Паводле зьвестак міліцыі, у зоне адсяленьня засталося звыш 230 могілак. На Радаўніцу іх наведваюць каля 50 тысяч чалавек.
У выселенай і збольшага закапанай вёсцы Халочча Чачэрскага раёну — двое могілак. Асабліва шмат людзей на пазьнейшых зь іх, дзе пахаваныя людзі з Халочча, Канаваў, паселішча Пралетарскага. Былых жыхароў Халочча і навакольных вёсак у 1990 годзе высялялі нават у Віцебскую вобласьць. Але й адтуль яны прыехалі сёньня пакланіцца родным магілам.
Распавядае 75-гадовы перасяленец Іван Стэсім:
“Чарнобыль выгнаў нас на Віцебшчыну, у Гарадоцкі раён. Жывецца дужа незайздросна. Гатовы на радзіму нават сёньня — не магу я там. Уцёк бы адтуль, але дзяржава дала нам магчымасьць прыватызаваць дом. А так кінуў бы й прыехаў на радзіму. Ужо знайшоў бы, здаецца, лазьню якую ці што. Дык не атрымліваецца: дарагое стала жыльлё. Душа на радзіму рвецца. Мы старыя, дык радыяцыя нам ня страшная. Было наша Халочча — яго зьмялі з аблічча зямлі”.
Жаданьне вярнуцца выказвае й жонка спадара Івана, якая прыехала з мужам на магілу бацькоў:
“У маю хату прэзыдэнт няхай ідзе, а мяне ў Халочча завязе. Гэта таму, што там людзі ня ветлівыя, як зьвяры якія. У Віцебскай вобласьці, у Вархах. За сямнаццаць гадоў у нас дома пабыў толькі зь дзяржстраху чалавек і электрык адзін раз. Тамтэйшых жыхароў больш “аддохла”, чымсьці нашых ад радыяцыі. Хто галодны — павесіцца, хто ў бамжы ідзе. А нашы, бачыце, як арлы прыехалі”.
Пэнсіянэры Стэсімы расклалі на століку стравы — велікодныя булкі, яйкі, каўбасу. Самі частуюцца і родным налілі чарачку й паклалі ў сподачкі на магілы розныя стравы. Такі звычай!
Калісьці ў Халоччы было звыш ста двароў. Цяпер меней за дзясятак хат, дзе засталіся людзі. Ня зьехалі альбо, не прыжыўшыся на новым месцы, вярнуліся назад на бацькаўшчыну.
Спадарыня Іна — адна з такіх. Яна таксама прыйшла пакланіцца родным магілам:
“На Радаўніцу пасядзім, пагаворым. Перад Радаўніцай, канечне, прыходзім і прыбіраем магілкі. Тут у мяне пахаваныя муж, бабуля, сьвякроў, сьвёкар і мама мая”.
Могілкі ў Халоччы прыбраныя толькі ў сярэдзіне, дзе магілы. Вакол — спустошаньне: паваленыя агароджа, дрэвы, гара сьмецьця ўзвышаецца над магіламі:
“Гэта, каб хто напісаў... Людзі прыяжджаюць сюды, агароджа паламаная, ніхто не прыбірае тут. Разумееце, проста гэта нікому не патрэбна. А я ж гарадзіць ня буду. Гэта павінен Роўкавіцкі сельскі Савет рабіць разам з Чачэрскім камунгасам — рамантаваць агароджу, прыбіраць”.
Яшчэ больш запушчанымі выглядаюць у Халоччы старыя могілкі. Адным словам — “зона”!