Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі экспэрт: Лукашэнка ляяльны, але не ручны


Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган у Стамбуле
Аляксандар Лукашэнка і Рэджэп Эрдаган у Стамбуле

Навошта Лукашэнка паехаў у Турэччыну? Што азначае заява міністра Макея наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны бяз Крыму? Наколькі афіцыйны Менск незалежны ад Масквы?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў Турэччыну, там ён узяў удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, таксама прайшлі перамовы кіраўніка Беларусі з прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Візыт адбыўся на фоне вельмі кепскіх адносінаў паміж Турэччынай і Расеяй. Словы, сказаныя прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным на яго прэсавай канфэрэнцыі наконт кіраўніцтва Турэччыны, мякка кажучы, ня сьведчаць аб затуханьні канфлікту. А найбліжэйшы саюзьнік Расеі едзе ў Стамбул.

Якія матывы? Банальна папрасіць грошай? Калі так, то чаму ў Турэччыны? Падражніць, ці кажучы на навамове сацыяльных сетак — патроліць Крэмль, паторгаць за хвост «расейскага мядзьведзя»? А навошта, з ўлікам залежнасьці ад Крамля і яго не зусім вэгетарыянскіх густаў? А можа Аляксандар Лукашэнка выступіў насамрэч нефармальным пасланцам Масквы, «голубам міра», прыміральнікам Масквы і Анкары?

Лукашэнка спрабуе рэалізаваць задачу «трох трацінаў» — траціна экспарту — ў Эўразійскі саюз, траціна — ў ЭЗ, траціна — ў краіны «далёкай дугі»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Было шмат кансьпіралягічных вэрсіяў наконт гэтага візыту на Басфор. Але ўсе яны няслушныя. Наконт гіпатэтычнай міратворчасьці — сапраўды, Менск пэўны час таму пасылаў такія выразныя сыгналы і Маскве, і Анкары, што, маўляў, як і ва ўкраінскім пытаньні, мы можам быць зручнай пляцоўкай для перамоваў. Але найперш з Масквы ніякага станоўчага водгуку Менск не атрымаў і спадзевы на гэтую місію заглухлі.

Што да грошай, то іх сапраўды хочацца, бо зараз у беларускіх фінансах — «голы васэр». Вы пытаецеся, чаму Турэччына? А менавіта таму, што яна ўвайшла ў клінч з Расеяй (ці наадварот), «бартанулі» многіх турэцкіх бізнэсоўцаў — гэта тычыцца турызму і будаўніцтва найперш.

Пра сустрэчу Лукашэнкі з Эрдаганам некаторыя СМІ шукалі розныя цікавосткі, напрыклад, што яхта, дзе адбывалася сустрэча, нібыта раней была бардэлем.

Ён ловіць эканамічны інтарэс Турэччыны ў сувязі са спыненьнем яе сувязяў з Расеяй.

Але падчас гэтай сустрэчы беларускі кіраўнік размаўляў пра вельмі канкрэтныя рэчы — пра павялічэньне колькасьці авіяпералётаў, пра праекты ў сфэры турызму, пра інвэстыцыі ў Беларусь. Ён ловіць эканамічны інтарэс Турэччыны ў сувязі са спыненьнем яе сувязяў з Расеяй.

Лукашэнка там правёў больш за 10 сустрэчаў на найвышэйшым узроўні — з прэзыдэнтамі, віцэ-прэзыдэнтамі і эмірам Катару.

Я прыйшоў да думкі, што найперш там абмяркоўваліся эканамічныя пытаньні. Лукашэнка спрабуе рэалізаваць задачу «трох трацінаў», якая фігуруе ў дырэктыве, якую ён падпісаў напачатку гэтага году. Паводле яе, да 2020 году траціна беларускага экспарту павінная прыпадаць на краіны Эўразійскага саюзу, траціна — на краіны ЭЗ, яшчэ траціна — на краіны «далёкай дугі». У ЭЗ траціна нашага экспарту і цяпер ідзе, так што размова ідзе пра тое, каб аслабіць залежнасьць ад Расеі і пераарыентаваць частку экспарту на «трэці сьвет».

Так што ніякага адмысловага тролінгу Крамля не было, хаця там, пэўна, паморшчыліся. Але Лукашэнка сабе адваяваў нейкую прастору манэўру. Нагадаю, што адразу пасьля пачатку канфлікту, калі туркі зьбілі расейскі Су-24, Лукашэнка прыняў у Менску найбліжэйшага саюзьніка Анкары прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Напрыканцы мінулага году ён перасекся недзе ў Ашхабадзе з Эрдаганам. І гэта цягнецца з 2014 году, калі Лукашэнка ахвотна кантактаваў з прадстаўнікамі «кіеўскай хунты», як называлі ўкраінскае кіраўніцтва ў Маскве. Для Масквы гэта зьява ня вельмі прыемная, але ўжо звыклая.

Калі ў Расеі ўзьнікне патрэба памірыцца з Турэччынай, зусім непатрэбны Аляксандар Рыгоравіч

Фёдар Лук'янаў
Фёдар Лук'янаў

Лукьянаў: Натуральна, што цяпер любая сувязь паміж краінамі, якія шчыльна ўзаемадзейнічаюць з Расеяй, і з турэцкім кіраўніцтвам, выклікае «рабізну на вадзе», асабліва ў СМІ.

Я згодны з тым, што казаў Аляксандар. Ні пра якія сакрэтныя місіі, ні пра якія пасярэдніцкія паслугі гаворкі быць ня можа. Расея, скажам шчыра, ня мае патрэбы ў такіх паслугах. Калі тут раптам будзе прынятае рашэньне, што з Турэччынай стасункі трэба выпраўляць, то для гэтага ёсьць шмат наўпроставых магчымасьцяў. Але такога рашэньня відавочна няма. Шмат хто лічыць, даводзілася гэта чуць ад дастаткова адказных людзей, што пакуль у Турэччыне кіруе Эрдаган, мы зь ім камунікаваць ня будзем. А гэта можа зацягнуцца надоўга. Але калі раптам узьнікне патрэба ў тым, каб гэтыя стасункі зьмяніць, зусім непатрэбны Аляксандар Рыгоравіч.

З другога боку, расейскае кіраўніцтва і грамадзтва ведаюць беларускага прэзыдэнта вельмі даўно. Тое, што ён усяляк падкрэсьлівае, што ён ляяльны, але не ручны. Заўсёды, калі зьяўляецца магчымасьць у межах прыстойнасьці, без прамога канфлікту з Масквой, паказаць, што зьнешняя палітыка Менску дыктуецца ўласнымі інтарэсамі, Лукашэнка гэта робіць. Гэта ня выклікае вялікай радасьці ў Маскве, да гэтага прызвычаіліся, і гэта ўспрымаецца амаль што як норма.

Гэта не канфлікт паміж кіраваным Расеяй блёкам і Турэччынай, а канфлікт паміж Расеяй і Турэччынай.

Калі казаць пра апошнія падзеі — і пра ўкраінскі крызіс, і пра апошні турэцкі інцыдэнт, які прывёў да разбурэньня адносінаў паміж Расеяй і Турэччынай, Расея ж не накідала сваім бліжэйшым саюзьнікам уласную лінію. Многія перасьцерагаліся — і ў Казахстане, і ў Кіргізстане, і ў Беларусі, што Масква пачне выкручваць рукі, рваць адносіны ці прынамсі ісьці на нейкія рэзкія крокі. Але ў Масквы дастаткова здаровага глузду, каб гэтага не рабіць. Бо гэта не канфлікт паміж кіраваным Расеяй блёкам і Турэччынай, а канфлікт паміж Расеяй і Турэччынай.

У нас шматузроўневыя адносіны і ў Эўразійскім саюзе, і ў АДКБ, і накідаць ніхто не зьбіраецца. Больш за тое, наколькі я разумею з выказваньняў міністра замежных справаў Расеі, наадварот падкрэсьліваецца, што ў адрозьненьні ад НАТО, дзе пануе «кіёвая» дысцыпліна і барані Бог ты вякнеш нешта супраць гегемона, ў нас як раз усё вельмі гнутка — ёсьць базавыя пытаньні, па якіх трэба паводзіць сябе скаардынавана, а так ва ўсіх свае мазгі.

Дракахруст: Варта прыгадаць яшчэ некалькі апошніх дыпляматычных і палітычных крокаў афіцыйнага Менску. Міністар замежных справаў Уладзімер Макей выказаўся за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны акрамя Крыму. Здаецца, так выразна пазыцыя артыкуляваная ўпершыню. Менск наведаў гендырэктар міжнароднага інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў. Расейскія СМІ і так шырока прадстаўленыя ў Беларусі, гледзячы па ўсім, у гутарках Кісялёва з менскімі суразмоўцамі размова ішла пра пашырэньне гэтай прысутнасьці.

З іншага боку, ў адказ на заяву МЗС Беларусі наконт абвастрэньня канфлікту ў Карабаху пасол Беларусі быў выкліканы ў МЗС Армэніі, дзе яму быў заяўлены пратэст з-за фармулёўкі пра тэрытарыяльную цэласнасьць. Першыя два крокі — як бы за Маскву, трэці разам з візытам у Стамбул — як бы супраць. А ёсьць у гэтым нейкая агульная лінія? Ці гэта, як у расейскай лічылцы — «К сердцу прижмет — к черту пошлет»?

Лукашэнка не губляе ніводнай магчымасьці прадэманстраваць Расеі ляяльнасьць, калі гэта не ўплывае на адносіны зь іншымі

Лук’янаў: Тое, што вы прыгадалі — «К сердцу прижмет — к черту пошлет» — гэта і ёсьць лінія. Гэта пэўны прынцып адносінаў. Аляксандар Лукашэнка не губляе ніводнай магчымасьці прадэманстраваць Расеі ляяльнасьць — заявіць нешта, што Расеі будзе прыемна, прыняць нейкага важнага расейскага прадстаўніка кшталту Дзьмітрыя Кісялёва. Асабліва калі гэтыя заявы ні да чаго не абавязваюць. Ну прынялі Кісялёва, ну будзе «Спутник» у Менску — і што ад гэтага зьменіцца? Нічога. Да таго ж сёньня ён ёсьць, а заўтра можна прыняць папраўку ў закон і высьветліцца, што яго наяўнасьць у Беларусі заканадаўству не адпавядае.

Ці заява Ўладзімера Макея пра Крым — а што ён сказаў? Што дэ-факта Крым расейскі, але гэта і раней гаварылася. Ён жа не сказаў, што Беларусь юрыдычна прызнае Крым часткай РФ.

Там, дзе размова ідзе аб кроках, якія могуць ускладніць стасункі зь іншымі, пачынаецца актыўнае лявіраваньне.

Паўсюль, дзе можна зрабіць заяву ці жэст, прыемныя Расеі, і які ня цягне за сабой сур’ёзныя выдаткі ў стасунках зь іншымі краінамі, Менск гэта робіць. Там, дзе размова ідзе аб кроках, якія могуць ускладніць стасункі зь іншымі, пачынаецца актыўнае лявіраваньне.

І наадварот — Захаду, Турэччыне — Менск увесь час сыгналізуе, маўляў, вы ж разумееце, ў якім мы становішчы, але мы гатовыя да гнуткасьці.

Гэта такія танцы. Пры гэтым, калі гаворка ідзе пра эканоміку, тады ідзе жорсткі гандаль, часам публічны, з прамымі «наездамі» з абодвух бакоў. Пры гэтым Беларусь не саромеецца адказваць ці атакаваць першай.

Менск выдатна разумее, хто зьяўляецца яго галоўным эканамічным патронам і што гэта не зьмяніць, але нават у гэтай сытуацыі аказваецца здольным пашыраць прастору магчымага ў гэтых адносінах.

Шматвэктарнасьць, якая была раней пустым лёзунгам, напаўняецца рэальным зьместам

Класкоўскі: За 22 гады кіраваньня Аляксандар Лукашэнка настолькі прызвычаіўся жыць у дыскамфортнай сытуацыі паміж молатам і кавадлам, што яна стала яго стыхіяй, ён у ёй пачуваецца, як рыба ў вадзе. Тое, што вы, Юры, пералічылі — гэта прыклады манэўраваньня афіцыйнага Менску. Што да Кісялёва, то гэта я не назваў бы крокам Менску, хутчэй мусілі яго прымаць, не абвяшчаць жа непажаданай пэрсонай. Падпісаная ж куча папераў пра супрацу ў інфармацыйнай сфэры. Думаю, што афіцыйны Менск ня надта рады такой маштабнай прысутнасьці расейскіх СМІ ў Беларусі.

Тон можа зьмяніцца, калі зьменіцца сытуацыя.

Дарэчы, дзеля справядлівасьці скажу, што на сёньня беларуская філія «Спутника» імкнецца працаваць акуратна, я ня ўбачыў там адыёзнай прапаганды. Але тон можа зьмяніцца, калі зьменіцца сытуацыя. Аднак і палітыка Менску можа зьмяніцца. Вось літаральна днямі сайт «Спутника» забаранілі ў Турэччыне, у Беларусі перакрываць кісларод таксама ўмеюць хутка.

Наконт заявы Макея — дык Лукашэнка казаў прыкладна тое самае, нават больш задзірыста, задаючы ўкраінцам пытаньне — а чаму ж вы не абаранялі Крым?

Што да заявы па карабаскім пытаньні, то яно настолькі балючае, што там што ні скажы, абавязкова нехта пакрыўдзіцца. Нейкі клерк у МЗС ня вельмі добра падумаў, наўрад ці за гэтым стаяў стратэгічны выбар афіцыйнага Менску.

Так што круцяцца, як вужы на патэльні, і даволі пісьменна. Пры гэтым я бачу даволі выразны трэнд, што шматвэктарнасьць, якая была раней пустым лёзунгам, напаўняецца рэальным зьместам.

Дракахруст: Шэраг расейскіх палітыкаў і аналітыкаў ужо даўно абураюцца крокамі Аляксандра Лукашэнкі кшталту візыту ў Стамбул, адмовы ад расейскай авіябазы і многім іншым, і заклікаюць «паставіць яго на месца». У сваю чаргу, нямала людзей у Беларусі, нават з тых, хто ня мае сымпатыяў ані да прэзыдэнта, ані да Масквы, зьдзіўляюцца, як магутная, грозная Масква гэта цярпіць і працягвае нават даваць грошы вось нядаўна 2 мільярды далі. А і сапраўды — як? І чаму? Справа ў палітычным майстэрстве Лукашэнкі, ў асобым статусе Беларусі, ў нечым іншым?

Часам беларуска-расейскія стасункі будуюцца паводле формулы «хвост круціць сабакам»

Класкоўскі: Ну, пакуль далі ня 2 мільярды, а толькі першы транш — 500 мільёнаў. А Маскве не такія ж дурні, каб усё адразу даваць, імкнуцца трымаць на кручку. Але і Лукашэнка за шмат гадоў навучыўся трымаць Маскву на кручку.

Пры ўсёй рознасьці вагавых катэгорыяў часам стасункі будуюцца паводле формулы «хвост круціць сабакам». І гэта было асабліва яскрава бачна ў сюжэце з разьмяшчэньнем расейскай ваеннай авіябазы. Здавалася ўсё, няма куды падзецца, летась у верасьні Пуцін падпісаў адпаведнае распараджэньне, расейскія генэралы рапартавалі, што ўжо ў студзені 2016 году на Бабруйскім аэрадроме будуць дзьве эскадрыльлі СУ-27. І раптам такі аблом.

Ня толькі ў тым рэч, што Лукашэнка ўпёрся рогам. Тым больш, што яго падставілі ў разгар перадвыбарчай кампаніі гэтым распараджэньнем Пуціна. Лукашэнку заставалася толькі дэманстраваць, што ён не марыянэтка, і адлуп ён даў тады вельмі жорсткі.

Масква адчула на сябе ўвесь цяжар заходніх санкцыяў і цяпер шукае, як захаваўшы твар, з Захадам замірыцца.

Але справа яшчэ і ў тым, што Масква адчула на сябе ўвесь цяжар заходніх санкцыяў і цяпер шукае, як захаваўшы твар, з Захадам замірыцца. А паколькі авіябаза ў Беларусі задумвалася, як кулак супраць Захаду, а цяпер вырашылі не махаць кулакамі, а мірыцца, то пытаньне базы страціла для Масквы ранейшую вастрыню. Хаця праз пэўны час пытаньне можа актуалізавацца і Масква можа Лукашэнку і даціснуць, асабліва з улікам эканамічнай сытуацыі ў Беларусі.

Крамлю недарэчы сварыцца з апошнім саюзьнікам і Лукашэнка гэтым карыстаецца.

І заходнія, і ўсходнія, і прарасейскія, і антырасейскія аб’яднаньні робяцца больш гнуткімі

Лукьянаў: Фэномэн інтэграцыі — гэта рост узаемазалежнасьці, калі нават краіна, якая саступае партнэрам па вазе і ўплыву, набывае, дзелячыся сваімі сувэрэннымі правамі, магчымасьць уплываць на свайго значна больш моцнага партнэра. Гэта цалкам нармальная зьява і мы гэта бачым у Эўразійскім саюзе.

Расейскія інтэграцыйныя праекты — Эўразійскі саюз, у меншай ступені АДКБ — гэта вуліцы з двухбаковым рухам.

Калі вялікая краіна ініцыюе такі праект, яна зацікаўленая ў тым, каб ён працягваўся, а партнэры меншага памеру не стваралі ўражаньня, што ўсё ў такім саюзе дасягаецца выключна выкручваньнем рук.

Я б не сказаў, што гэта «хвост круціць сабакам», гэта вынік гэтай узаемазалежнасьці, і Лукашэнка гэта зразумеў.

Ёсьць краіны, якія ня любяць уступаць ні ў якія адносіны з абавязкамі не ўступае. Кітай, напрыклад. Ды і Расея, па вялікім рахунку. Можна прыгадаць заяву Пуціна, зробленую два гады таму на пасяджэньні Рады бясьпекі — Дзякаваць Богу, мы не ўваходзім ні ў якім альянсы. У Расеі ёсьць такая псыхалёгія — мы не ўваходзім ні ў якія альянсы, бо ня хочам сябе нічым зьвязваць. Але гэтае жаданьне ня можа быць рэалізаванае ў сучасным сьвеце.

Цяпер мяняецца сам прынцып, самая сутнасьць міждзяржаўных саюзаў.

У той жа час ёсьць яшчэ адна тэндэнцыя, якую Лукашэнка можа і не разумее, але інтуітыўна адчувае. Цяпер мяняецца сам прынцып, самая сутнасьць міждзяржаўных саюзаў. Раней гэта было — як цьвікамі прыбілі і зараз мы саюзьнікі навек, але гэта паступова сыходзіць. І заходнія, і ўсходнія, і прарасейскія, і антырасейскія аб’яднаньні робяцца больш гнуткімі.

Вы спыталі, чаму Расея гэта цярпіць? Яна мае ў галаве пэўную мяжу, за якую нельга пераходзіць яе сумленным партнэрам. Базавая ляяльнасьць — не рабіць нешта абсалютна непрымальнае для Расеі. І гэтую катэгорыю Лукашэнка разумее вельмі добра.

Дракахруст: І дзе гэтая мяжа палягае?

Лукьянаў: Ну, скажам, выкручвацца, не дэкляраваць прызнаньня незалежнасьці Абхазіі ці статусу Крыму, ўхіліста рэагаваць — гэта калі ласка, мы разумеем вашу сытуацыю. Але калі б Казахстан, Беларусь ці Армэнія заявілі, што пры ўсёй павазе да Расеі гэтага мы прыняць ня можам, гэта парушэньне міжнароднага права — вось гэта ўжо пераход мяжы і там, я думаю, рэакцыя была б даволі жорсткай.

Мяркую, што Лукашэнка, дзякуючы ня столькі інтэлекту, колькі інтуіцыі, адчувае, наколькі далёка можна зайсьці і пакуль не заходзіць за гэтыя вешкі.

Дракахруст: Наколькі праўдападобнай уяўляецца вэрсія, што ўсе рухі цела афіцыйнага Менску ў бок Захаду і іншых геапалітычных апанэнтаў Расеі — гэта ўсё ўзгодненая з Расеяй ці нават прадыктаваная ёй тонкая гульня? Ну дасьць Беларусі нейкія грошы Захад ці Эрдаган — дык рускаму народу давядзецца менш адрываць ад сябе дзеля Беларусі. Да таго ж квазінэўтральны Лукашэнка можа адыграць ролю адпаведна квазіпасярэдніка, як на думку некаторых гэта было з Менскімі пагадненьнямі па Ўкраіне, а тое і ролю «траянскага каня» Расеі ў лягеры ворага.

Лукашэнка можа як заўгодна манэўраваць, дэманструючы незалежнасьць ад Расеі, але сваім на Захадзе ён ня будзе ніколі

Лукьянаў: Ведаеце, мне гэтая вэрсія вельмі падабаецца, бо зь яе вынікае, што ў Маскве сядзяць такія тытаны стратэгічнага мысьленьня і дыпляматычнай гульні, што я магу быць спакойны. Але, на жаль, гэтая вэрсія ніякага дачыненьня да рэальнасьці ня мае, бо няма ніякай такой спэцыяльнай гульні ў квазісаюзьніка, квазіпасрэдніка і «траянскага каня». Дзяржаўны апарат працуе значна прасьцей, значна больш лінейна і ня так вытанчана.

Улічваючы спэцыфіку палітычных сыстэмаў Расеі і Беларусі, шмат што залежыць ад асабістых адносінаў.

Улічваючы спэцыфіку палітычных сыстэмаў Расеі і Беларусі, шмат што залежыць ад асабістых адносінаў. Мы неаднаразова бачылі, як розныя праблемы — ад дробных да вельмі сур’ёзных — вырашаюцца пры асабістай сустрэчы двух прэзыдэнтаў. Ну а там размова ідзе больш пра інтуіцыю і валявыя якасьці, чым пра такія хітрыя вынаходніцтвы.

Так што гэтага нічога няма, ўсё значна прасьцей. Ёсьць разуменьне, што калі ўзьнікне сур’ёзны «бунт на караблі», то ў Расеі хапае інструмэнтаў узьдзеяньня. Таму «бунт» і ня ўзьнікне. Гэта па-першае. А, па-другое, ў Маскве разумеюць, што Аляксандар Рыгоравіч разумее, што ён можа як заўгодна манэўраваць, дэманструючы незалежнасьць ад Расеі і накіроўваючы сыгналы Захаду, але сваім на Захадзе ён ня будзе ніколі.

І калі нешта здарыцца, то трыбунал — не трыбунал, но раўнапраўным прэзыдэнтам ніхто ў Эўропе яго лічыць ня будзе. Ён гэта ведае, бо даўно ў палітыцы.

Лукашэнка не марыянэтка і за 22 гады ён гэта даказаў

Класкоўскі: Я таксама на ўсю гэтую кансьпіралёгію гляджу з ўсьмешкай. Яна сапраўды даволі папулярная сярод часткі беларускай апазыцыі, гэтаму дыскурсу ўжо больш за 20 гадоў. Пачалі з таго, што «Крэмль паставіў сваю марыянэтку на Беларусь». Але незразумела, чаму за 20 гадоў так і не атрымалася прыбраць Беларусь да рук.

Гэта што атрымліваецца — ён па ўзгадненьні з Крамлём тарпэдаваў пераход на агульную валюту, заваліў канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы ў маскоўскім варыянце? А Масква ў межах гэтай вэрсіі казала — Аляксандар Рыгоравіч, мы тут запусьцім «хросных бацек», будзем цябе па сьценцы размазваць, а ты патрывай, бо гэта такі спэктакль.

Гэтая вэрсія несур’ёзная. Лукашэнка сапраўды вельмі залежны ад Масквы — і мэнтальна, і па эканамічных прычынах. Але ён не марыянэтка і за 22 гады ён гэта даказаў.

Цяперашні «прарыў на Захад» выглядае даволі эфэктна.

Жыцьцё прымушае яго дзейнічаць больш рашуча і эфэктыўна. Цяперашні «прарыў на Захад» выглядае даволі эфэктна.

У Масквы занадта вялікія вялікадзяржаўныя фобіі, каб там дзеля нейкай гульні падштурхоўвалі Лукашэнку да збліжэньня з Захадам. І я згодны з Фёдарам — непадобна на тое, каб у Крамлі была нейкая шматслойная, дальнабойная стратэгія ў беларускім пытаньні. Я мяркую, што там дзейнічаюць гэтак жа сытуацыйна, як і Лукашэнка. Інакш Пуцін не падпісваў бы ў верасьні летась тое распараджэньне наконт авіябазы, бо відавочна, што на сёньняшні дзень у гэтым пытаньні Масква села ў галёш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG