Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: ініцыятыва чытачоў супраць намераў улады


Сёньня дырэктар Слонімскага быткамбінату пацьвердзіў намер разарваць дамову на арэнду плошчаў з рэдакцыяй “Газеты Слонімскай”.


І сёньня ж сабраныя першыя сто подпісаў пад зваротам насельніцтва ў абарону гэтага выданьня.

Дырэктар унітарнага прадпрыемства “Слонімскі быткамбінат” Станіслаў Іванашка заявіў “Свабодзе”:

“Ну, гэта ж маё памяшканьне. Я ж мушу нешта сваё садзіць там. У чужым будынку вечна ж ня будзеш. Я іх не вытураю. Я папярэдзіў іх загадзя”.

Карэспандэнт: “Мяркуючы па вашым адказе, зь невялікай ахвотай вы выстаўляеце журналістаў на вуліцу?”

“З ахвотай, неахвотай... Зараз такая ўстаноўка: выкарыстоўваць свае плошчы пад сваю вытворчасьць і паслугі”.

Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” арандавала паверх у “Слонімскім быткамбінаце” цягам 7 гадоў. У штаце рэдакцыі працуюць 20 чалавек. За 2007 год рэдакцыя заплаціла ў бюджэт 160 мільёнаў рублёў падаткаў.

Чаму ж улада патурае скасаваньню прыбытковага выданьня? Адказаць на пытаньне адмовіліся і намесьніца старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Марыя Бірукова, і старшыня Слонімскага райвыканкаму Мечыслаў Касьцюк. Праігнараваў просьбу нават загадчык ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Вячаслаў Апановіч:

“Ніякіх меркаваньняў праз тэлефон не даю”.

Каб абараніць выданьне, у Слоніме распачаты збор подпісаў насельніцтва. Кажа адзін з ініцыятараў гэтай справы, урач мясцовага шпіталя Іван Шэга:

“Вельмі шмат людзей далучылася да збору подпісаў. Я ў апошнім нумары зьмясьціў свой водгук на гэтыя падзеі. Дык мне нават зь вёскі людзі тэлефанавалі, казалі, што ў іх многія чытаюць газэту. Людзі просяць: “Калі ласка, пастарайцеся газэту захаваць, бо яна нам вельмі патрэбная”.

Спадар Шэга кажа, што ён пазнаёміўся з рэдакцыйным калектывам, калі быў абраны дэпутатам Слонімскага раённага Савету, і заўсёды дапамагаў газэце інфармацыяй.

“Цяпер, калі ў іх праблемы здарыліся, то мы выявілі ініцыятыву і напісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Са свайго дэпутацкага досьведу ведаю, што ў іншыя інстанцыі зьвяртацца няма сэнсу. А калі сабраць шмат подпісаў, то, мажліва, рэагаваньне атрымаем”.

Заўтра актывісты ініцыятыўнай групы ў абарону “Газеты Слонімскай” будуць зьбіраць подпісы сярод прадпрымальнікаў на цэнтральным рынку Слоніма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG