Яго прызналі вінаватым ва ўчыненьні правапарушэньня па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і вынесьлі папярэджаньне.
Агенцтва БелаПАН паведамляе, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста 26 красавіка каля 22.10 пасьля ўдзелу ў "гадзіне памяці", прысьвечанай чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акцыя праходзіла на цэнтральнай плошчы Бярозы, куды прыйшло больш як 20 чалавек, якія моўчкі з 21 да 22 гадзін прастаялі з запаленымі памінальнымі сьвечкамі.
Пасьля затрыманьня актывіста даставілі ў Бярозаўскі РАУС, дзе ў яго забралі рэшткі сьвечак і склалі пратакол.
"Я ня згодны з такім рашэньнем суду, бо лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня. У тым, што адбывалася на плошчы, з пункта гледжаньня заканадаўства няма прыкметаў пікетаваньня", — заявіў актывіст у інтэрвію БелаПАН.
С.Русецкі не выключае, што можа абскардзіць рашэньне суду Бярозаўскага раёну ў абласной інстанцыі.