Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сярэдзіч: “Наклад “Народнай Волі” затрымалі беспадстаўна”


Сёньня міліцыянты Дубровенскага райаддзелу міліцыі затрымалі наклады сьвежых нумароў газэт “Народная воля” і “Товарищ”. У сувязі з гэтым заснавальнік і галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч даў інтэрвію “Свабодзе” і агучыў заяву рэдакцыйнага калектыву.


Перадусім спадар Сярэдзіч акцэнтаваў увагу на тым, што затрыманьне — беспадстаўнае:

“Наклад газэты — цюцелька ў цюцельку! Дакумэнты і ўсё іншае — у парадку. Абсалютна няма падставаў.

У нумары — артыкулы Вячаслава Оргіша, Сямёна Букчына і іншых аўтараў. На старонках нашага выданьня — моцная публіцыстыка”.

Пытаюся ў галоўнага рэдактара, ці прызначаўся сьвежы нумар газэты да распаўсюджваньня 25-га сакавіка.

“Не!” — запэўнівае Іосіф Сярэдзіч і тлумачыць:

“Артыкул Оргіша мае назву “Спалоханыя ўцёкі ад дэмакратыі, альбо чаму беларускае кіраўніцтва ўчыніла сварку з Вашынгтонам?” Гэта глыбокі аналітычны артыкул. Публіцыст Оргіш дасьледуе актуальную тэму. І ён мае на гэта права”.

А вось што кажа галоўны рэдактар пра мэты перасьледу выданьня:

“Яны пакуль ні слова не патлумачылі. Заявілі вадзіцелю, што возьмуць па адным нумары газэты “Народная воля” і газэты “Товарищ”, ды пайшлі чытаць-вывучаць”.

Карэспандэнт: “Ці выяўляецца ў гэтым самастойнасьць міліцыянтаў?”

“Якая самастойнасьць?! Міліцыі — да лямпачкі! Яна мусіць цяпер бандытаў там лавіць! Міліцыянты — хлопчыкі на пабягушках у іншых структураў. Мне проста сорамна за такую міліцыю. Няхай бы яны адразу адагналі гэтую аўтамашыну ў аддзяленьне КДБ. Няхай бы ў Воршу ці Менск прывезьлі. Няхай бы нейкая прэзыдэнцкая структура займалася. Гэта ж ня справа міліцыі. Праверылі на дарозе дакумэнты, ёсьць у кіроўцы пуцявы ліст — усё, бывайце здаровыя!

Я хачу заявіць, што гэта проста дзікунства. Спэцслужбы, якія жывуць за кошт падаткаплатнікаў, не навучыліся працаваць. Яны не навучыліся адпрацоўваць кожны рубель ад шараговых людзей. Як можна рабіць адно і тое ж?!”

Цяпер Іосіф Сярэдзіч спрабуе атрымаць адказы ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Зьвяртаецца ён і ў пракуратуру. Галоўны рэдактар таксама не выключае, што давядзецца самому ехаць у Дуброўна, каб вызваляць затрыманы нумар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG