Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Зэльве гэбня стракацела ўваччу”


Сёньня – 25 гадоў з дня сьмерці Ларысы Геніюш. У 17:30 у Менску ў сквэры каля Філярмоніі адбудзецца акцыя памяці паэткі - паведамляе БХК.

Паэтка, якая не прыняла грамадзянства СССР і да канца дзён лічыла сябе грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мужная жанчына, якая за сваю любоў да радзімы была засуджаная на 25 гадоў бальшавіцкіх лягераў і ў іхным пекле ня толькі вытрывала сама, але і стала духоўнай апорай іншым рэпрэсаваным. Пасяліўшыся з мужам пасьля вызваленьня ў мястэчку Зэльва, яна зрабілася ідэалам беларускасьці для моладзі і аб’ектам бесьперапыннага цкаваньня для ўладаў. Да сёньня імя Ларысы Геніюш не рэабілітаванае.
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў — адзін з тых, хто сустракаўся зь легендарнай паэткай незадоўга да яе сыходу ў іншы сьвет. Дзень 7 красавіка 1983 году ён памятае як адзін з самых скрушных у найноўшай гісторыі Беларусі.
“Тая навіна пра сыход Ларысы Геніюш не была для мяне раптоўнай, бо за колькі дзён я пасьпеў разьвітацца зь ёй у гарадзенскім шпіталі, калі Ларыса Антонаўна ўжо ведала, што пакідае гэты сьвет, што сыходзіць у нябесную Беларусь, калі яна падрыхтавала сваім сябрам і знаёмым, да якіх я меў гонар належаць, духоўныя запаветы. І ўсё роўна, безумоўна, гэтая вестка балюча ўдарыла па сэрцы, бо было разуменьне, што мы разьвітваемся з адной з найлепшых беларусак сучаснасьці, нязломнай грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі, якая перахоўвала ў тыя нялюдзкія гады ідэалы нашай незалежнасьці.
Сёньня я думаю, што калі б лёс і людзі дазволілі Ларысе Геніюш дажыць да нашых дзён, разьвітаньне зь ёю было б зусім іншым. На гэтае разьвітаньне, я думаю, прыехалі б у Зэльву сотні, а напэўна і тысячы людзей, і той гэбні, якая проста стракацела ўваччу 25 гадоў таму, я думаю, за гэтымі людзьмі проста не было б відаць”.
Гісторык Міхась Чарняўскі быў адным з самых блізкіх сяброў Ларысы Геніюш. Менавіта яму яна даверыла перахаваць да лепшых часоў рукапіс сваіх успамінаў “Споведзь”. Тое, што адбывалася ў Зэльве 25 гадоў таму, бачыцца яму цяпер як дэманстрацыя народнай любові да сваёй паэткі.
“Можа, ніколі Зэльва ня бачыла такіх пахаваньняў і ніколі там не было столькі жадаючых разьвітацца зь нябожчыцай. І ня толькі тых, што прыехалі туды зь Менску і іншых гарадоў Беларусі, але мясцовы люд складаў асноўную масу тых, хто хацеў разьвітацца, тых, хто праводзіў яе ў апошні шлях. Менавіта зэльвенцы, якія жылі побач, якія яе добра ведалі і якія, можа, асабіста і не былі знаёмыя, а толькі чулі пра яе ці бачылі здалёк, але ўсе яны прыйшлі на адпяваньне ў царкву — там было мноства народу, вуліца запоўненая ўся была. Таксама ўсе яны праводзілі Ларысу Геніюш і на могілкі. Гэта было такое народнае пахаваньне, бо гэта была асоба ня толькі для ўсёй Беларусі, але і для зэльвенцаў гэта была асоба вельмі вялікая, вельмі значная. Я думаю, яна ў памяці зэльвенцаў і зараз”.
Паэтка Данута Бічэль, шматгадовая сяброўка Ларысы Геніюш, лічыць, што беларусы яшчэ не асэнсавалі ні яе творчую спадчыну, ні ролю асобы ў гуртаваньні нацыі.
“Ларыса Геніюш пакуль што сярод нас як творца, таму што мы яшчэ і не пасьпелі прачытаць яе, і не пасьпелі ўсё яе надрукаваць. Таму што яе лісты, вось той том, які зрабіў Міхась Скобла, — гэта маленькая доля таго, што яна напісала. А яе лісты былі, можа, нават цікавейшыя, чым — ну, ня вершы, не, але чым проза — то адназначна. Таму што паэты ня ўмеюць пісаць прозы, а лісты яе былі — своеасаблівыя эсэ.
Вось прайшло столькі часу — 25 гадоў — і яе вобраз як бы выкрышталізаваўся і стаў нам больш відочны. Яна цягне, канечне, на духовую маці нашай нацыі. Яе жыцьцё і яе дзейнасьць паказалі, што чалавек можа рэалізаваць сябе ў любых умовах. Ва ўмовах няволі — таксама. Як паэт, як грамадзянін, як дзеяч, як духоўны лідэр нацыі. Чалавек можа быць вольным у няволі таму, што ён мае магчымасьць зрабіць выбар тварыць дабро, тварыць вечнае. Што мы і бачылі на яе вобразе”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG