Днямі давялося пабываць на будаўнічай пляцоўцы прыватнага дома. Цікавая сытуцыя. Чалавек атрымаў каля Горадні надзел пад будаўніцтва дома, аднак працы пачаць ня можа, нават маючы на гэта сродкі. А калі за тры гады не збудуе дом, пры гэтым з падключанымі камунікацыямі, надзел дзяржава адбірае. У чым прычына?
Спадар: “Год мы павінны стаяць у чарзе, каб купіць блёкі, і два гады — каб набыць пліты для перакрыцьця. Цэменту не купіць: № 500 наагул няма, а № 400 на падмурак – выкінутыя грошы”.
На камбінаце будаўнічых матэрыялаў у Горадні, дзе вырабляюць пліты й блёкі, галоўны інжынэр, Галіна Бяляева, патлумачыла, што амаль уся іх прадукцыя накіроўваецца згодна з плянам, які вызначае ўрад.
Бяляева: “Савет міністраў давёў нам разнарадку на разьмеркаваньне нашых блёкаў, і для продажу сёлета нам далі менш, чым летась. Мы імкнемся павялічыць аб’ёмы, але нашыя магутнасьці гэтага не дазваляюць”.
Пытаюся ў свайго ранейшага суразмоўцы, як наагул людзі будуюць дамы ў такой сытуацыі, калі нестае будматэрыялаў?
Спадар: “Вось так і будуюць. Даводзіцца хабар несьці, тады нешта зь месца зрушыцца. Засталася тая ж савецкая сыстэма: проста зайсьці й купіць немагчыма”.
Размаўляю з прафэсійнымі будаўнікамі й пытаюся ў іх, ці чулі яны пра ўчорашнюю крытыку прэзыдэнта і як самі глядзяць на гэтую праблему? Вось што мне кажа дырэктар прыватнай будаўнічай фірмы Іван Савіцкі:
Савіцкі: “Мы працуем паводле дзяржрасцэнак, якія міністэрства зьверху спускае. Што казаць, калі паркетным лякам пакрыць 100 квадратаў падлогі два разы каштуе 50 тысяч рублёў, а на халтуры чалавеку заплацяць 2 баксы за 1 м.кв.”
Спадар Савіцкі кажа, што з гэтай прычыны ўсе лепшыя спэцыялісты даўно зьехалі зь Беларусі й працуюць за мяжой.
Галоўны інжынэр яшчэ адной прыватнай будаўнічай фірмы, Уладзімер Макараў, з больш чым 20-гадовым стажам будаўніка, кажа пра ўраўнілаўку ў заробках, якая дасталася ў спадчыну ад сацыялізму. Аднак асноўную прычыну, чаму будаўнічая галіна ў заняпадзе, трактуе па-свойму.
Макараў: “Будаўнікам не даюць сапраўднай свабоды, каб кіраваць гэтым працэсам. Усе лезуць у будаўніцтва, толькі вонкава разумеючы, што і як. У тым ліку й наш прэзыдэнт шаноўны. Я ніколі не забудуся, як ён спрабаваў крытыкаваць устаўленыя вокны пры будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта й тады перашкаджала, і цяпер таксама ”