Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба ў беларускім войску скароціцца да 1 году?


Міністар абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Мальцаў
Міністар абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Мальцаў

Кіраўніцтва Міністэрства абароны не выключае скарачэньня тэрміну вайсковай службы для асобаў без вышэйшай адукацыі з паўтара да аднаго году.


Такім чынам, салдатаў тэрміновай службы могуць прыраўняць да іхніх калегаў з вышэйшай адукацыяй, якія служаць адзін год пасьля заканчэньня ВНУ.

Скарачэньне тэрміну, як заявіў міністар абароны Леанід Мальцаў, будзе магчымае дзякуючы “інтэнсыфікацыі баявой падрыхтоўкі коштам сучасных сродкаў і трэнажэраў”. Канкрэтнай даты, калі будуць рэалізаваныя гэтыя навацыі, пакуль не названа.

Ці перастануць у войску даваць спэцыяльнасьць па “маханьні венікам”?

Генэрал Валер Фралоў цалкам падзяляе ініцыятыву абароннага ведамства адносна скарачэньня тэрміну службы. Такое пытаньне, паводле cпадара Фралова, насьпела даўно, бо ў сучасным беларускім войску рэальнай баявой падрыхтоўкай салдаты амаль не займаюцца:

“Я даўні прыхільнік такога скарачэньня. З умовай, што армія будзе займацца тым, чым займацца павінна, адкінуўшы вельмі многія неўласьцівыя войску задачы, якія традыцыйна былі. Дзеля гэтага трэба прыцягнуць пэўную частку цывільных асобаў, якія выконвалі б задачы, якімі вайскоўцам займацца неабавязкова.

Таму ўсё цалкам магчыма. Урэшце, кантрактнікі ёсьць на сур’ёзныя справы. А астатняе што? У нас жа навучаюць у асноўным мятлой месьці, а калі шчыльна займацца справай, то можна і за год чалавека навучыць. Не такія ў нас дурныя людзі. Цяпер вучоба ў лепшым выпадку ¼ займае, а ўсё астатняе — якаясьці лухта незразумелая”.

Галоўнае ня колькасьць, а якасьць прызыўнікоў

Міністар абароны Леанід Мальцаў агучыў намер яшчэ на паўгода скараціць тэрмін службы вайскоўцам. Калі ідэю ўвасобяць у жыцьцё – пакуль не ўдакладняецца.

Такім чынам, за апошняе дзесяцігодзьдзе з двух гадоў, звыклых яшчэ за савецкім часам, вайсковая служба мае рэальныя шанцы зьменшыцца ўдвая.

Паводле Мальцава, прадоўжыцца камплектаваньне кантрактнікамі па спэцыяльнасьцях, якія немэтазгодна рыхтаваць у войску (у якасьці прыкладу былі названыя кухар і кіроўца). Гэта ж тычыцца спэцыяльнасьцяў, падрыхтоўку якіх нельга ажыцьцявіць за год тэрміновай службы. Апроч таго, зазначыў Мальцаў, ідзе плянавае скарачэньне войска, што дае магчымасьць фільтраваць “лішніх людзей”. У прыватнасьці, ён заявіў, што Беларусі павінны служыць здаровыя і моцныя людзі:

“Я ўжо двойчы перарабляў на больш жорсткі загад па “якасьці” прызыўнікоў. Каб ні ў якім выпадку ніводзін чалавек, калі ён хворы, ва Ўзброеныя сілы прызваны ня быў. І па кожным выпадку, калі такое, ня дай Божа, дзесьці здараецца, праводзіцца дэталёвае расьсьледаваньне, вінаватыя прыцягваюцца да сур’ёзнай адказнасьці. Калі дзесьці “прашляпілі”, што прызвалі маладога чалавека, а пасьля высьветлілі, што ён захварэў, яго, канечне, мы лечым і звальняем”.

“Кантрактнік – крок да прафэсійнага войска”

Былы начальнік мэдычнай службы Галоўнага штабу Ўзброеных сілаў палкоўнік Уладзімер Мялюшка перакананы, што ў сучасных умовах акцэнт трэба рабіць на прафэсійнае войска, грунтаванае на кантрактнай сыстэме. Таму ідэю дэлегаваць кантрактнікам частку абавязкаў, якія цяпер выконваюць салдаты тэрміновай службы, ён лічыць абгрунтаванай:

“Усё папросту стане на свае месцы. Калі раней у армію набіралі, абы толькі любым шляхам укамплектаваць (таму што людзей не хапала), то гэта ад безвыходнасьці. Цяпер жа колькасны склад войска зьменшыўся, больш на кантрактную службу ідзе, ужо ёсьць магчымасьць выбраць людзей здаравейшых.

Кантрактная сыстэма нашмат лепшая. Чалавек, па-першае, прыходзіць падрыхтаваны, непатрэбна на яго траціцца. Яго бяруць на кантрактную службу, калі ён ужо праслужыў пэўны час; перадусім гэта людзі пасьля арміі. То бок, цалкам падрыхтаваны спэцыяліст, яго проста застаецца “праспэцыялізаваць”, падвучыць крыху. І ў яго зусім іншае разуменьне адказнасьці. Таму, натуральна, кантрактнік – гэта крок наперад, да прафэсійнага войска. У гэтым сэнсе ўсё добра, усё нармальна”.

Між тым у абаронным ведамстве заяўляюць, што ня маюць намеру адмаўляцца ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу, бо спосаб камплектаваньня арміі павінен адпавядаць ваеннай дактрыне. Таксама перад Узброенымі сіламі Беларусі не стаіць задача камплектаваньня кантрактнікамі на 50 ці нават 100%. Колькасьць кантрактнікаў будзе залежаць ад канкрэтных умоваў і патрэбаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG