Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Каткоўскі: “З атамнай станцыяй Беларусь спазьнілася”


Грамадзкія рэдактары чарговага тыдня – Ірына і Леанід Каткоўскія, бацькі нашага калегі свабодаўца Ўладзімера Каткоўскага. Год таму, 25 траўня, ён трагічна пакінуў жыцьцё. Уладзімер – адзін з тых, хто запачаткаваў беларускую Вікіпэдыю. У яго гонар бацькі заснавалі спэцыяльную прэмію, каб адзначаць лепшыя кантэнт праекты. Сёньня доктар фізыка-матэматычных навук Леанід Каткоўскі расказвае пра сваё бачаньне пэрспэктывы беларускай АЭС.


Шмат зараз гаворкі пра гэты праект. Хачу падкрэсліць, што Беларусь спазьнілася з пабудовай сваёй атамнай станцыі, гэта трэба было рабіць падчас існаваньня Саюзу і за яго грошы. Беларусь пачынае цяпер яго ў адзіноце, ня маючы сваіх уласных напрацовак, досьведу і тэхнічных спэцыялістаў для эксплюатацыі станцыі і пакуль не рыхтуючы іх. Гэта пры тым, што МАГАТЭ не дае Беларусі зараз фінансаваю й тэхнічную дапамогу па наступствах Чарнобылю. У тым ліку і тае прычыны, што мы не падалі ў свой час статыстычныя дадзеныя, якія яны патрабавалі.

Стаўленьне ў мяне да ідэі будаўніцтва АЭС неадназначнае. З аднаго боку такія буйныя праекты маюць шмат станоўчага, разьвіваючы адпаведную інфраструктуру і тэхнічны ўзровень. Хаця я і не спэцыяліст менавіта ў галіне ядравай энэргетыкі, але агульнанавуковыя веды дазваляюць меркаваць, што:

Па-першае, гэты тып энергіі не зьяўляецца шматкроць выйгрышным перад традыцыйнымі ні па тэрміну акупляльнасьці, ні па сабекошту энэргіі, ні па тэрміну яго асваеньня. Праект не вырашае энэргетычную праблему раз і назаўсёды, нават па яго ўнёску ў агульнае спажываньне электрычнай энэргіі ён мусіць пакрыць адсоткаў 20.

Па-другое, вельмі баюся, што ў цяперашніх умовах пры прыняцці рашэньня ня будуць адпаведным чынам аб’ектыўна ўлічаныя навукова-тэхнічныя, эканамічныя, сацыяльныя, экалягічныя аспэкты, пытаньні бясьпекі, бо зараз сыходзяць часта ад адваротнага, гэта азначае, што тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне робіцца пад заданьне.

Нарэшце ясна, што такія рашэньні не павінны прымацца на агульных рэфэрэндумах, але трэба ўлічваць ня толькі існуючыя наступствы Чарнобылю, але, калі паважна ставіцца да свайго народу, то і тую радыёфобію да мірнага атаму, якае яшчэ вельмі моцная ў нашым грамадстве.

Мяне троху супакойвае, што зараз у Беларусі створана і працуе распрацаваная і зробленая ў нашым інстытуте аўтаматызаваная сыстэма радыяцыйнага кантролю ў зонах уплыву атамных станцый суседніх краін. Гэта літоўская Ігналінская, расейская Смаленская, а з боку Ўкраіны Ровенская і Чарнобыльская. Таму на гэтых напрамках побач з Браславам, Амсьціславам, Мазыром і Пінскам разгорнутыя раённыя цэнтры рэагаваньня, якія па тэлекамунікацыйных каналах зьвязаныя з абласнымі і нацыянальным цэнтрам рэагаваньня ў Менску. На аўтаматычных пунктах, зьмешчаных на вышках, рэгулярна вымяраецца ўзровень фону гама выпраменьваньня і мэтэарэлягічныя парамэтры. Пашырэньне гэтай сыстэму з ахопам усёй тэрыторыі Беларусі дазволіла б троху аслабіць праблему радыёфобіі.

Нашага сына, Уладзімер Каткоўскага, вельмі хвалявала праблема наступстваў Чарнобылю ў Беларусі, ён заўсёды цікавіўся гэтым і надта перажываў, нямала запісаў пра тое ў ягоным дзёньніку.

Як адлюстраваньне гэтага я прапаную даць тут апавяданьне Ўладзімера, якое зьяўляецца запісам сну – бачыў яго ў 2002 годзе і запісаў у LJ.

І другі момант у ім прысутнічае: апошняя частка гэтага сну цяпер выглядае як вяшчунства, улічваючы абставіны згубы Ўладзімера. У архіве Рыделя захоўваецца толькі тэкст на ангельскай мове, я зрабіў пераклад на беларускую, таму гэтая вэрсія не зьяўляецца аўтарскай.

Уладзімер Каткоўскі: “Атамная станцыя Рыдэля

Я павінен зьнішчыць гэтую дурную радзімку на маім ілбе. Гэта не адна з тых прывабных
і ўпрыгожваючых радзімак. Магчыма, яна канцэрагенная і, між іншым, у мяне ўзьнікае агідная шкодная звычка церабіць яе пальцам фактычна ўвесь час, калі я думаю. Спадзяюся, яе магчыма выдаліць бясьпечна.

Толькі што я бачыў сон пра ракавую хваробу.

Я працаваў на атамнай станцыі ў якасьці апэратара на кампутары. На станцыі адбыўся выбух у рэактары, але ўсё, што я магу ўспомніць, гэта тое, што здарылася пасьля гэтага.

Канешне, ад гэтага моцнага выбуху павінен быў быць пэўны беспарадак, паніка, гвалт, дым і г.д. А я толькі памятаю, што ў мяне ўзьнікла моцнае жаданьне пабегчы. Калі я азірнуўся вакол, усе хто быў яшчэ у пакоі, захоўвалі ваенны спакой. Я прымусіў сябе застацца сядзець на месцы, і прыляпіўшыся да фатэля раптам адчуў, што з усіх маіх пораў пачынае выходзіць пот – нібыта цёплы мёд.

Гэта быў вялікі пакой, у якім знаходзілася каля 20 кампутараў, выглядалі яны састарэлымі. Манітор, які знаходзіўся перад мною – гэта зеленаватага колеру манахромная электронна-прамянёвая трубка. Перад кожным кампутарам сядзелі апэратары. Гэта была адна толькі моладзь, і хлопцы мелі кароткія фрызуры. Я пазнаю сярод іх некаторых з маіх былых аднаклясьнікаў.

Кожны зь іх нешта старанна друкаваў на тэрмінале кампутара. Добра, яны падаюць каманды на выключэньне рэактара. Я разумею гэта зь некалькіх кароткіх фразаў, якімі яны абменьваюцца. Між іншым, я пільна і бездапаможна глядзеў на свой манітор, але бясконцая плынь зялёных лічбаў ня мела ніякага сэнсу для мяне. Думкі, якія з’яўляюцца ў мяне, цалкам пабочныя. Ці павінен я папярэдзіць CNN? Альбо BBC? Але як? У любым выпадку, як я выйду адсюль? Як я магу зкантактавацца з кім-небудзь па-за межамі Беларусі? Ці застануся я жывы, каб распавесьці пра гэта? Наколькі шмат людзей могуць памерці ў Менску?

Раптам адна дзяўчына спыняе мае думкі. Яна загадвае ўсім пачаць выключэньне.

Як невялікая вайсковая адзінка, мы ўсе разам усталі і пачалі рухацца ў другі канец пакоя. Там, на сьцяне, знаходзіўся вялікі дысплэй з двума рэактарамі, намаляванымі ў выглядзе цыліндраў з каляровымі крывымі лініямі ўнутры іх, што няспынна рухаліся, мноства лічбаў цякло, як плынь побач з выявамі рэактараў.

Гэта ўсё было, быццам у рэальным маштабе-часе. Вялікая тлустая лічба міргала ў ніжняй частцы экрана: 10, некалькі мірганьняў, 9, некалькі мірганьняў, 8, ... А я глядзеў на дзяўчыну, якая давала загад. Яна вельмі тонкая, стромкая, зграбная і бадзёрая, як прыгожая мадэль з моднага шоў – адчуваецца, гэта лідэр. Як толькі лічба на вялікім экране скокнула на адзін, яна склала свае рукі, магчыма, ў малітве. Яшчэ некалькі сэкундаў прайшло, і здавалася, што лічба ніколі ня зьменіцца на нуль. Але гэта адбылося.

Першы рэактар выключаецца зараз. Паведамленьне побач з першым цыліндрам пачынае рухацца з падвоенай хуткасьцю: “Менск-Альфа выключаецца, лічбы, лічбы, лічбы, напруга, ватты, мэга-электрон-вольты, узроўні, выдаленьне графітавых стрыжняў, лічбы, лічбы, лічбы...” Каляровыя крывыя унутры цыліндра раптам зьмяніліся і пачалі зьніжацца. Чырвоныя крывыя сталі зялёнымі і блакітнымі, а потым зусім зьніклі.

Менск-Альфа вырубіўся. Насамрэч там былі бачныя нейкія дзіўныя абразкі, якія выглядалі, нібы маленькія анімацыйныя вогнішчы, але, здаецца, ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагі.

“Менск-Бэта выключаецца...” Крывыя ў другім цыліндры таксама пачалі зьніжацца. Цягам хвіліны крывыя і лічбы спынілі свае скачкі, і я падумаў на момант, што нашая місія скончылася. Як толькі да мяне зноў вярнуліся думкі аб выратаваньні, дзяўчына нешта надрукавала на тэрмінале, і карціна на вялікім экране пашырылася. Ніжэй цыліндраў зараз у блакітным колеры зьявілася мапа калідораў.

На пляцоўцы побач зь Менск-Альфай была чортава блытаніна і “каша”. У большасьці пакояў і праходаў мільгацелі значкі, якія адлюстроўвалі чырвоныя вогнетушыльнікі і маленькія анімацыйныя полымі. Відавочна, гэтыя полымі маглі б патушыць толькі людзі. Я спадзяваўся, што мы не павінны выходзіць туды. Толькі я падумаў так, як у гэты ж момант адзін з хлопцаў устаў і сказаў: “Мы павінны патушыць агонь! Гэта наш абавязак! Камандзір, загадай нам ісьці ў калідоры!”

Я хацеў спытаць іх аб узроўнях радыяцыі. Гэта ёьсць мая найбуйнейшая перасьцярога цяпер. Ці была там уцечка радыяцыі? Ці можам мы давяраць гэтай лічбавай карціне на вялікім экране? Ці хочам мы выжыць наогул?

Раптам мой мозг пераключыўся ў рэжым звышбачаньня. Я мог ясна назіраць, як шчупальцы ракавай хваробы захопліваюць маю галаву, яны растуць з ашаламляльнай хуткасьцю, паглынаючы ўсё маё цела, засяляючы яго муціраваннымі клеткамі, пашыраючыся за межы майго фізычнага цела і распаўзаючыся па падлозе. Затым я выйшаў з гэтага стану, вярнуўся думкамі ў наш апэратарскі пакой.

Я не жадаў выказвацца, калі там разгарэлася дыскусія вакол інфармацыі на экране, і толькі спытаў хлопца, які быў побач са мной, аб узроўнях радыяцыі. Ён сказаў, што адправіў некаторыя дадзеныя на прынтэр якраз перад выключэньнем. Мы зь ім цішком пайшлі назад у другі канец пакоя, і ён узяў у рукі раздрукоўку. У гэтыя хвіліны уплыў вялікіх радыяцыйных дозаў ужо павінен быў пачаць узьдзейнічаць, таму што я асабіста ўжо меў цяжкасьці з уласнай арыентацыяй і не памятаў выразна, што наогул здарылася. Апошняя рэч, якую я магу узгадаць, гэта спуск ў ліфце з тым хлопцам. У маіх вачох усё пачало расплывацца, але я змог убачыць папераджальны знак, не карыстацца ліфтам у выпадку пажару, і мне хацелася, каб мы спускаліся па лесьвіцы.

У наступны момант я апынуўся ў доме маёй бабулі ў невялікім горадзе Ворша. Усё вакол такое ружовае, пазбаўленае усялякай вагі і рэчыва, невыносна сьветлае. Бабуля шчыра вітае мяне і, паколькі яна цалуе мяне ў шчаку, я раптам падумаў, што, магчыма, я памёр. Потым я сказаў сам сабе ўслых: “Мая бабуля яшчэ жывая, значыць я проста страціў прытомнасьць і, верагодна, маё цела ляжыць у тым дурацкім ліфце на атамнай станцыі. Магчыма, гэта зноў толькі звышбачаньне і ўсялякая чартаўня”.

Я выходжу з дому і бяру ўсю пошту з паштовай скрыні. Бабуля не правярае яе часта, таму ў ёй вельмі шмат бандэроляў, лістоў й іншай пошты. Я нясу гэта на вэранду і сартырую, заўважаючы са зьдзіўленьнем, што большасьць пошты адрасаваная мне, хаця я ніколі ня жыў у Воршы. Кампутарныя кнігі і падручнікі па мовах. Мая бабуля распавядае мне гісторыі з тутэйшага жыцьця, пакуль я праглядаю пошту.

Раптам у мяне ў вачох імгненна зьяўляецца выява пажарнага, якая накладваецца на сілуэт бабулі, скажаючы яе рысы, спачатку нямоцна, затым робячы іх надзвычай няправільнымі, да поўнай непазнавальнасьці. Я мог зь цяжкасьцю чуць яе голас, быццам нейкі далёкі няскладны рытм напаўняў мае вушы.

“Гэта дзіця Чарнобыля”, – кажа яна.

Rydel23
2002
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG