“Мы ня бачым пэрспэктываў перамены зьнешнепалітычнага вэктару Беларусі, і ніякага хваляваньня адносна працы нашых станцый ніхто ў нас у войсках не выяўляе”.
Канстанцін Затулін, дэпутат Дзярждумы Расеі – пра заявы расейскіх вайскоўцаў наконт адмовы ад расейскіх РЛС за мяжой, у тым ліку і ў Беларусі
“Сёньня ўзровень узаемнага даверу паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам нашмат ніжэйшы, чым паміж расейскім і казахстанскім, напрыклад”.
Кірыл Коктыш, дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных зносінаў – у інтэрвію "Свабодзе"
“Я так разумею: нягледзячы на ўсе нюансы ўзаемадачыненьняў паміж пуцінскай яшчэ Расеяй і лукашэнкаўскай уладай, усё роўна геапалітычна, стратэгічна Масква будзе падтрымліваць лукашэнкаўскую Беларусь як свайго геапалітычнага саюзьніка”.
Вінцук Вячорка, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ – пра вынікі візыту ў Беларусі міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова
“Апошнія сем гадоў мы былі сьведкамі яркіх момантаў у гісторыі. Мы бачылі грамадзянаў Грузіі і Ўкраіны, якія адстойвалі сваё права на свабодныя і справядлівыя выбары. Мы бачылі, як народ Лібану выйшаў на вуліцы з патрабаваньнем незалежнасьці. Мы бачылі як аўганцы паўсталі супраць тыраніі Талібану і абралі сабе новага прэзыдэнта і новы парлямэнт. Мы бачылі, як шчасьлівыя іракцы сьвяткавалі свае свабодныя выбары. І гэтыя вобразы свабоды натхнялі нас”.
Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – у штогадовым пасланьні Кангрэсу
“Мяне ня вельмі цікавіць, як яны будуць дамаўляцца па акругах. Мяне цікавіць, ці дамовяцца яны пра тое, як ламаць той сцэнар, які прапануе ўлада. А пытаньне адзіных кандыдатаў у акругах – гэта другаснае. Больш за тое, калі апазыцыя канцэнтруецца толькі на пытаньнях кандыдатаў і акругаў, гэта значыць, яна цалкам падпадае пад той сцэнар, які прапануе ўлада”.
Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў – пра тактыку апазыцыі на выбарах
“Я – салдат. Я не магу падстаўляць сваё галаву на непатрэбную рызыку. Я паехаў за мяжу ня жыць, а змагацца, і я змагаюся ўвесь час. І таму адзін я ведаю – калі мне будзе трэба і калі я вярнуся”.
Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ – у “Начной Свабодзе”
“Абвяшчэньне БНР адбылося ў вельмі складаных і супярэчлівых умовах… Былі створаны пэўныя палітычныя структуры, якія выдавалі сябе за ўладныя органы, але, тым ня менш, БНР не атрымала прызнаньня з боку ўладаў вядучых краін сьвету. Акрамя таго, большая частка тэрыторыі Беларусі была ў той час акупавана нямецкімі войскамі, таму гаварыць аб незалежнасьці абвешчанай 25 сакавіка 1918 года дзяржавы не даводзіцца…Улічваючы вышэйзгаданае, мы не знаходзім дастатковых падстаў для прыняцьця захадаў для абвяшчэньня 2008 году Годам беларускай дзяржаўнасьці, а таксама для правядзеньня на дзяржаўным узроўні іншых мерапрыемстваў, зьвязаных з 90-годзьдзем з дня абвяшчэньня БНР”.
Камісія па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў – з адказу на прапанову Аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР абвясьціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасьці.
“Я не зусім разумею ролю амбасадараў краінаў Эўразьвязу ў сваёй бальшыні, і асабліва амэрыканскага амбасадара. Я не хачу гэта хаваць, і таму я часам рэзка выказваюся".
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у размове з паслом Нямеччыны ў Беларусі Гэбхардтам Вайсам.
“Заклікаю кіраўнікоў краіны падумаць і пра здароўе сваіх нашчадкаў, бо стронцый сваяцкіх сувязяў ня ўлічвае”.
Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, палітвязень – у заяве супраць рашэньня аб пабудове ў Беларусі АЭС
“Жалезьнічэнка парушае закон. У прыватнасьці, у адпаведнасьці з артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу ён падлягае крымінальнай адказнасьці за наўмысную шкоду свайму здароўю ў мэтах ухіленьня ад вайсковай службы. Таму сёньня яму будуць даведзеныя гэтыя патрабаваньні, і далей камандзірам часьці будуць рабіцца адпаведныя захады”.
Вячаслаў Раменчык, кіраўнік прэс-цэнтру Міністэрства абароны - пра галадоўку Зьмітра Жалезьнічэнкі з патрабаваньнем служыць у беларускамоўным войску.