Пасьля 29 дзён у ШЫЗА палітвязьня Жамчужнага зьмясьцілі на месяц у «памяшканьне камэрнага тыпу»

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

У ПКТ асуджаныя могуць зьдзяйсьняць толькі штодзённы шпацыр па 30 хвілінаў, іх прыцягваюць да працы асобна ад іншых зьняволеных, кормяць па зьніжаных нормах.

Міхаіл Жамчужны пасьля пераводу ў калёнію ў Горках адбыў сумарна 29 сутак у штрафным ізалятары, а цяпер пакараны месяцам у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ), піша «Вясна» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Жамчужнага зьмясьцілі ў ПКТ за адмову пераходзіць у атрад асуджаных зь «нізкім статусам», тэрмін завершыцца 4 кастрычніка.

У ПКТ зьмяшчаюць за злосныя парушэньні ў калёніях, асуджаныя могуць мець толькі штодзённы шпацыр на 30 хвілінаў, атрымліваць адну бандэроль на 6 месяцаў, траціць на пакупкі ня больш за 1 базавую велічыню на месяц (23 рублі на момант публікацыі). Зьмешчаных у ПКТ прыцягваюць да працы асобна ад іншых зьняволеных, кормяць паводле зьніжаных нормаў.

Калі Жамчужны ўтрымліваўся ў ШЫЗА, ён прасіў нікога да яго не падсаджваць, каб пазьбегнуць правакацыяў. Просьбу выканалі. У ПКТ ён таксама ўтрымліваецца адзін.

Жамчужны адзначае, што па выхадзе з ШЫЗА атрымаў 20 лістоў, але іх перадалі без канвэртаў, таму ён ня можа напісаць у адказ, бо ня ведае адрасоў. Ён просіць тых, хто піша яму лісты, пазначаць зваротны адрас проста ў тэксьце, паколькі канвэрты зноў могуць не перадаць.

***

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

У ліпені 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў Жамчужнага вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прысудзілі да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязьнем.

Жамчужны ўтрымліваўся ў калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Мінскай вобласьці), затым у калёніі № 11 у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласьць). 10 ліпеня ён пераведзены ў Горкі.