“Выходжу на кантрольна-прапускны пункт, а мне начальнік установы паведамляе, што гэта “гуманны акт прэзыдэнта, вы вольныя”. Усё. Атрымайце вашы грошы, рэчы і дадому. Я прысеў. Кажа: “Вы што, ня верыце?” Я кажу: “Не”.
Андрэй Клімаў – пра сваё вызваленьне.
“Але паглядзіце, якую буйную кампанію ўзьнялі беларускія ўлады супраць “карты паляка”. Тое, што ў гэтым выпадку ўзмацніцца ціск уладаў на польскую дыяспару ў Беларусі, у мяне няма ніякага сумневу”.
Аляксандар Фядута, публіцыст і палітоляг – пра магчымыя наступствы для Беларусі незалежнасьці Косава.
“Мы б’ем “па хвастах”. Тады трэба было абараняць Югаславію, Расеі тады не каштавала вялікіх высілкаў супрацьстаяць агрэсіі супраць брацкага народу. Сёньня позна “песьні пець”. Працэс пачаўся даўно, Чарнагорыя сышла, іншыя рэспублікі сышлі, заставалася Косава. Гэта працяг таго расколу”.
“Вы што, лічыце, што толькі ў вашых кіраўнікоў павінны быць амбіцыі, каб узначаліць гэтае аб’яднаньне? Я ня быў бы палітыкам, і ня быў бы палітыкам Пуцін ці Мядзьведзеў, ці хто яшчэ, якія б у гэтым пляне не імкнуліся гуляць нейкую ролю у кіраўніцтве гэтым аб’яднаньнем”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у інтэрвію тэлеканалу “Russia Today” і інфармацыйнаму агенцтву РИА «Новости», адказваючы на пытаньні наконт незалежнасьці Косава і ці хацеў бы ён ўзначаліць саюзную дзяржаву.
“Асобным супрацоўнікам пракуратуры свае асобныя амбіцыйныя самалюбівыя пляны давядзецца пакінуць недзе дома. Ці пакінуць працу ў пракуратуры… Іх, бачыце, хвалюе, як на нас паглядзяць Амэрыка і Эўразьвяз. Гэта ня вашы праблемы, гэта праблемы прэзыдэнта і прэм’ер-міністра, гэта мы будзем разьбірацца з палітыкай. А ў вас ёсьць закон і Канстытуцыя”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас прадстаўленьня новага генэральнага пракурора пра неназваных супрацоўнікаў пракуратуры.
“Як бы там у свой час гісторыя ні падзяліла межы — справядліва ці несправядліва — усіх меншасьцяў ніколі не задаволіш. Фармаваньне нацыяў, дзяржаваў, геапалітычнай мапы сьвету для некага можа быць і несправядлівым. Як, скажам, гістарычна склаўся лёс і нашай Беларусі. У кожнай нацыі ёсьць свае міты і пакуты. Я як беларус недзе ў глыбіні душы спачуваю альбанцам. Але калі глядзець з пункту гледжаньня сучаснай палітычнай мапы сьвету, дык, канечне, нічога добрага ў гэтым няма”.
Пётра Садоўскі, публіцыст, былы пасол Беларусі ў Нямеччыне – пра міжнароднае прызнаньне дэклярацыі аб незалежнасьці Косава.
"Паважаны Анатоль! Мне было прыемна прыняць вас у Авальным Кабінэце, і я высока ацэньваю нашы гутаркі на тэму барацьбы за свабоду і справядлівасьць у Беларусі. Мы працягваем сачыць за падзеямі ў вашай краіне і пасьля нашай сустрэчы, і я захапляюся вашай мужнасьцю і мужнасьцю вашых калег. Мы павінны памятаць, што свабода - гэта дар Усявышняга кожнаму чалавеку, і я веру, што аднойчы народ Беларусі стане свабодным".
Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – у лісьце да старшыні АГП А.Лябедзькі.
“Да прэзыдэнта сапраўды зьвярталіся дыпляматычныя прадстаўнікі і дзяржаўныя дзеячы замежных дзяржаваў з просьбай даць магчымасьць Казуліну суправаджаць яго жонку за мяжу на лячэньне… Зыходзячы з гуманных меркаваньняў, з улікам выключных абставінаў наша краіна пацьвердзіла гатовасьць пайсьці на гэты крок. Асуджаны адмовіўся, гэта ягонае права… Дзяржава ў складанай для гэтай сям’і сытуацыі павяла сябе годна і гуманна. Тое, што цяпер пачынаюць спэкуляваць на гэтай тэме, прынамсі неэтычна”.
Натальля Пяткевіч, намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта – пра сутнасьць прапановы, зробленай А.Лукашэнкам А.Казуліну.
“Калі ёсьць жаданьне ў кагосьці чуць каманды на беларускай мове – няма праблем. Ён атрымае такія ўмовы службы. Проста ён адзіны, а дзеля яго аднаго няма сэнсу. Быў бы такіх хаця б узвод – без праблем”.
Леанід Мальцаў, міністар абароны –на прэсавай канфэрэнцыі ў адказ на пытаньне пра Зьмітра Жалезьнічэнку, які пасьля прызыву ў войска запатрабаваў, каб камандзіры зьвярталіся да яго па-беларуску.
“Трэба выходзіць на палітычную плятформу, бо ўжо чыста эканамічныя патрабаваньні не прыносяць ніякага выніку. Прадпрымальнікам трэба, як і ўсім грамадзянам краіны, якія хочуць нейкіх пераменаў у сваім жыцьці, аб’ядноўвацца і ісьці адзінай калёнай”.
Віктар Калей, актывіст кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” – пра барацьбу прадпрымальнікаў за свае правы.
“Віктар Іванавіч Іўчанкаў, Людміла Саянкова, Аляксандар Цікоцкі, Ганна Басава – усе тыя, хто былі сябрамі камісіі, якая мяне адлічала, не разумеюць, што час зьменіцца, зьменіцца ўлада, і калісьці будуць над імі такія самыя камісіі, а магчыма, будуць і суды над некаторымі. І ўсе атрымаюць па заслугах”.
Франак Вячорка, адзін зь лідэраў “Моладзі БНФ”, выключаны з БДУ – пра сябраў камісіі, якія прымалі рашэньне пра яго выключэньне.
“Наведаньне міністрам Мартынавым канфэрэнцыі па бясьпецы і ягоныя далейшыя перамовы ў Бэрліне прасыгналізавалі пра гатовасьць краіны да дыялёгу з Эўропай… Мартынаў сказаў: “It takes two to tango” (“каб станцаваць танга, трэба двое”). Так, сапраўды. Аднак тое, што цяпер назіраецца паміж эўрапейскімі краінамі і Беларусью, нагадвае хутчэй ча-ча-ча ці нейкія скокі”.
Ута Цапф, дэпутатка Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі, старшыня падкамітэту ПА АБСЭ па Беларусі – у выступе ў Бундэстагу наконт перамоваў міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава з кіраўніцтвам МЗС Нямеччыны.
"Садзіць мяне не было за што. Я проста выконваў свой журналісцкі абавязак. Як казаў адмірал Нэльсан перад Трафальгарскай бітвай — “Хай кожны выканае свой абавязак”. Вось і я выканаў… Турма — гэта адмоўны досьвед. Калі б я там прабыў тры гады, баюся, стаў бы графам Монтэ-Крыста. У тым сэнсе, што стаў бы помсьціць усяму сьвету”.
Аляксандар Зьдзьвіжкоў, былы намесьнік рэдактара газэты “Згода”, асуджаны на 3 гады турмы за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада і вызвалены на гэтым тыдні – у інтэрвію “Свабодзе”.