Аднаго разу мне дахаты патэлефанаваў старшыня КДБ.
Было гэта напрыканцы 1994-га ці на пачатку 1995 году. Я тады працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам і часам рабіў рэпартажы для Свабоды. Якраз толькі што вярнуўся з працы — ужо позна, пасьля сёмай. Званок: «Зараз з вамі будзе размаўляць генэрал Ягораў»...
Аказалася, старшыня КДБ толькі што праслухаў па Свабодзе мой рэпартаж і заўважыў нейкую памылку, якая была для яго прынцыпова важнай. Ня памятаю дакладна, пра што ішла размова — хутчэй за ўсё, пра камэнтары да нейкага законапраекту, які датычыўся працы спэцслужбаў. Размова была спакойнай і дружалюбнай. Я паабяцаў праверыць сумнеўны факт і, калі недакладнасьць мела месца, выправіць. На гэтым і разьвіталіся.
Памятаю, што гаварыў са мной старшыня КДБ на беларускай мове.
Памылка і праўда была дапушчаная, і я яе выправіў.
...Згадаў я той даўні эпізод таму, што 4 кастрычніка генэрала Ягорава ня стала. Сёньня маладым карэспандэнтам Свабоды цяжка ўявіць, што падчас вечаровага эфіру ім раптам можа патэлефанаваць старшыня КДБ, каб выказацца наконт пачутага. Быў іншы час, іншы КДБ. І іншыя генэралы.