Ля памятнага знаку, на месцы сымбалічнага пахаваньня Цішкі Гартнага актывісты ўпарадкавалі тэрыторыю, правялі невялікі мітынг ды ўсклалі вянок.
Ушанаваць памяць Цішкі Гартнага прыйшлі дваццаць чалавек. Сваё наведваньне сымбалічнага месца пахаваньня пісьменьніка й дзяржаўнага дзяячы актывісты прымеркавалі да Дня Эўропы.
“Гісторыю робяць людзі сваімі ўчынкамі. Калі гэтыя ўчынкі ня ўпісваюцца ў агульную канву падзеяў, калі людзі знаходзяць сілы сказаць “не” й абазначыць сваю пазыцыю, найчасьцей такія людзі свае жыцьці сканчаюць трагічна”, сказаў на мітынгу старшыня аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу Ўладзімер Навасяд.
Зьміцер Жылуновіч – чалавек з трагічным і супярэчлівым лёсам. Ён нарадзіўся 4 лістападу 1887 году. У кастрычніку 1918 году беларускі пісьменьнік прыняты ў камуністычную партыю. 1 студзеня 1919 году ён ачоліў першы савецкі ўрад Беларусі. У 1930 годзе Зьмітра Жылуновіча выключылі з партыі. У 1936 годзе арыштавалі, а ў 1937-м назвалі псыхічна хворым. 7 красавіка 1937 году яго зьмясьцілі ў магілёўскую псыхіятрычную лякарню, у якой ён 12 кастрычніка скончыў жыцьцё самагубствам.