30 красавіка 2019 году на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучыць наш сыгнал. Радыё Свабода пасьля амаль 65 гадоў штодзённага этэру канчаткова пакідае радыёхвалі. Радыё канчаецца, але прамоўленае слова і музыка застаюцца ў арсэнале Свабоды. З хваляў радыёэфіру мы пераключаемся на іншыя каналы перадачы аўдыёсыгналаў. Нас надалей будзе можна слухаць у сусьветным сеціве — і ў патокавым вяшчаньні, і на падкаставых плятформах — а таксама праз сатэліт.