У фальварку Акопы, што на Лагойшчыне, Янкам Купалам было напісана ўсё тое, што прынесла яму ўсенароднае прызнаньне. “Паўлінка”, “На куцьцю”, “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Раскіданае гняздо”. Але музэй тут паўстаў толькі за часамі незалежнай Беларусі, у 1992-м годзе.
Калі я вандрую па мясьцінах Янкі Купалы, мяне заўжды наведвае адчай. Прыехаць бы сюды гадоў дзесяць-пятнаццаць назад. Колькі яшчэ тады жыло тых людзей, якія непасрэдна з паэтам бачыліся, гутарылі ці нават бралі чарку. Сёньня тыя, хто жыве ў ваколіцах Акопаў, Харужанцаў ды Янушкавічаў, могуць распавесьці пра Купалу толькі са словаў сваіх суседзяў і сваякоў, якія ўжо адышлі з гэтага сьвету. Напрыклад, стары Віктар Гінтаўт. Былы малатабоец, 70-гадовы сівы волат, жыве ў Вялікіх Бесядах, літаральна за некалькі кілямэтраў ад былога хутара Селішча, які сям’я Луцэвічаў арандавала ад 1895 па 1904 гады. Дзядзька спадара Віктара Франц сябраваў з паэтам.
Карэспандэнт: “А пры якіх абставінах пазнаёміліся? Хто яны былі? Прыяцелі?”
Віктар: “Тут во вёска Баршчэўнік ёсьць. І Янка Купала прыйшоў туды, у Баршчэўнік, там была вечарына. Разам з жонкай сваёй. І там быў мой дзядзька. І вось яны там пазнаёміліся”.
Карэспандэнт: “А што расказваў пра Купалу?”
Віктар: “Ён быў маладзейшы за Янку Купалу намнога. Ён яго характарызуе вельмі добрым чалавекам. Яны ў Селішчы жылі. Першы хутар быў Селішча, дзе яны жылі. Тут былі ў вёсцы мужыкі, якія пры маёй памяці расказвалі, як яны ў яго рабілі, у Янкі Купалы. Там быў добры сад, вельмі вялікі. Пасьля яго выкарчавалі.
Карэспандэнт: “Яны ж былі небагатыя арандатары?”
Віктар: “Я б не сказаў, што небагатыя. Старыя расказвалі, што хадзілі да іх на заработкі”.
Карэспандэнт: “Усе гэтыя байкі, што мы чулі ў школе, пра беднае жыцьцё Купалавай сям’і...”
Віктар: “Нешта тут трохі, мусіць, нас падманвалі. Казалі, што прыйдзе на могілкі, на Пакрава, калі многа зьбіраецца старых, мужыкоў. Дык ён накупляе гарэлкі, напоіць, а яны анэкдоты травяць, вершы, хто што можа. А ён усё ў блякноцік запісваў”.
Карэспандэнт: “Віктар Станіслававіч, а вы самі ня памятаеце тыя Акопы?”
Віктар: “Ой, братка! Я сто пяцьдзясят раз быў у тых Акопах. Там жа сена касілі, убіралі. Ужо пасьля вайны там былі толькі адны падмуркі. Тут во дубы, як уяжджаеш, налева, было відаць, дзе пуні стаялі. Ну і руйнавалі, руйнавалі бульдозэрам”.
Карэспандэнт: “Дзеля чаго?”
Віктар: “Золата шукаў хлапец”.
Карэспандэнт: “Як любяць беларусы золата шукаць. Хлебам не кармі”.
Напэўна, няма на Лагойшчыне чалавека, які б не ганарыўся тым фактам, што п’еса “Паўлінка” напісана пра іх край.
Віктар: “Ён хацеў жаніцца з гэтай Аўлачынскай. А яна за яго не пайшла, дык ён пад псэўдонімам за гэта на Аўлачынчыху напісаў “Паўлінку”. Там усё ўзята з Харужанцаў. Усе гэтыя дзеючыя асобы...”
Карэспандэнт: “А што пра яе казалі? Прыгожая была?”
Віктар: “Канечне. Усе Аўлачынчанкі вельмі прыгожыя. Усе прыгажуні”.
Беларуская ўлада ў 1992 годзе зрабіла ў маленькай вёсцы Харужанцы літаратурны музэй паэта. І хоць экспазыцыя не вылучаецца багацьцем экспанатаў (маю ўвагу прыцягнулі пісьмовы стол і пяро паэта), само гэтае месца, дзе былі напісаныя галоўныя ягоныя творы, у будучыні яшчэ зайграе. Загадвае музэем былы дырэктар Янушкавіцкага саўгасу, Валянцін Журко. Да яго я і паехаў у недалёкія Янушкавічы.
Янушкавічы радуюць вока падарожніка вялікім возерам пасярод вёскі, на высокіх берагах якога разьлеглася мястэчка. Спыніўшы машыну, я выйшаў палюбавацца на супрацьлеглы бераг з рэшткамі панскіх сьвірнаў.
Тут да мяне падышоў мясцовы жыхар, які прадставіўся пэнсіянэрам Міхалам Міхалычам.
Міхал: “Тут быў панскі маёнтак. Дзе склады, цалкам быў панскі маёнтак. Гэты бэз пан садзіў. Засталіся толькі падмуркі”.
Даведаўшыся, што я журналіст “Свабоды”, Міхал Міхалыч вырашыў адкрыць мне вочы на рэчаіснасьць. І пачаў рэзаць праўду-матку.
Міхал: “Тут нічога няма. Два п’яніцы ходзяць на работу і дзьве п’яніцы даяркі і сьвінаркі. Больш тут нічога няма. Тут памянялася старшыняў дваццаць. Ужо ў гэты час няма чым карміць гэтых кароў. Дык цяляты нараджаюцца бяз поўсьці. Тут настолькі ўсё дабіта. Але бухгальтар ёсьць. Дырэктар ёсьць. Гэтыя атрымліваюць грошы. Тут няма ўлады. Уладу альбо баяцца, альбо паважаюць. Тут і не баяцца, і не паважаюць. Тут такое творыцца, што... За гэты год тры забойствы маладых хлопцаў”.
Падзякаваўшы няўрымсьліваму Міхалу Міхалычу за праўдзівую карціну янушкавіцкага жыцьця, я адправіўся ў госьці да Валянціна Журко, усё больш разумеючы гэтага чалавека. У наш час лепш мець справу з музэем вечна жывога клясыка, чым зь ледзь жывым саўгасам. Нестары, усьмешлівы, поўны энэргіі гаспадар сустрэў мяне на сваім вялікім пчальніку.
Карэспандэнт: “Экспазыцыя была арганізавана...”
Валянцін: “У 92-м годзе. Хоць, на маю думку, яе трэба было арганізаваць раней. Амаль трыццаць пяць гадоў тут Янка пэрыядычна працаваў. У Вязынцы ён што? Нарадзіўся ў 82-м. У 83-м яны пераехалі на Лагойшчыну”.
Карэспандэнт: “І паэтам ён стаў менавіта тут”.
Валянцін: “Так. І тут большая частка жыцьця прайшла. Але ў 29-м годзе была калектывізацыя. Маці раскулачылі. І той уладзе зусім не з рукі было музэй ствараць. Яны адмаўляліся, як маглі. Я хачу раскруціць яго на поўную катушку. Я ўсю рэспубліку падключу. Яны ў мяне паедуць сюды. Прымусім, калі не паедуць”.
Будынак музэя стаіць на месцы хутара, дзе жыла Купалава сястра Марыя. Вольнае жыцьцё Акопаў скончылася ў 29-м годзе, калі раскулачвалі ўсіх. У тым ліку і радню паэта. Пагроза высылкі навісла нават над Бянігнай Луцэвіч.
Валянцін: “Яе ж хацелі саслаць. І сёстраў. Сёстраў ужо везьлі, у Барысаве зьнялі, калі ён напісаў ліст Чарвякову. Чарвякоў даў каманду “адставіць”. Купалу, яго сям’ю, сваякоў не высылаць. Вось ім было і нязручна адкрываць гэты музэй. Хацелі так... Думалі, што замнецца”.
Карэспандэнт: “Я шкадую, што занадта малады я. Паезьдзіць бы па гэтых мясьцінах гадоў дзесяць назад. Колькі людзей магло ўспомніць...”
Валянцін: “У мяне ў Харужанцах жыў Тамашэўскі. Быў старшынём прафкаму. Быў у такіх гадах, што помніў. Янка Купала асабліва вясёлы быў. Як вып’е, кажа, ой, дзевак любіў. І пісаў. Як вып’е, у яго ўсё вылятала. Вып’е трохі, і пісаў клясна. Верш за вершам, страчыў і страчыў. Пасьля, як яго прыціснулі ў трыццатыя гады, стыль пісаньня зьмяніўся”.
Я ня стаў удакладняць у дырэктара музэя, якія менавіта творы выйшлі з-пад пяра паэта пасьля выпіўкі. Адно толькі падзівіўся старой, як сьвет, гісторыі. Чым далей адыходзіць паэт, тым больш знаходзіцца ў яго сабутэльнікаў.
У Янушкавічах, на беразе возера, стаіць маленькі дамок зь белай цэглы. Музэй вайсковай славы. Ягоная загадчыца, дырэктарка мясцовай школы Галіна Карповіч, жанчына разумная і прыемная, дзеля мяне кінула свае хатнія справы. На месцы гэтага сылікатнага дамка некалі стаяла драўляная хата, у якой менскім падпольшчыкам былі перадалі міну, каб зьнішчыць Вільгельма Кубэ.
Галіна: “Вось на гэтым месцы стаяла будыніна, хатка, тут жыла сям’я Вярбіцкіх. Хатка стаяла на скрыжаваньні дарог. Заходзілі. Хто спытацца дарогі, хто папіць вады. Гэта была явачная кватэра”.
Карэспандэнт: “Зьнішчылі Кубэ”.
Галіна: “Я ведаю, што Вы зараз спытаецеся”.
Карэспандэнт: “Ці вартая была сьмерць аднаго...”
Галіна: “Як да нас прыяжджаюць немцы, яны заўжды пытаюцца. Ведаеце, Кубэ выходзіў на стаўку Гітлера, каб зьнішчыць больш за мільён беларусаў. Гаворка ішла пра мільён. Пра мільён нашых жыхароў. Партызаны паказалі сваю сілу. У яго ведаеце, якая была ахова? Больш за сто сорак чалавек”.
Карэспандэнт: “Вы сказалі, што тут бываюць і немцы?”
Галіна: “Так. Немцы заўжды пытаюцца — ці варта гэта было?” Я кажу, што мы ня маем права зараз высновы рабіць, варта ці ня варта. Гэта было зроблена. Такое было прынята рашэньне. Гаворка ішла не пра Кубэ, не пра Мазанік і Осіпаву. А пра мільёны жыхароў Беларусі, пра тое, каб гаўляйтэра спыніць, бо гэта ж вар’яцтва”.
Які адчайны і неразважлівы чалавек быў Вільгельм Кубэ. Ва ўмовах Беларусі партызанскай трымаць толькі 130 чалавек у ахове. Паглядзеў бы ён на ахову часоў “моцнай і квітнеючай”. Але ад Кубэ нашая размова вярнулася да Купалы. У спадарыні Галіны, як, напэўна, ва ўсіх тутэйшых, быў свой “Купалаў знаёмы”. І ён, дзякуй Богу, зь ім ня піў.
Галіна: “Казаў, што вельмі звычайны быў чалавек. Неганарысты. Як цяпер партакраты прыяжджаюць, да іх не падыдзеш. Вельмі важныя, з такой аховай, з такім відам, яны ж павучаюць усё. А то вельмі звычайны. Сеў на пянёк, пагутарыў. Калі ён задаваў пытаньні, ён доўга слухаў, што ты гаворыш. Удумліва, удумліва. За кожнае слова быццам чапляўся. Ня проста задаваў пытаньне, ты кажы што хочаш, а я буду сабе глядзець ды думаць. Ён глядзеў на чалавека і як бы празь сябе прапускаў тое, што ён кажа”.