць падаткі зь мінімальнага спажывецкага бюджэту. Пры ўвядзеньні 12%-й стаўкі цяпер гэта трэба ўлічыць.

Паводле спадара Багданкевіча, увядзеньне адзінай стаўкі дапаможа ліквідаваць “канвэрты” і скараціць ценевую эканоміку, якая ў Беларусі вельмі вялікая.

“Вельмі вялікія сумы ў заможных людзей наагул не абкладаюцца падаткамі. І ўтварыліся вялікія ценевыя ашчаджэньні, якія недзе нелегальна функцыянуюць”.

Паводле спадара Заікі, для таго, каб прыбыткі выходзілі зь ценю, патрэбны давер да ўраду.

“Патрэбна мноства рэчаў, якія ўрад пакуль не дэманструе і, як мне здаецца, ня можа дэманстраваць. Тут многае патрабуецца ад прэзыдэнта. Гэта свайго роду давер, сацыяльны кантракт, калі мы разумеем: усе плацяць падаткі на ўзроўні 10%, урад іх рацыянальна траціць. І тут толькі зьменай стаўкі падатку не памяняеш саму сыстэму. Патрэбны шырэйшыя захады, больш арыгінальныя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG