Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мне шкада разьвітвацца з радыёхвалямі


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Для мяне гэта — сумны дзень. Дастаўшы з гарышча на лецішчы свой стары «Акіян», набыты калісьці ў менскай краме «Радыётэхніка» за 135 савецкіх рублёў (пры заробку 160), і пераключыўшы яго на кароткія хвалі, я ня здолеў настроіцца ні на адну са станцый, калісьці такіх блізкіх і знаёмых... Вось і Свабода назаўсёды сыходзіць з радыёэфіру (цяпер ужо ня толькі з кароткіх хваляў, але і зь сярэдніх).

Вялікая загадка савецкага рэжыму: чаму ў той час, калі вялізныя грошы траціліся на «глушылкі», у продажы свабодна можна было набыць кароткахвалевыя прыймачы. Так, яны былі ня таннымі, але ў 70-80-я гады — ужо і кампактнымі, і агульнадаступнымі. У сваім архіве я нават знайшоў рэкляму канца 70-х гадоў кароткахвалевага прымача «Акіян» вытворчасьці менскага заводу (фота). Дакладна такі апарат быў калісьці ў мяне. Увогуле, рэклямы спажывецкіх тавараў у СССР фактычна не было (навошта тая рэкляма, калі не хапала саміх тавараў), але перад Алімпіядай-80 для замежных турыстаў зрабілі выключэньне.

Дзіра ў «жалезнай заслоне»

Памежнікі і мытнікі пры ўезьдзе ў СССР маглі затрымаць вас за кнігу Салжаніцына (і потым за гэта вы назаўсёды страцілі б магчымасьць выяжджаць за мяжу, калі ўвогуле ня трапілі б на лесапавал), за вінілавыя пласьцінкі з заходняй музыкай — і ў той жа час вы маглі свабодна ўвезьці ў СССР выдатны кароткахвалевы прыймач «Грундзіг», на якім па Свабодзе можна было слухаць той самы «Архипелаг ГУЛАГ» Салжаніцына альбо забароненую ў Савецкім Саюзе музыку.

Савецкая радыёпрамысловасьць наладзіла масавы выпуск радыёпрымачоў з кароткахвалевым дыяпазонам, з дапамогай якіх савецкія людзі маглі слухаць «варожыя галасы». Чаму? Гэта ж стварала вялізную дзіру ва ўсёй жалезнай заслоне, якая ва ўсім астатнім была надзейна замураваная і заканапачаная. Але вось была у СССР такая парадаксальная і невытлумачальная зьява, якой тысячы і тысячы савецкіх грамадзянаў актыўна карысталіся. Знакамітая песьня галоўнага барда савецкай эпохі Уладзіміра Высоцкага «Пісьмо ў рэдакцыю», напісаная ў 1977 годзе, дакладна адлюстроўвала гэты фэномэн:

«Вон дантист-надомник Рудик —
У него приёмник „Грюндиг“,
Он его ночами крутит —
Ловит, контра, ФРГ....»

Атмасфэру таго часу складана адчуць, калі ў вас пад рукой — смартфон, кампутар і пляншэт і калі вы ледзь ня кожную гадзіну праглядаеце свае старонкі ў розных сацыяльных сетках, маючы магчымасьць падтрымліваць імгненны кантакт зь дзясяткамі сяброў і знаёмых у самых далёкіх канцах сьвету. А раней было па-іншаму — так, як, напрыклад, апісваў у сваім лісьце на Свабоду ў 2007 годзе Робэрт Багарадаў з Наваполацку:

«...Ціха на хутары. Толькі зрэдку чуецца пранізьлівы крык сойкі. Хутар з усіх бакоў акружаны лесам. Калі шэрым зімовым днём сыпле густы сьнег, а вецер завывае ў комінах хат і грукоча напалову адарванымі дошкамі і жэрдкамі па сьценах і дахах, мне іншы раз успамінаецца бацька і тое, як мы разам слухалі Свабоду».

Як мы слухалі Свабоду

Гэты здымак (фота) зроблены 33 гады таму, у апошнія дні красавіка 1986 году. Ужо вядома, што выбухнуў Чарнобыль, але афіцыйныя СМІ пра гэта амаль не паведамляюць. Паўсюль пануюць чуткі. Выручае радыё, а дакладней — заходнія «галасы»: «Свабода», «Голас Амэрыкі», «Нямецкая хваля», «Радыё Швэцыі».

Выпадкова знайшоўшы нядаўна ў шуфлядзе старую фатастужку і аддрукаваўшы гэты фатаздымак, я нібы наноў пачуў і галасы сваіх вясковых хлопцаў-суседзяў, і гукі кароткахвалевага прымача VEF, які трымае на каленях Янак Багдзевіч, і ўсю нашу трывожную гамонку ў той не па-красавіцку цёплы сонечны вечар. Праз завываньне і сьвіст «глушылак» мы лавілі кожны выпуск навінаў, якія нязьменна пачыналіся з паведамленьняў пра рух чарнобыльскага воблака, пра ўзроўні радыяцыі ў розных эўрапейскіх краінах. Было неспакойна і трывожна на душы...

Сёньняшняй моладзі цяжка зразумець, чым было заходняе радыё ў той час.

Але паспрабуйце ўявіць вёсачку, у якой з дабротаў цывілізацыі — толькі электрычнасьць (якая да таго ж можа зьнікаць на некалькі дзён — у залежнасьці ад надвор’я). Ні бібліятэкі, ні кнігарні, ні школы. Па тэлевізары — усяго адна праграма — ідэалягічна вычышчанае Ўсесаюзнае тэлебачаньне. Гэтыя галасы з-за мяжы, з такога недаступнага і прывабнага свабоднага сьвету, сапраўды, былі глытком свабоды, якая рабіла іншым наша ўспрыманьне навакольнага жыцьця.

Міне яшчэ паўтара дзесяцігодзьдзя — і я сам буду весьці размову са слухачамі Свабоды ў праграме «Паштовая скрынка 111». Такімі самымі, як гэтыя мае суседзі-аднавяскоўцы Болек Павайба, Янак Багдзевіч, Віця Багдзевіч і Раман Павайба. І ня раз, ведучы завочны дыялёг зь нябачнымі мне суразмоўцамі, буду ўяўляць перад сабой іх, сваіх сяброў маленства — зь іхнымі пытаньнямі, рэплікамі, інтанацыямі, якія, здаецца, чую і цяпер, у гэтую хвіліну. Хоць нікога з гэтых чатырох хлопцаў, побач зь якімі я на старым фатаздымку, больш няма на гэтым сьвеце.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG