Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паводка ў Беларусі перастае быць небясьпечнай”


Сёньня Беларускі гідрамэтэацэнтар зноў пацьвердзіў, што цяпер "запас вільгаці ў сьнезе нязначны, колькасьць ападкаў ніжэйшая за норму, глыбіня прамярзаньня глебы – ад 5 да 15 сантымэтраў”.


У апэратыўнай зводцы надвор’я гаворыцца, што “веснавая паводка сёлета не будзе мець небясьпечнага ўзроўню”. Якія плюсы і мінусы маласьнежных зімаў для Беларусі?

За ўзроўнем вады ў рэках Беларусі сочаць 137 вадамерных пастоў. Адзін зь іх – на адлегласьці больш як 350 кілямэтраў ад Менска – на рацэ Прыпяць у Столінскім раёне. Штодня тут дзяжурыць жыхар вёскі Малыя Крыговічы назіральнік Пётр Лысюк. Вось што ён сёньня паведаміў “Свабодзе”:

“Рака ў сваіх берагах. На пойму не выйшла. Паводкі ня будзе і, як я бачу, не прадбачыцца. На Палесьсі ўжо даўно не назіраюцца такія паводкі, як раней. Цяпер гэта не паводка, а проста маленькі разьліў ракі”.

Начальнік аддзелу Гідрамэтэаралягічных прагнозаў Гідрамэтэацэнтру Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку Марына Нагібіна паведаміла, што сёлета паводка пачнецца на месяц раней за звычайны час. Паводле яе, максымальны ўзровень вады чакаецца ў сярэдзіне сакавіка.

На Палесьсі традыцыйна выяўлялі свой круты нораў тры ракі – Прыпяць, Гарынь і Ясельда. Менавіта яны тапілі Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны на Берасьцейшчыне, а таксама Жыткавіцкі і Лельчыцкі на Гомельшчыне.

За 50 гадоў у Беларусі адбылося 12 буйных паводак. Самыя небясьпечныя зь іх здараліся ў 1979 і 1999 гады. Узроўні вады тады ў рэках ўзьнімаўся на 6 мэтраў вышэй. Вада тады залівала вуліцы, калодзежы, хаты. Чвэрць стагодзьдзя таму ў Столінскім раёне ў вадзе літаральна плавалі 13 паселішчаў. Асабліва пацярпеў Давыд-Гарадок.

А якая сытуацыя тут сёньня? Гаворыць галоўны мэтэароляг Пінскай рэгіянальнай станцыі ў назіраньні за надвор’ем Вольга Іванцова:

“На Палесьсі паводка ўжо прайшла. Вада выходзіла на пойму толькі ля ракі Стыр, крышку ля ракі Гарынь. А вось на Гомельшчыне крыху інакш. Там больш складаная сытуацыя”.

Далей Вольга Іванцова гаворыць пра нэгатыўныя наступствы адсутнасьці паводкі для Палесься:

“У нас восень была сухая і зіма амаль без ападкаў. Чатыры месяцы вільгаці было ніжэй за норму. І цяпер – суха. І тут жа літаральна ў траўні пачынаецца сьпякота. Канечне, гэта вельмі дрэнна”.

Да паводак рыхтаваліся сёлета ратавальнікі Гомельшчыны. Былі пагрозы перацяканьня расталай вады з суседніх раёнаў Украіны. Аднак вось што паведамляе падпалкоўнік Гомельскага ўпраўленьня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Руслан Гарбылёў:

“Сьнегу ў нашым рэгіёне практычна няма. А з Украінай існуе дамоўленасьць. Ровенская і Кіеўская вобласьці выконваюць графікі перапуску паводкавай вады. Адбылося ў нас паседжаньне камісіі па надзвычайных сытуацыях. Усе службы даклалі пра сваю гатоўнасьць дзейнічаць. Але пакуль ніякіх надзвычайных сытуацый не прадбачыцца”.

Дырэктар дэпартамэнту ў справах Гідрамэтэаралёгіі Міністэрства прыроды Марыя Гермянчук не выключае, што паводка сёлета ў Беларусі ўсё ж адбудзецца. Спадарыня Гермянчук удакладніла, што прычынай можа стаць ня талы сьнег, а зьявы надвор’я, выкліканыя глябальнай зьменай клімату – у прыватнасьці, моцныя дажджы.

У Інстытуце праблемаў выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі Акадэміі навук Беларусі падрыхтавалі дасьледаваньне, як уплываюць зьмены клімату на здароўе людзей. Кіраўнік інстытуту акадэмік Уладзімер Логінаў канстатуе:

“Як высьвятляецца, частыя адлігі зь вялікай вільготнасьцю здараюцца ўжо на працягу амаль 15-ці апошніх гадоў. Дык гэта прыводзіць да таго, што людзі часьцей сталі прастуджвацца і хварэць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG