Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійцы бароняць "Прессбол"


Вядомыя спартоўцы і трэнэры пачалі кампанію ў абарону газэты "Прессбол"


Блізу чатырох дзясяткаў атлетаў выказалі падтрымку самаму масаваму спартоваму выданьню, якое на рашэньне выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (НАК) 28 лютага было пазбаўленае акрэдытацыі на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне.

Адлучэньне матываванае тым, што "Прессбол" друкуе матэрыялы, якія “абражаюць пачуцьці спартоўцаў і падрываюць дзелавую рэпутацыю НАК».

Сярод спартоўцаў, якія ўжо выказалі салідарнасьць з «Прэсболам», чэмпіёны і прызэры Алімпійскіх гульняў, усясьветных і кантынэнтальных першынстваў: веласыпэдыстка Натальля Цылінская, фрыстайліст Дзьмітрый Дашчынскі, легкаатлетка Юлія Несьцярэнка, гімнастка Ганна Глазкова, баскетбалістка Алена Швайбовіч ды іншыя.

На гэты час каля сарака дзейных спартоўцаў, а таксама атлетаў, якія ўжо завяршылі выступы, заявілі пра недапушчальнасьць такіх жорсткіх захадаў з боку НАК. Вось меркаваньне алімпійскага чэмпіёну ў веласпорце Ўладзімера Камінскага:

“Паколькі газэта дае шмат крытычных матэрыялаў, дык каму гэта спадабаецца? Калі вас у сям’і хтосьці пастаянна крытыкуе, колькі вы вытрымаеце? Так урэшце і здарылася. Вы ж ведаеце, што ўжо былі судовыя працэсы “Прессбола” зь Міністэрствам спорту, цяпер вось справа з Алімпійскім камітэтам. Натуральна, гэта дрэнна, што газэту, так бы мовіць, “дыскваліфікавалі”. Але ж рашэньне ёсьць, супраць асабліва не папрэш. Гэта як мы колісь спрабавалі зарэгістраваць Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў: дакумэнты падалі, усё было добра. Але тры гады паперы праляжалі ў камісіі Праляскоўскага, і потым нам адказалі, што мы дрэнна падрыхтавалі дакумэнты. І мы зразумелі: ну што ж, ня наш час яшчэ”.

Фармальнай падставай да пазбаўленьня акрэдытацыі журналіста і фотакора “Прэсболу” на маючай адбыцца Алімпіядзе ў Пэкіне стаў артыкул алімпійскай прызэркі ў біятлёне, а цяпер журналісткі «Прэсболу» Сьвятланы Парамыгінай «Алімпійская “памыйка”. Яна прывяла факты адмываньня дзяржаўных сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку алімпійцаў, праз сумнеўныя расейскія фірмы. Кіраўніцтва НАК сьледчы імпэт журналісткі не падзяліла, заявіўшы пра “падарваную газэтай рэпутацыю алімпійскага руху”.

Кіраўніцтва "Прессбол" па гарачых сьлядох зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў у звароце да Лукашэнкі наўпрост сьцьвярджае, што зь ініцыятывы НАК "Прессбол" пазбаўлены права на працу:

“Ва ўсялякім разе, "Прессбол" асьвятляў усе апошнія гульні беларускага сувэрэнітэту. І мы ня можам сабе дазволіць не асьвятляць такія спаборніцтвы, гэта ўсё роўна, што парушыць Канстытуцыю і пазбавіць чалавека права на працу. Мы – самае масавае спартовае выданьне краіны, гэта наш хлеб, гэта наша праца. За намі стаяць тысячы чытачоў. Гэта тое ж самае, як забраць гаечны ключ у сьлесара, пазбавіўшыя яго магчымасьці працаваць. Пазбавіць права на працу – я гэта так расцэньваю. Таму гарант Канстытуцыі, прэзыдэнт НАК, мне падаецца, павінен усё разглядзець і прыняць правільнае рашэньне”.

Нават не самыя вялікія прыхільнікі "Прессбола" ня бачаць асаблівай мэтазгоднасьці ў радыкальных захадах спартовых чыноўнікаў. Прызэр першынстваў сьвету і Эўропы ў кіданьні молату, сябра БРСМ Вадзім Дзевятоўскі кажа, што такое “пакараньне” ня пойдзе на карысьць ні спорту, ні заўзятарам, ні тым жа чыноўнікам НАК:

“Я сам будучы юрыст, трэба ўсімі нюансамі валодаць, каб разабрацца -- чаму такое адбылося? Але ў НАК я ведаю людзей і ня думаю, што яны там нейкія дрэнныя. І карэспандэнтаў газэты ведаю, таксама ёсьць журналісты нядрэнныя. І маё меркаваньне такое: чым больш будзе журналістаў, тым больш спорт ад гэтага выйграе. Калі браць у цэлым, то ўсе журналісты няхай бы ехалі і асьвятлялі падзеі. Чым больш будзе інфармацыі, тым больш і спорт, і людзі ад гэтага выйграюць. "Прессбол" - папулярная газэта. І сайт яны маюць цікавы (я заходжу), і форумы. Сытуацыю, якая склалася, мне пракамэнтаваць складана, трэба ўнікнуць у сутнасьць, трэба размаўляць, трэба распытваць. Ня ведаю – заслужанае гэта рашэньне ці не, але ж канчатковага рашэньня яшчэ няма, будзем чакаць і спадзявацца. Калі яны паміж сабой разьбяруцца, то спорт ад гэтага толькі выграе”.

Восем гадоў таму, 20 сакавіка 2000-га, бюро НАК зь ініцыятывы віцэ-прэзыдэнта камітэту Генадзя Аляксеенкі пазбавіла "Прессбол" акрэдытацыі ў Сыднэі. Але неўзабаве адбыўся выканкам НАК, на якім Аляксандар Лукашэнка вярнуў усё назад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG