Уліцёнак: “Зьміцер, як вам падаецца: ідэі, ідэалы БНР лягчэй успрымаць сёньняшнім маладым людзям, або пакаленьню 1980-х, калі развальвалася савецкая імпэрыя?”
Cьвет становіцца глябальным, а ў выніку для некаторых людзей беларускія каштоўнасьці сыходзяць на другі плян
Хведарук:”З аднаго боку, папярэднікам было крыху лепш асэнсаваць гэта… Напрыклад, знакам да перагляду поглядаў стаў Чарнобыль”.
Уліцёнак: “Але ж яны практычна нічога ня ведалі пра Рэспубліку!”
Хведарук: “Зь іншага боку, як зараз надзвычай шмат любой інфармацыі і сьвет становіцца глябальным, а ў выніку для некаторых людзей беларускія каштоўнасьці сыходзяць на другі плян. Маладому пакаленьню будзе, мне падаецца, троху цяжэй асэнсаваць тое, што адбылося”.
Уліцёнак: “Які ўрок беларускага дзяржаўнага адраджэньня для вас найважнейшы?”
Хведарук: “Тое, што сьвятое месца ня можа быць пустым: мары тых, хто запачаткаваў БНР, пра ўласныя дзяржаўныя сымбалі, войска, грошы і гэтак далей – ажыцьцявіліся”.
Уліцёнак: “Што патрабуецца для палітычнай кансалідацыі нацыі сёньня?”
Хведарук: “Трывалая ідэя, якой сапраўды пачне трымацца беларускае грамадзтва. За якой людзі змогуць пайсьці і за якую яны могуць пацярпець”.
Уліцёнак: “Што ў сёньняшнім нацыянальным працэсе вас засмучае і што – радуе?”
Хведарук: “Радуе, безумоўна, што шмат маладых прыходзіць цяпер у палітыку. Каторыя пішуць песьні, вершы… А засмучае, што за гэтым усім людзі перастаюць цаніць самыя простыя каштоўнасьці, нават чалавечыя – яны становяцца другараднымі. Шмат моладзі замест удзелу ў актыўным жыцьці сыходзіць у падпольле, апускаецца на дно бутэлькі. Перастае верыць ва ўсё, апроч сябе, у выніку – для кожнага свой маральны стандарт. Вялікая праблема і ў тым, што пануе татальная расейская культура. Ня тая, якая сапраўдная, вялікая сваімі дасягненьнямі. А – псэўдасучасная”.
Радуе, што шмат маладых прыходзіць цяпер у палітыку
Уліцёнак: “У такім разе: якой вам бачыцца пэрспэктыва беларускага нацыянальнага адраджэньня?”
Хведарук: “У тым, што зараз адбудзецца хоць невялікая зьмена пакаленьняў. І тыя, хто зараз падрастаюць і прагнуць адраджэньня, яны пасталеюць і змогуць узяць на сябе адказнасьць. Нацыя патрабуе зараз сапраўды адказных людзей”.
Уліцёнак: “Дзе вы будзеце на Дзень Волі?”
Хведарук: “Спадзяюся, сустрэнемся зь сябрамі разам на плошчы Якуба Коласа ў 18.00”.
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Хведарук. За дваццаць дзён да 90-х угодкаў БНР Зьміцер адзначыў сваё 20-годзьдзе. Ён адзін зь лідэраў «Маладога Фронту», агулам адсядзеў больш за 30 сутак у турмах і ізалятарах, у тым ліку і ў камэры-адзіночцы так званай «амэрыканкі». Нядаўна падчас адной з апазыцыйных акцый пасьля паездкі ў Злучаныя Штаты, дзе Зьміцер разам зь некалькімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў сустракаўся з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, яго жорстка зьбілі амапаўцы: у шпіталь маладзён трапіў без прытомнасьці.