У гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна” адбыліся ваенізаваныя прадстаўленьні, прысьвечаныя 90-годзьдзю Ўзброеных сілаў Беларусі.
На “Лініі Сталіна” адбыліся паказ вайсковай тэхнікі, выступы спэцназаўцаў, таксама гледачы змаглі ўбачыць рэканструкцыю баявых дзеяньняў Рагачоўска-Мазырскай апэрацыі лютага 1944 году.
Нагадаем, што апошні раз падобную бітву паказвалі мінулым летам для прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Прэс-сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык сказаў:
“Лінія Сталіна – гэта сымбаль аднаго з гістарычных пэрыядаў будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сілаў. На сёньня гэта зьяўляецца аб’ектам патрыятычнага выхаваньня насельніцтва”.
Сюжэт вайсковага прадстаўленьня даволі просты: нейкую беларускую вёску захапілі нямецкія салдаты. Тут можна было ўбачыць сьцягі і тэхніку са свастыкай. Загучалі нямецкія песьні, пачуўся плач жыхароў вёскі. А потым пайшлі выбухі. Зьявіліся савецкія салдаты, якія хуценька вызвалілі вёску і ўзялі ў палон немцаў.
"Я хачу спытаць, хто арганізаваў такі бардак?"
Дарэчы, значная частка гледачоў з-за выбухаў засталася з бруднымі адзеньнем і тварамі.
Абураныя жанчыны пайшлі скардзіцца да адміністрацыі і патрабавалі вярнуць кошт квіткоў:
Спадарыня: “Нас аблілі гразёй гэтыя танкі ці кулямёты. Прычым мы стаялі даволі далёка. Яны стралялі, і ўсё гэта на людзей. Людзі чорныя, брудныя ходзяць. Я наагул нічога не адмыю, у чым на працу заўтра ісьці?”
Спадарыня: “Які бардак, ну! Дзяцей прывезьлі, паглядзіце, на каго падобныя дзеці. Нічога ня бачна, стаялі ўсе па калена ў гразі. Усіх гразёю аблілі. Гэта такая арганізацыя за 20 тысяч?”
Спадарыня: “Проста я хачу спытаць, хто арганізаваў такі бардак? Гэта проста жах. Ці ж такое можа быць за 20 тысяч? Каб я ведала, я не глядзела б гэту рэкляму, ня ехала б на гэтае сьвята ледзь не за сто кілямэтраў. Для чаго мы сюды прыехалі?”
Да арганізацыі мерапрыемства спрычынілася Міністэрства абароны Беларусі. Вячаслаў Раменьчык сказаў:
“Мы прынялі такое рашэньне праводзіць мерапрыемства на “Лініі Сталіна”. Мерапрыемства мае патрыятычную накіраванасьць”.
"Мэта існуючай сыстэмы – зноў праводзіць у новыя пакаленьні мілітарызаваны патрыятызм"
Як ставіцца да таго, што сёньня людзей сабралі на “Лініі Сталіна”, сябра мэмарыяльнай сэкцыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, былы вязень ГУЛАГу Ўладзімер Раманоўскі?
“Мы бачым за гэтым галоўную мэту існуючай сыстэмы – гэта зноў праводзіць у новыя пакаленьні мілітарызаваны патрыятызм, які пабудаваны на тым, што вакол адны ворагі, якія вось-вось спаляць родную хату і якія нібыта канцэнтруюць увагу пакаленьня людзей на ўладзе. Міталягізуецца ўлада, якая іх абараняе. Робіць паслухмянай зброяй грамадзтва ў руках гэтай улады”.
Адносна Сталіна пісьменьнік Васіль Якавенка дадае:
“Раней зь яго імем зьвязваліся ўсе перамогі і дасягненьні. Так і тут, па старой традыцыі. Старыя традыцыі ў галовах тых, хто кіруе сёньня намі”.