Хавалі Васіля Чубанава, калі Беларусь адзначала дзевяностыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, чые ідэалы былі для яго сьвятымі. Памёр ён у старой бацькоўскай хаце, так і не збудаваўшы хаты новай. Самотнай засталася Васілёва дзевяностагадовая маці. Праводзіць яго ў апошні шлях прыйшло няшмат людзей: маці, брат, сястра, дзясятак суседзяў ды ягоныя калегі па грамадзкай дзейнасьці.
Вясной 1996 году на адной з акцыяў пратэсту апазыцыі Васіль Чубанаў пазнаёміўся з Уладзімерам Кудраўцавым. У памяці Кудраўцава ягоны сябра застанецца чалавекам мужным, самаахвярным і адважным.
Уладзімер Кудраўцаў кажа:
“Гэты чалавек шмат хадзіў па зямлі й па моры. Ён быў штурманам і дасьведчаным мараходам. Падыходзіў нават да берагоў Амэрыкі. Васіль быў бы карысным беларускаму гандлёваму флёту. Ён мроіў пра кругасьветнае падарожжа на самаробным караблі”, – кажа Ўладзімер Кудраўцаў.
Васіль Чубанаў любіў дэбаты. Ён часта наведваў заняткі “Народнага ўнівэрсытэту”, якія праходзілі пры канцы дзевяностых у Крычаве. Сьмела ўступаў у палеміку зь вядомымі беларускімі эканамістамі ў пытаньнях пэрспэктываў разьвіцьця беларускай гаспадаркі. Шмат ягоных матэрыялаў друкавалася на старонках недзяржаўнай газэты “Вольны горад”.
У чэрвені 2007 году цяжка хворы Васіль Чубанаў расказаў пра сваё жыцьцё чытачам “Вольнага гораду”.
Вось невялікі фрагмэнт таго аповеду: “Беларусь бяднее. З намі ніхто не зьбіраецца сябраваць ды супрацоўнічаць. Захад паволі выцісьне нас з усіх рынкаў. Расея ў любы момант можа перакрыць пастаўкі энэргарэсурсаў. Курсы валют будуць расьці, а беларускі рубель будзе падаць. Мы будзем супрацоўнічаць з адсталымі краінамі Афрыкі і краінамі-ізгоямі. Урэшце, апынемся ў сытуацыі, калі ня будзем ведаць, што рабіць. Гэтак будзе, калі людзі не пачнуць думаць пра сваю будучыню й дзейнічаць”.
Пра Васіля Чубанава згадвае рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны:
“Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, Васіль усё ж будаваў хату. Зруб паставіў. Гэта сьведчыць пра тое, што Васіль хацеў жыць. Ён часьцяком заяўляў, што ў Беларусі пры цяперашнім рэжыме добрага жыцьця для яго ня будзе. У яго такая была мара: зьехаць у Амэрыку. Амэрыка – гэта была краіна, пра якую ён мроіў і ў якую хацеў патрапіць”.
У 2006 годзе Васіль Чубанаў знаходзіўся сярод каліноўцаў у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы. Яго затрымалі, і нейкі час ён знаходзіўся ў Навінках. Згадвае кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
“Два гады таму гэты чалавек пабыў на плошчы Каліноўскага, і тое, што яго там затрымалі й два тыдні пратрымалі ў вар'ятні, не атрымала шырокага асьвятленьня. Гэта быў змагар. Гэта быў той чалавек, які змагаўся за незалежнасьць Беларусі, за ейную будучыню. Які ахвяраваў дзеля гэтага сваё здароўе, сваё жыцьцё. Мы будзем яго памятаць і будзем арыентавацца на яго, на ягоную мужнасьць, на ягоныя прыклады змаганьня за Беларусь, за волю, за незалежнасьць, за эўрапейскасьць”.
Васіль Чубанаў нарадзіўся 3 траўня 1939 году на Крычаўшчыне. Скончыў Калінінградзкую мараходную вучэльню. Абышоў на караблях дальняга плаваньня два акіяны: Ціхі ды Атлянтычны. На пэнсію пайшоў з пасады капітана гандлёвага карабля. У Крычаў вярнуўся, калі Беларусь стала незалежнай. У 1994 годзе, пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі, стаў сябрам руху “БНФ “Адраджэньне”.