ЗША не прызнаюць законнасьць выбараў у Дзярждуму Расеі на тэрыторыі Крыму

Перадвыбарчы мітынг «Адзінай Расеі» ў Сымфэропалі

Пра гэта заявіў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Джош Кербі:

«Наша пазыцыя абсалютна выразная: паўвостраў застаецца неадʼемнай часткай Украіны. Санкцыі ў дачыненьні да Расеі, уведзеныя з-за яе дзеяньняў у Крыме, застануцца ў сіле пакуль Масква ня верне кантроль над Крымам Украіне».

У ЗША таксама выказваюць занепакоенасьць сытуацыяй з крымскімі татарамі на паўвостраве і шматлікімі паведамленьнямі пра зьнікненьні людзей і парушэньні правоў чалавека ў Крыме.

Выбары ў Дзярждуму Расеі пройдуць 18 верасьня.

У 2014 годзе Расея анэксавала ўкраінскі Крым. Кіеў і Захад не прызнаюць гэтага і лічаць паўвостраў і ў далейшым ўкраінскай тэрыторыяй. Расея ж называе гэта аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма рускіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».