Расейская газэта «Коммерсантъ» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла пра пачатак маштабнай рэформы праваахоўных службаў у Расеі.
Да прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году плянуецца фактычна адрадзіць КДБ на савецкі ўзор.
Новая назва КДБ — Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ). Яно мае быць створаным на базе Фэдэральнай службы бясьпекі з далучэньнем да яе Фэдэральнай службы аховы (ад яе аддзеляць Службу бясьпекі прэзыдэнта) і Службы зьнешняй выведкі. МДБ атрымае паўнамоцтвы расьсьледаваць найбольш рэзанансныя справы, кантраляваць расьсьледаваньні іншых ведамстваў, у якіх за аснову ўзятыя матэрыялы МДБ.
Сьледчы камітэт мае вярнуцца пад начальства Генпракуратуры, функцыі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў маюць быць падзеленыя паміж Мінабароны і Міністэрствам унутраных справаў.
У межах рэформы мяркуецца зьмяніць кіраўніцтва згаданых ведамстваў.
Рэформы сілавых структураў ужо пачалі праводзіцца пасьля вяртаньня Ўладзіміра Пуціна ў прэзыдэнцкае крэсла: унутраныя войскі і шэраг органаў унутраных справаў аб’яднаныя ў Нацгвардыю, а Фэдэральная міграцыйная служба і Фэдэральная служба па кантролі за абаротам наркотыкаў ліквідаваныя зь перадачай функцыяў да МУС.
Галоўны рэдактар сайта Агентура.ру Андрэй Салдатаў распавядае расейскай службе Свабоды, што такі праект можа быць «жаданьнем прадэманстраваць тэндэнцыю ўзмацненьня спэцслужбаў першай асобе дзяржавы», бачыць у гэтым «крайне эмацыйны крок».
«З пункту гледжаньня павышэньня эфэктыўнасьці спэцслужбаў плян, які апублікаваны „Коммерсантом“, наогул ня мае сэнсу і ніяк гэтую эфэктыўнасьць не паляпшае, — кажа Салдатаў Свабодзе. — Зьліцьцё ведамстваў аўтаматычна не азначае ні паляпшэньня каардынацыі, ні павышэньня эфэктыўнасьці. Больш за тое, у некаторых выпадках гэта прама супярэчыць інтарэсам некаторых спэцслужбаў, якія могуць быць удзельнікамі гэтага працэсу».
Ён тлумачыць: зьліваць Службу зьнешняй выведкі і ФСБ бессэнсоўна, бо ў ФСБ ёсьць сваё выведнае падразьдзяленьне са сваімі мэтамі. Таксама ён ня бачыць сэнсу рабіць сьледчых ФСБ галоўнымі ў Расеі, бо тыя раўназначна кампэтэнтныя са сьледчымі МУС і СК. Аналітык уяўляе, што Пуцін «у даволі андропаўскай манэры» патрабуе падвышэньня дысцыпліны ад усіх падначаленых, а прапанаваная рэформа — магчымасьць удаваць гэта.
Да гэтага часу з усіх постсавецкіх дзяржаваў КДБ захавала ранейшую назву і функцыі толькі ў Беларусі.