На кожным пікеце перад будынкам амбасады Кітайскай Народнай Рэспублікі разам з тыбэцкай сымболікай і сьцягамі заўважны бел-чырвона-белы сьцяг, заклікі па-беларуску. Са сваёй сымболікай далучыліся да грамадзянскіх акцыяў у Літве беларусы – студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
У часе пікетаў гучыць тыбэцкая музыка, якую выконваюць самі ўдзельнікі на інструмэнтах, прывезеных з Тыбэту.
Сёньня на пікеце перад амбасадай Кітаю сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Студэнт ЭГУ Алег Грубіч трымаў плякат з надпісамі па-кітайску і па-беларуску, які зрабіў для акцыі сам.
“Я прыходжу сюды чацьвёрты дзень, штодня, ад таго часу, як пачаліся акцыі. Чаму? Папросту не магу трываць гэтага злачынства, якое чыніцца супраць манахаў, супраць ламаў у Лхасе зараз.
Я лічу, што змагаючыся за свабоду іншых, чалавек сам робіцца вольным, свабодным. Лічу, што няма ў свабоды нейкай пэўнай нацыянальнасьці, – калі мы сюды прыходзім, мы робім крок насустрач сабе і насустрач свабодзе ў Беларусі”, – сказаў Алег Грубіч.
Вельмі важна, што тут з намі беларусы. Яны сапраўды разумеюць, што такое змаганьне за свабоду ў сьвеце.
“Вельмі важна, што тут з намі беларусы, – кажа адна з выступоўцаў. – Беларускія студэнты прыходзяць ня толькі да амбасады Беларусі ў Вільні зь пікетамі, яны сапраўды разумеюць, што такое змаганьне за свабоду ў сьвеце”.
Она Жыданіце з ініцыятыўнай групы руху за свабоду Тыбэту кажа, што спачатку быў задуманы толькі адзін пікет, але цяпер акцыя пратэсту вырасла ў пяцідзённыя пікеты і музычныя акцыі па вечарах, а якраз сёньня пачаў працаваць і літоўскі сайт руху.
“Да нас далучыліся людзі добрай волі. Наш нефармальны рух за свабоду Тыбэту – гэта згуртаваньне простых грамадзянаў усяго сьвету. Мы вельмі ўдзячныя беларусам, мы асабліва гэта падкрэсьліваем: нас найбольш цягам гэтых акцыяў уразіла высокая сьвядомасьць беларускіх студэнтаў, гэта сапраўдны прыклад для нашых літоўскіх студэнтаў”.
Акцыі ладзіць літоўскі нефармальны рух за свабоду Тыбэту, які ініцыявала група літоўскай пісьменьніцы Юргі Іванаўскайце па падтрымцы Тыбэту. Пікеты санкцыянаваныя. Рух завецца нефармальным, паколькі ён не зарэгістраваны афіцыйна. Незарэгістраваныя арганізацыі і суполкі ў Літве дзейнічаюць свабодна, удзел у такіх арганізацыях не зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Паліцыя пікетоўшчыкам не перашкаджала.
Акцыі “За свабоду Тыбэту” будуць працягвацца ў Вільні да канца тыдня. Яны таксама прысьвечаныя памяці пісьменьніцы Юргі Іванаўскайце, аўтаркі некалькіх кніг на тэмы Тыбэту, які яна ведала з досьведу ўласных паездак.