Палітвязень Міхаіл Жамчужны з пачатку жніўня ўжо другі раз зьмешчаны ў ШЫЗА. Адміністрацыя Горацкай калёніі № 9 двойчы спрабавала перавесьці яго ў атрад, які сфармаваны з асуджаных зь «нізкім статусам», Жамчужны адмаўляецца.
Правакацыі супраць Жамчужнага пачаліся яшчэ ў Ваўкавыскай калёніі і працягваюцца ў Горацкай, куды яго ў тэрміновым парадку перавялі 10 ліпеня, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Правакацыі зьвязаныя з устанаўленьнем у асяродзьдзі зьняволеных нефармальных адносін, якія дазваляюць, пры патураньні адміністрацый папраўчых устаноў, ствараць умовы для жорсткага, зьневажальнага абыходжаньня з асобнымі асуджанымі.
3 жніўня Міхаіла Жамчужнага адміністрацыя калёніі спрабавала перавесьці ў атрад, які сфармаваны з асуджаных зь «нізкім статусам». Калі палітвязень адмовіўся, то яго пасадзілі на 5 сутак у ШЫЗА, склаўшы рапарт аб парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня.
8 жніўня, пасьля выхаду з ізалятара, яго зноў паспрабавалі адвесьці ў той жа атрад, аднак палітвязень зноў адмовіўся. 9 жніўня яго другі раз пасадзілі ў ШЫЗА — ужо на 10 сутак. Адміністрацыя калёніі расцэньвае адмовы зьняволенага як непадпарадкаваньне.
Праваабаронцы лічаць, што адміністрацыя калёніі чыніць ціск на Міхаіла Жамчужнага і арганізуе супроць яго правакацыі.
Форум «Свабоду палітвязьням» запатрабаваў вызваліць 8 чалавек. Хто яны
Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Жамчужны перадаваў зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі праваабарончай арганізацыі «Плятформа».
Жамчужны быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, а таксама ў даваньні хабару. Яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду, разгледзеўшы ў кастрычніку 2015 году касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакараньне — 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Адбываў пакараньне спачатку ў Навасадзкай калёніі, потым у Ваўкавыскай. 10 ліпеня палітзьняволенага перавялі ў Горкі.