Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў (3)


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У сеціве сустрэў рэакцыю на мае папярэднія тэксты, маўляў я «зноў абрынуўся на БНФ». У пару спытацца – на каторы зь іх?

Калі мы стваралі Беларускі Народны Фронт, гэта была самая шчасьлівая падзея ў найноўшай гісторыі. Настрой эўфарыі, адзінства дый шмат нас было, як ніколі. Нас натхняў прыклад Народнага Фронту Эстоніі. Здавалася, што Беларусь больш ніколі ня будзе ранейшай – залежнай і настолькі небеларускай, як БССР.

Але вось пытаньне – чаму ўсё пайшло ня так, як у Эстоніі, і чаму мы сёньня ня там, дзе Эстонія, і не такія, як Эстонія – зь яе найвышэйшым сярод былых савецкіх рэспублік узроўнем жыцьця і свабоды?

Можа быць таму, што там не дзялілі народ на сьвядомых і несьвядомых эстонцаў? І таму, што там Народны Фронт узначалілі дэмакраты? І таму, што яны адразу ўзялі курс на незалежнасьць – НАТО – Эўропу?

Зацьверджаньне беларускай мовы ў якасьці адзінай дзяржаўнай (26 студзеня 1990 году) стала найважнейшым знакам таго, што мы ў сваёй кандыцыі нічым не саступаем «гэтым нацыяналістам» эстонцам. Бо за мову галасавала большасьць Вярхоўнага Савету – на 80 адсоткаў камуністы, за мову выступілі савецкія генэралы, а таксама вядомы артыст Расьціслаў Янкоўскі з расейскага тэатру. Але якія яны былі «сьвядомыя», хутчэй наадварот. І калі ў Вярхоўным Савеце наступнага, 12 скліканьня на сцэну выйшаў тэатралізаваны радыкалізм, ён умомант разбурыў тое крохкае адзінства беларусаў, што ўзьнікла было вакол мовы. Паралель з Эстоніяй была зламаная.

З таго часу і павялося не параўноўваць Беларусь зь іншымі, «кандыцыйнымі» нацыямі. Раскол на сьвядомых і несьвядомых адкінуў нас у разрад неданацыі, якой «так далёка яшчэ да Беларусі». Адначасова паўстала «эліта» – менавіта паводле гэтай прыкметы – сьвядомых, гэта значыць, лепшых за іншых, мацёрых, лічы што «эстонцаў», якія ўзвышаліся над астатнімі беларусамі.

Спатрэбілася 25 гадоў, а можа і больш, каб мы зноў пачалі адчуваць сябе беларусамі – рознымі, але што з таго, што ўсе дрэвы ў дуброве таксама розныя, толькі хвоямі яны ад гэтага ня робяцца. І самой адзнакі такой – дуб, дубейшы за іншыя дубы – не існуе ў прыродзе.

Не было і эстонцаў, больш эстонскіх за іншых эстонцаў, а беларусы былі. Яны і называліся – сьвядомыя.

А цяпер скажыце – які народ пагодзіцца на гэткі падзел, што мы беларусы, але ёсьць больш беларускія беларусы? Ясна, што «больш беларускім» з боку «проста беларусаў» заўсёды будзе абструкцыя.

Лукашэнка калі не зразумеў, дык адчуў гэта, інакш ніколі б не дазволіў сабе прыніжальных выказваньняў пра мову і «сьвядомых». Выказваньні траплялі на ўдзячную публічную глебу. Мова, якая стала адзнакай сьвядомых, была выведзеная з грамадзкага ўжытку і сфэры адукацыі ня столькі Лукашэнкам, колькі «простымі беларусамі», якія адчувалі сатысфакцыю ад таго, каб паказаць «большым беларусам» кузькіну маць. Самі школы праводзілі дэбеларусізацыю. Ні пра якую электаральную падтрымку БНФ ужо не магло быць гаворкі.

Падзеньне БНФ як магутнага масавага руху спрыяла ўсталяваньню аўтарытарнай мадэлі ўлады, бо «несьвядомы» народ аўтаматычна пазбаўляўся суб’ектнасьці ў палітыцы, а «эліта» страціла суб’ектнасьць, замыкнуўшыся на сабе. Памятаеце тое прызнаньне першага прэзыдэнта ў адным зь першых інтэрвію на пасадзе? «Улада ў Беларусі валялася пад нагамі». Ён і падняў, бо моцна гэтага хацеў. І цяпер кожны эстонец скажа вам, хто такі Лукашэнка, але толькі адзінкі ў Беларусі згадаюць, хто там прэзыдэнт Эстоніі.

На заканчэньне скажу, што некалі й сам так думаў – вось мы, атрад сьвядомых беларусаў, адкрыты да ўсіх беларусаў, мы клічам іх да сябе, атрад расьце і ўрэшце ахопіць сабою ўвесь народ. Але ня бралася пад увагу адна істотная дэталь, безь якой мае мары ператварыліся ва ўтопію. Атрад мусіў базавацца на дэмакратычных падставах. Ні ў якім разе не на кансэрватыўных і радыкальных – тых, якія замест пашырэньня патрабавалі, наадварот, звужэньня элітнага атраду і няспыннай чысткі радоў. Што ўрэшце і здарылася. На тое, каб зразумець гэта, спатрэбілася шмат гадоў і паступовы сыход «сьвядомых беларусаў» – у іншы сьвет ці іншыя краіны ці на іншыя пазыцыі.

Сёньня паступова мяняецца стаўленьне людзей да мовы, якая ўсё ж такі належыць усім. Зьнікла самазваная «эліта больш беларускіх беларусаў», сьвядомых. Застаецца пытаньне: ці зможам мы зноў параўнаць сябе з эстонцамі, ці гэтая магчымасьць страчаная незваротна?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG