Паводле апублікаванага сёньня прагнозу ААН, краіны сьвету патрацяць на імпарт харчаваньня ў 2008 годзе рэкордную суму, 1 трыльён даляраў, што на 26 адсоткаў болей, чым летась. А краіны са слабейшай і няўстойлівай эканомікай могуць выдаткаваць на ежу нават да 40 адсоткаў болей, чым у мінулым годзе.
Чаму цэны на харчы пастаянна растуць? Паводле экспэртаў ААН, найважнейшыя тут дзьве прычыны.
Па-першае, каб аднавіць папярэднія запасы, некаторыя важныя прадуцэнты харчаваньня — такія, напрыклад, як Расея, Індыя, Кітай, Эгіпет — уводзяць абмежаваньні на экспарт харчовых прадуктаў. Інакш кажучы, попыт на харчаваньне на сусьветных рынках перавышае прапанову.
Па другое, узрастае выкарыстаньне сельскагаспадарчых культураў у прадукцыі біяпаліва. Гэта датычыць у першую чаргу кукурузы. Яе выкарыстаньне дзеля вырабу біяпаліва ўзрасьце сёлета на амаль 40 адсоткаў.
Адначасна з узростам цэн экспэрты прагназуюць таксама ўзрост прадукцыі некаторых істотных для сьвету сельскагаспадарчых культураў. Прыкладам, прадукцыя збожжавых узрасьце на 3.8 адсоткаў, у асноўным за кошт спадзяванага рэкорднага ўраджаю ячменю. Чакаецца, што прадукцыя рысу таксама павысіцца на 2.3 адсотка.
Аднак жа павышэньне прадукцыі можа прывесьці толькі да часовага паніжэньня цэнаў на некаторыя віды харчаваньня, сьцьвярджае прагноз ААН. Вяртаньне да цэнаў на ежу ніжэйшых у два разы, якія былі тры гады таму, немагчымае.
Некаторыя адмыслоўцы малююць значна больш панурую карціну сьвету ў сувязі з ростам цэн на ежу. Жан Зіглер, экспэрт у пытаньнях сусьветнага харчаваньня, прадказвае, што пагаршэньне жыцьцёвых умоваў у бедных краінах можа прывесьці да шэрагу войнаў паміж імі.
Іншы экспэрт ААН, Нэнсі Роман, прагназуе ўзьнікнене абшараў голаду ў сьвеце. „Недахоп харчаваньня ў бедных краінах раней наогул выклікаўся засухай або падобнымі чыньнікамі. Таму людзі ня мелі чаго есьці. Цяпер у большасьці краінах хапае ежы. Але яна настолькі дарагая, што людзі ня могуць сабе яе дазволіць” — сказала Роман на мінулым месяцы.