Засталося якіх 100 метраў, і бэтонны плот замкнецца. Выйсьці са шпіталя ў мястэчка цяпер можна будзе толькі праз вароты ці брамку, дзе дзяжурыць міліцыянт. Хворыя на сухоты кажуць, што рэжым іх утрыманьня ў шпіталі стаў больш жорсткім, калі што ня так — адразу выпісваюць.
Галоўны ўрач: “Журналісты стварылі праблему там, дзе яе няма”
З самай раніцы я ў Наваельні перад уваходам у рэспубліканскі тубэркулёзны шпіталь. Міліцыянт спраўдзіў дакумэнты, патэлефанаваў галоўнаму ўрачу. Мечыслаў Доўгань наадрэз адмаўляецца ад размовы й пагатоў не дазваляе, каб я прайшоў на тэрыторыю. Сказаў, што журналісты стварылі праблему там, дзе яе няма, і параіў займацца іншымі тэмамі.
Падыходжу да людзей, якія пілуюць дровы каля хаты акурат насупраць брамы, і пытаюся, ці ўсё яшчэ яны маюць праблемы з пацыентамі шпіталя.
Першы спадар: “Ну, яны ходзяць, плююць паўсюль, каля школы, садка, а ў іх жа адкрытая форма тубэркулёзу, яна перадаецца празь сьліну”.
Другі спадар: “Дый кантынгент тут — ня толькі хворыя, а, як правіла, былыя асуджаныя, дык калі што — адразу сутычкі”.
Карэспандэнт: “Дык вунь які плот паставілі, няўжо яны могуць празь яго пералезьці?”
Спадар: “Ім галоўурач дае пропуск, калі трэба на пошту, і яны выходзяць праз прахадную, а там міліцыя спраўджвае. А вось плот яшчэ будаваць ня скончылі, але робяць кожны дзень”.
Заходжу на пошту, дзе часта бываюць пацыенты шпіталя. Загадчыца, Тацяна Касіла, кажа, што зараз іх ходзіць прыкметна меней, але праблемы застаюцца.
Касіла: “Мы не пасьпяваем класьці газэты. Трэба, каб падпісчык бачыў, на што ён хоча падпісацца. А яны ўсё пазабіраюць, і нават не заўважыш”.
“Пасьля таго, як мы пачалі бунтаваць, сталі цёплую ваду даваць”
У суседняй краме мне распавядалі, як пацыенты шпіталя скралі тэлевізар, і яшчэ шмат пра якія прыгоды. Я вырашыў паглядзець, як будуюць новы плот. Насустрач двое хлапцоў, падобных да пацыентаў шпіталя. Разгаварыліся.
Пытаюся, ці не страйкуюць яны болей, ці цёпла ў палатах, ці ўсё патрэбнае можна набыць у шапіку, выйсьці ў мястэчка.
Хлопец: “Цяпер цёпла, таму што на вуліцы цёпла. Дый пасьля таго, як мы пачалі бунтаваць, сталі цёплую ваду даваць, у шапік на заказ прывозяць”.
Карэспандэнт: “А ці добра вы харчуецеся?”
Хлопец: “Ну так, цярпіма”.
Карэспандэнт: “Бачу, што вы, напэўна, зьбеглі без дазволу?”
Хлопец: “Ну, пакуль яшчэ плот не зрабілі, то можна неяк выбрацца, а потым усё будзе...”
Карэспандэнт: “Вас жа могуць за гэта пакараць?”
Хлопец: “Так, цяпер, калі што ня так, то могуць адразу выпісаць”.
Ня ўсе ў Наваельні ставяцца да пацыентаў тубэркулёзнага шпіталя нядобразычліва. Вось што мне сказалі жанчыны, чые дамы стаяць недалёка ад шпіталя.
Першая спадарыня: “Яны ж ніякай шкоды ня робяць. Ну пішуць тут людзі на іх, брэшуць. Абгарадзілі, плот, як у вязьніцы, страшна глядзець, а яны ж людзі, ды столькі маладых”.
Другая спадарыня: “Ну вось бачыце, загарадзілі іх, кажуць, камэры паставілі, але яны яшчэ ходзяць. І іх шкада, і яны людзі. Таму трэба неяк паставіцца да гэтай праблемы больш гуманна”.
Месяц таму пацыенты рэспубліканскага тубэркулёзнага шпіталю ў Наваельні Гарадзенскай вобласьці абвясьцілі галадоўку. У ёй узялі ўдзел 102 чалавекі. Яны пісьмова зьвярнуліся да галоўнага ўрача з патрабаваньнямі: выпускаць іх у мястэчка ў краму і на рынак, лепей ацяпляць палаты і ўключыць гарачую ваду. У сваю чаргу, мясцовыя жыхары пачалі збор подпісаў да ўладаў з тым, каб шпіталь зачынілі, бо яны турбуюцца за здароўе сваіх дзяцей.