Паводле справаздачы, асабліва сур’ёзная сытуацыя склалася ў краінах былога СССР. У Расеі, Украіне, Малдове, Азербайджане і сярэднеазіяцкіх краінах колькасьць захворваньняў на сухоты вырасла да рэкордных велічыняў.
11 гадоў таму балтыйскія краіны вызначаліся як гарачы рэгіён у росьце захворваньняў на не падатныя на лекі сухоты
Экспэрты лічаць, што ў значнай ступені гэта выклікана разбурэньнем сыстэмы аховы здароўя ў краінах былога СССР. У барацьбе з сухотамі патрабуецца сталае назіраньне за пацыентамі, чаго там ня могуць дамагчыся. А вылечыць ад хваробы, калі яна не падатная на звыклыя прэпараты, больш складана і дорага.
"У такіх выпадках прыблізна ў 10 разоў больш складана вызначыць прэпарат, якім можна перамагчы хваробу"
Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Пол Нан, тым ня меней, лічыць, што можна мець посьпехі, калі ўрады паставяцца да праблемы ўсур’ёз:
“Я сьцьвярджаю, што ў такіх выпадках прыблізна ў 10 разоў больш складана вызначыць прэпарат, якім можна перамагчы хваробу. Аднак, зрабіць гэта можна. Прыкладам, 11 гадоў таму балтыйскія краіны вызначаліся як гарачы рэгіён у росьце захворваньняў на не падатныя на лекі сухоты. І вось жа за 10 гадоў зьнізілі колькасьць захворваньняў на сухоты ўвогуле і на не падатныя на лекі яе формы ў прыватнасьці. Трэба змагацца, хоць гэта і цяжка”.
Лекаваньне аднаго пацыента з не падатнымі на стандартныя прэпараты сухотамі на постсавецкай прасторы можа каштаваць ад 1 да 4 тысяч даляраў
Больш заможныя краіны, такія, як Расея ці краіны Балтыі, гэта могуць сабе дазволіць. Іншым жа, як гаворыцца ў справаздачы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, запатрабуецца міжнародная дапамога.
Таксама трэба зразумець, што на сухоты хварэюць ня толькі турэмныя вязьні ці наркаманы, а і звычайныя людзі.