Уліцёнак: “Сёньня бытуе думка, што развал беларускае сям’і – гэта вынік сацыяльна-эканамічных праблемаў, зь якімі сутыкаецца краіна. А вашае меркаваньне?”
Хведарук: “Я безумоўна ўпэўнены, што найперш гэта вялікая духоўная праблема грамадзтва. Людзям, якія страцілі надзею і веру, цяжка выхоўваць дзяцей. Яны ня вераць ў сябе, дык хіба змогуць дастойна расьціць зьмену”.
Уліцёнак: “Лічыцца, што як нацыя беларусы ўратуюцца тады толькі, калі кожная другая сям’я будзе мець трох малых, а пакуль маем удвая менш…”
Хведарук: “На вялікі жаль, гэта праблема любога матэрыялістычнага грамадзтва – цяпер жа ў наяўнасьці сапраўдная інвазія мусульманаў у Эўропу. Яна маюць па пяць-дзесяць дзяцей! І паціху захапляюць ужо эўрапейскі кантынэнт. А ў карэннага насельніцтва на першым пляне грошы й кар’ера – матэрыялістычны погляд на жыцьцё”.
Уліцёнак: “У Беларусі ёсьць парадаксальная праблема менавіта беларускамоўнай сям’і…”
Хведарук: “Прывяду прыклад аднаго з кіраўнікоў украінскага незалежнага руху мітрапаліта Андрэя Шaптыцкага, каторы ўвесь час выступаў за тое, што моцным падмуркам сапраўды ўкраінскай дзяржавы, яе незалежнасьці будзе якраз-такі сям’я. І з тае нагоды ў грамадзтве ўкаранілася ідэя – той, хто здрадзіць сваёй жонцы, ёсьць горшы за дзяржаўнага злачынцу. Тое і захавала там моцную нацыянальную ідэнтычнасьць. Нягледзячы на фашысцкую, савецкую акупацыю, выпрабаваньні з Польшчай, Вялікім княствам…Біблія таксама сьведчыць пра перадачу генэтычнага коду менавіта празь сям’ю. Гэта моцны чыньнік”.
Уліцёнак: “Такім чынам – размова пра неабходнасьць свайго роду хрышчэньня беларускай сям’і?”
Хведарук: “Мы мусім мець любоў Хрыста і своеасаблівае ўцаркаўленьне сем’яў. Яскравым прыкладам тут для нас зьяўляецца тая ж Заходняя Ўкраіна, дзе найперш дзякуючы царкве і сям’і і захаваліся мова з традыцыямі”.