Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мастачка праславілася партрэтамі Лукашэнкі


У Франкфурце-на-Майне прайшла выстава твораў студэнтаў і выпускнікоў вышэйшай мастацкай школы Staedelschule. Цікавасьць выклікала работа, прысьвечаная беларускаму прэзыдэнту.


Аўтарка — выпускніца мастацкай школы, 26 –гадовая беларуска Марына Напрушкіна.

Марына Напрушкіна нарадзілася ў 1981 годзе ў Менску. Тут жа скончыла мастацкую вучэльню імя Глебава. Ад 2000 году жыве і вучыцца ў Нямеччыне. Спачатку ў мастацкай акадэміі ў Карлсруэ, потым – у Франкфурце–на–Майне ў прэстыжнай вышэйшай мастацкай школе Stаеdelschule.

Арыгінальную манеру Напрушкінай у свой час заўважыў модны франкфурцкі галерыст Уда Бакмюль. Упершыню ён пазнаёміўся з творчасьцю маладой мастачкі на вэрнісажы акадэміі мастацтваў у Карлсруэ. Уладальнік галерэі U –7 стаў арганізатарам першай пэрсанальнай выставы Марыны Напрушкінай, якая адбылася ў 2005 годзе і мела назоў “Мой прэзыдэнт”.

Карціны і інсталяцыі, галоўным героем якіх зьяўляецца прэзыдэнт Лукашэнка, потым выстаўляліся ў шэрагу модных галерэяў Нямеччыны, а таксама на выставах іншых заходнеэўрапейскіх краінаў.

Як пісала швэдзкая крытыка, “калі мастакі пішуць дыктатараў, яны працуюць з пэўнымі эстэтычнымі ідэаламі і такім чынам адлюстроўваюць пэўную ідэалёгію. Мастацкі вобраз становіцца сродкам адлюстраваньня нейкіх іншых, больш схаваных зьяваў. Праз карціны Марыны Напрушкінай глядач нібыта зазірае ва ўнутранае жыцьцё гэтай постсавецкай краіны”.

Свайго галоўнага героя Напрушкіна піша ў стылі сацыялістычнага рэалізму – на тле такіх любімых ім сымбаляў, як царква, войска, спартоўцы, дзеці. Працуючы над карцінамі, выкарыстоўвае прыкладна тыя ж аксэсуары, што і вядомыя савецкія мастакі, якія ў свой час малявалі атмасфэру партыйных сходаў і зьездаў. Паводле канонаў сталінскага мастацтва, менавіта такія творы стваралі адчуваньне так званай “дабратворнасьці жыцьця” альбо “сапраўднага чалавечага шчасьця”.

Ня выключана, што ў некаторых гледачоў карціны “Мой прэзыдэнт” могуць выклікаць прыкладна тыя ж пачуцьці..

Галерыст Бакмюль адзначае пэўны творчы прагрэс Марыны Напрушкінай ды іншых студэнтаў і выпускнікоў, якія ўдзельнічалі ў выставе франкфурцкай Staedelschule.

Паводле ягоных словаў, “працы выпускніцы Staedelschule робяць незвычайнае ўражаньне. Так партрэты прэзыдэнта выклікаюць шмат дыскусіяў. Многія спрачаюцца: што гэта — знак патрыятычнай павагі ці іронія? Усё залежыць ад інтэрпрэтацыі і, зразумела, наяўнасьці пачуцьця гумару”.

Паводле нямецкіх галерыстаў, у Беларусі засталося на дзіва мала помнікаў сацыялістычнага рэалізму. Хіба што скульптуры на будынку Палацу прафсаюзаў у Менску. Незразумела, куды зьніклі папулярныя некалі ў народзе дзяўчаты зь вёсламі або статуі спартоўцаў ды піянэраў? Яшчэ некалькі дзесяткаў год таму яны упрыгожвалі ці ня кожны парк або сквэр, – недаўмяваюць немцы. Сёньня гэтыя экспанаты–рэтра маглі б выклікаць пэўную цікавасьць. У гэтым сэнсе карціны Напрушкінай “Мой прэзыдэнт” ёсьць напамінам пра забытыя жанры і традыцыі”.

Карціны і інсталяцыі Марыны Напрушкінай можна паглядзець тут і тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG